Знайсці
04.01.2017 / 21:03РусŁacБел

ЕГУ падоўжыў тэрмін прыёму заявак на заняцце пасады рэктара да 17 студзеня

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ, Вільня) падоўжыў тэрмін прыёму заявак на заняцце пасады рэктара ўніверсітэта да 17 студзеня, паведаміў кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта. Паводле яго слоў, працяг тэрміну падачы заявак быў выкліканы адпаведнай просьбай з боку кансалтынгавага агенцтва Mercuri Urval, якое будзе праводзіць конкурс ад імя ЕГУ пад эгідай Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця.

«Калядны сезон — гэта перыяд даволі высокай занятасці як для пошуку кандыдатаў, так і для саміх патэнцыйных кандыдатаў на пасаду рэктара. Таму 20 снежня і было публічна абвешчана аб працягу тэрміну прыёму заявак. Члены акадэмічнай супольнасці ЕГУ былі апавешчаныя аб працягу тэрміну прыёму заявак падчас апошняга пасяджэння сената 22 снежня. Улічваючы, што Нараджэнне Хрыста многімі святкуецца як у снежні, так і ў студзені, 17 студзеня было абрана як тэрмін, які дазволіць універсітэту быць максімальна адкрытым да ўсіх магчымых кандыдатаў. Такім чынам, заяўкі прымаюцца да 17 студзеня 12.00 па цэнтральнаеўрапейскім часе», — сказаў Мілта.

Ён падкрэсліў, што працяг тэрміну прыёму не звязаны з адсутнасцю актыўнасці кандыдатаў. Суразмоўца адмовіўся паведаміць, ці ёсць сярод тых, хто падаў заяўку, грамадзяне Беларусі, бо «ўніверсітэт гарантуе канфідэнцыйнасць у адносінах да заявак, пададзеных кандыдатамі».

Цяпер, сказаў Мілта, фармуецца камітэт па адборы кандыдатаў. У прыватнасці, 22 снежня сенат універсітэта выбраў у камітэт трох чалавек, уключаючы члена студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ. Універсітэт разлічвае на прыняцце канчатковага рашэння агульным сходам сузаснавальнікаў аб прызначэнні рэктара да канца сакавіка, сказаў Мілта.

Як паведамлялася раней, ключавымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да кандыдата з`яўляецца наяўнасць доктарскай ступені (PhD), не менш чым 15-гадовы вопыт выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні, вопыт у галіне міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэтаў, а таксама мінімум пяцігадовы вопыт на старэйшай кіруючай пасадзе ў сферы вышэйшай адукацыі. Будучы рэктар павінен мець досвед працы са структурамі Еўрапейскага саюза, свабодна валодаць англійскай мовай.

Валоданне рускай і/або беларускай мовай улічваецца ў якасці станоўчага фактару.

Былы рэктар ЕГУ Дэвід Полік, які не валодаў ні рускай, ні беларускай мовамі, займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016 года.

Выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ ў кастрычніку 2016 года быў прызначаны датчанін Ёрген Ёргенсэн.

БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031