Знайсці
03.08.2017 / 10:443РусŁacБел

Былога начальніка Веткаўскага РАУС асудзілі за збіццё падлетка

Суд Чыгуначнага раёну Гомля вынес прысуд у дачыненьні былога начальніка Веткаўскага РАУС падпалкоўніка міліцыі Ўладзіслава Антоненкі. Паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу ён прызнаны вінаватым у хуліганстве і аштрафаваны за зьбіцьцё падлетка Вадзіма Шрэмава на 30 базавых велічыняў, што складае 690 рублёў.

Намесьнік пракурора папрасіў прызначыць былому начальніку РАУС пакараньне штрафам у 40 базавых велічыняў. Меркаваў, што трэба ўлічыць шчырае раскайваньне Антоненкі, ягоную нэгатыўную ацэнку свайго ўчынку, адсутнасьць засуднасьці і нават адміністрацыйнага пакараньня, а таксама наяўнасьць дваіх непаўналетніх дзяцей. Абцяжлівыя абставіны — нецьвярозы стан, але, як лічыць дзяржаўны абвінаваўца, ёсьць дараваньне пацярпелага і яго маці, «віна перад імі загладжаная».

Сам Уладзіслаў Антоненка заявіў, што яму няма чаго сказаць у сваю абарону. Ён яшчэ раз выбачыўся за хуліганства перад пацярпелым падлеткам і ягонай маці, а таксама перад УУС Гомельскага аблвыканкаму. На першым паседжаньні суду прызнаў, што «цалкам вінаваты, а ўчынак ганебны».

Інцыдэнт з удзелам начальніка міліцыі адбыўся сёлета 25 красавіка. Позна ўвечары нападпітку Ўладзіслаў Антоненка выгульваў сабаку-баксэра разам з супрацоўніцай міліцыі Галінай Кавалёвай. Сабака кінуўся пад ногі маладой пары. Мясцовы жыхар Уладзімер Сідараў зрабіў заўвагу, што сабака без намызьніка. П’яному начальніку міліцыі і ягонай спадарожніцы заўвага не спадабалася. Антоненка з кулакамі кінуўся разьбірацца з тым, хто насьмеліўся нешта пярэчыць яму, начальніку міліцыі. Пераблытаў, напаў на падлетка Вадзіма Шрэмава, які таксама ішоў па вуліцы зь дзяўчынай.

Момант хуліганства начальніка Веткаўскага РАУС зафіксавала камэра вонкавага назіраньня. Ніхто на яго не нападаў, не штурхаў, як спрабаваў тлумачыць у судзе сам Антоненка. Меў месца п’яны начальніцкі кураж.

Уладзіславу Антоненку няма яшчэ і 40. Скончыў Акадэмію МУС. Службу пачынаў у Гомельскім СІЗА, пасьля прасоўваўся па кар’ернай лесьвіцы ў Веткаўскім РАУС — ад афіцэра інспэкцыі ў справах непаўналетніх да начальніка аддзелу. Красавіцкае здарэньне з удзелам Антоненкі ў цэнтры Веткі расьсьледавалі супрацоўнікі УСК Гомельскай вобласьці. Падпалкоўніка міліцыі звольнілі са службы за парушэньне правілаў прафэсійнай этыкі.

Радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера