Знайсці
19.07.2017 / 12:5812РусŁacБел

Міністр замежных спраў Латвіі: У нас больш няма пытанняў да Беларусі па вучэннях «Захад-2017»

Беларусь і Латвія абменьваюцца інфармацыяй, у тым ліку на ўзроўні міністэрстваў абароны, каб знізіць магчымасць «усялякіх рызык і здарэнняў» падчас будучых беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2017». Пра гэта заявіў журналістам кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс пасля перамоваў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем у Мінску.

Фота Дар'і Буракінай

Рынкевічс нагадаў, што Латвія ўваходзіць у НАТО, а Беларусь — у АДКБ.

— Мы з павагай ставімся да выбару, які робяць нашы суседзі ў сферы бяспекі. Вы ведаеце, што ў краінах Балтыі дыслакаваныя дадатковыя кантынгенты НАТА. Гэтага б не здарылася, калі б не было падзей 2014 года ў Крыме.

Але Беларусь і Латвія абменьваюцца інфармацыяй, каб знізіць магчымасць «усялякіх рызык і здарэнняў», а паміж Мінабароны абедзвюх краін заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве.

- У нас няма больш пытанняў да Беларусі з нагоды «Захаду-2017». Міністр [Макей] мне вельмі падрабязна растлумачыў дзяржаўную пазіцыю.

Рынкевічс дадаў, што беларуска-еўрапейскія адносіны пачалі мець больш рацыянальны і канструктыўны характар, і многае, чаго чакалі абодва міністры пасля іх папярэдняй сустрэчы ў Мінску 2,5 гады таму, ажыццявілася.

— Гэта паказвае, што мы не толькі размаўляем, але і дасягаем канкрэтнага выніку.

Бакі абмеркавалі спрашчэнне візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС, латвійскі міністр падняў і пытанні правоў чалавека.

— Мы вельмі хацелі б бачыць, каб Беларусь увяла мараторый на смяротнае пакаранне і праходзіла рэгістрацыя палітычных партый. Мы казалі і пра свабоду прэсы. Мы разумеем, што ёсць пытанні, якія не могуць вырашацца так хутка. Але тое, як мы вырашаем гэтыя пытанні, дае мне падставу сказаць, што ёсць прагрэс і ён будзе працягвацца.

Макей таксама праінфармаваў Рынкевічса аб мерах па бяспецы будаўніцтва БелАЭС, і гэтая інфармацыя латвійскага міністра «абнадзеіла».

— Так што я бачу перспектыву [у адносінах], але не чакайце прарыву, - рэзюмаваў кіраўнік МЗС Латвіі.

Уладзімір Макей у сваю чаргу выказаў падзяку калегу за садзейнічанне Латвіі ў зняцці еўрапейскіх санкцый у мінулым годзе. Паводле слоў беларускага міністра, у дзвюх краін адсутнічаюць рознагалоссі па «пераважнай большасці пытанняў».

- Напярэдадні правядзення ў Беларусі і Латвіі чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе, неабходна ўжо цяпер пачынаць працу па стварэнні сумесных лагістычных прадуктаў і маршрутаў, удасканаленні аўтамабільнай інфраструктуры і прыдарожнага сэрвісу.

Перад падыходам да прэсы міністры ўрачыста пагасілі паштовыя маркі, прысвечаныя 25-годдзю дыпламатычных адносін дзвюх краін.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера