Першая сустрэча Пуціна і Трампа пачалася ў Гамбургу з абмену кампліментамі ФОТА
Пачалася першая сустрэча Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа. Перад яе пачаткам абодва абмяняліся кампліментамі. Трамп заявіў, што для яго знаходзіцца побач з Пуціным — вялікі гонар, а Пуцін — што ён вельмі рады гэтай сустрэчы і спадзяецца, што яна будзе плённай, перадае Deutsche Welle.
У сустрэчы з расійскага боку браў удзел кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў, з амерыканскага — дзяржсакратар Рэкс Тылерсан.
У залу перамоў было запрошана больш за 30 журналістаў. Зрабіўшы кароткія заявы, лідары далі зразумець, што адкрытая для прэсы частка сустрэчы завяршылася. Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп не сталі адказваць на пытанні прадстаўнікоў СМІ. Пасля таго, як журналісты сышлі, сустрэча працягнулася ў закрытым рэжыме.
У Гамбургу 7—8 ліпеня праходзіць саміт лідараў краін G20. Сустрэча лідараў вядучых краін свету прысвечана, у прыватнасці, праблемам барацьбы з тэрарызмам, абароне зямнога клімату, пытанням эканомікі і гандлю.