Знайсці
18.04.2017 / 17:052РусŁacБел

Пасіянарны мінскі гурт «Гарадскі вал» выдаў альбом «Чалавечынка»

Адразу трэба расчараваць прыхільнікаў Cannibal corpse: да брутал-дэз-блэк-трэш-металу дадзены запіс не мае дачынення.

«Чалавечынка — гэта свайго роду прыправа, спецыфічная соль, без якой чалавек — не чалавек, —

кажа Раман Абрамчук, чый голас гучыць у запісах «Гарадскога валу». — Вось, гэтым альбомам мы нагадваем пра яе. Песні з такой назвай у альбоме няма, але ідэя альбома — расказаць пра самае істотнае ў чалавеку, тое, што знаходзіцца па-за яго палітычнымі і грамадскімі поглядамі, па-за яго сытасцю, штодзённым разражненнем ці павярхоўнай задаволенасцю».

Альбом ёсць у вольным доступе ў інтэрнэце.

Музыка для шырокага ўжытку, якасныя тэксты (не толькі свае, але і паэтаў Антона Рудака, Наталлі Васілевіч, Змітра Захарэвіча), выразная канцэпцыя вылучаюць «Гарадскі вал».

«Песні, якія мы граем, маюць выразны ўрбаністычны, нават выразна мінскі характар, таму і паэзія Антона Рудака тут добра прыдалася.

Шмат прывязак да канкрэтных геаграфічных мясцінаў. Нам не трэба тлумачыць, адкуль мы, — гэта ўсё ў песнях».

На вокладцы «Чалавечынкі» — карціна Уладзіміра Кандрусевіча «Гравітацыя».

«Я ўбачыў яе на адной з мінскіх выставаў пару гадоў таму і адразу зразумеў, што яна мусіць быць на вокладцы будучага альбому. З ласкавай згоды аўтара так і сталася, — кажа Раман. — Цікава, што Уладзімір Кандрусевіч (мастак) - сын кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, які ў юнацтве быў знакамітым рок'н'рольшчыкам, арганізатарам мінскага біг-біт-фэсту. А карціна намалявана на кавалку іржавай бляхі, што ўмоўна адпавядае гучанню альбома».

Культурная сітуацыя, у якой беларускамоўнаму прадукту адведзена вузкае акрэсленае месца на тэле- і радыёканалах, змушае творцаў партызаніць у інтэрнэце. 

«Гарадскі вал» — гэта напаўміфічнае згуртаванне, якое мабілізуецца ў поўнай меры толькі дзеля запісаў ці значных выступаў, — кажа Раман. — Нейкая такая супольнасць музыкаў, якім цікава граць песні, якія я сачыняю. Не буду хаваць, што маё спеўна-музычнае захапленне пакуль значна больш спажывае грошай, чым прыносіць».

Раман працуе экскурсаводам — водзіць ахвотных па Мінску, але і Вільню можа паказаць. Іншыя музыкі «Гарадскога вала» - хто чым займаецца: «Бубнач Жэня Булдык, які прыдумаў назву для гурту, спецыяліст па замежнаэкамамічных сувязях і лагістыцы, басіст Саша Карабань — тэхнолаг у хімічнай прамысловасці, перкусіяніст Артур Лучкоў — сісадмін-прадпрымальнік, толькі Цімур Рэйзіс - прафесійны музыка-мультыінструменталіст».

Выклаўшы альбом у Сеціве, музыкі адначасова пачалі краўдфандынгавую кампанію на «Талацэ».

Досыць незвычайны ход: у большасці выпадкаў спачатку збіраюць грошы на запіс. А тут кожны, каго зачапіў альбом, можа пералічыць гурту грошы на новыя запісы, а таксама «каб фундатар альбома Раман Абрамчук зразумеў, што ўсё было недарэмна».

Жывая прэзентацыя «Чалавечынкі» пройдзе 11 мая ў клубе «Графіці» (зав. Калініна, 16).

Сяргей Мікулевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера