«Хоць пажар, а хатняе павінна быць зроблена»: хлопчык рабіў заданне па беларускай мове ў самалёце
Карыстальнікі тыктока ў замілаванні: блогер выклаў відэа, як яго маленькі сусед у самалёце рабіў хатняе заданне. На століку перад школьнікам ляжаў падручнік беларускай мовы.
Скрыншот відэа ў тыктоку
Ролік апублікаваў блогер, падпісаны ў тыктоку як zara_pro_minsk. Ён удакладніў, што зняў відэа на рэйсе, які ляцеў з Егіпта ў Мінск: «Бедны хлопчык. Урокі перш за ўсё. На вышыні 10 тысяч метраў. Беларускую мову трэба здаць да панядзелка».
Відэа набрала 246 тысяч праглядаў і больш за 9500 каментарыяў. Тых, хто пашкадаваў школьніка, была меншасць. Каментарыі кшталту «Ніколі б так не сапсавала адпачынак дзіцяці» адзінкавыя.
Астатнія замілоўваюцца хлопчыкам і лічаць, што бацькі зрабілі слушна, калі ўзялі ў адпачынак падручнікі: «Нармальнае дзіця з нармальным падыходам да жыцця, цяпер без адукацыі нікуды. Лепш адпачываць на моры, чым сядзець на ўроках, пры гэтым веды будуць», «Калі б не вучыўся, у Егіпет паехалі б рэпетытары».
Асабліва парадаваліся настаўнікі: «Вось ёсць адказныя бацькі. А то некаторыя адзін дзень у школе не былі і ўжо «я не ведаў, што задалі». Я кажу, ты што без інтэрнэту быў, на хутары, на востраве?».
Школьнікі ж зразумелі «калегу»: «У нас такая ж самая настаўніца па беларускай: хоць пажар, а хатняе павінна быць зроблена».
Хтосьці слушна заўважыў, што за тыя 9 гадзін, якія самалёт ляціць з Егіпта ў Мінск, нават гуляць у тэлефоне надакучыць. А так і час пройдзе, і карысць будзе.
Чытайце таксама:
У Брэсце для школьнікаў зладзілі тэлемост з непрызнаным Прыднястроўем
«Патрэбен асобны раздзел». У новым школьным падручніку гісторыі раскажуць пра падзеі 2020 года
Школьнікаў з Барысава звазілі на экскурсію на Акрэсціна. І гэта не жарт