Знайсці
29.04.2024 / 19:33РусŁacБел

Што чысціць вушы лепш за вушныя палачкі?

Чым могуць быць шкодныя ватныя палачкі і якія ёсць ім бяспечныя і эфектыўныя альтэрнатывы? Сабралі парады спецыялістаў.

Супрацоўнік Службы нацыянальных паркаў чысціць вуха статуі Лінкальна. Фота: Bettmann / Getty Images

Першае, што трэба разумець, калі вас турбуе праблема наяўнасці серы ў вушах, — гэтае рэчыва не вораг, якога трэба ліквідаваць.

Вушная сера складаецца з бялкоў, тлушчаў, свабодных тлустых кіслот, мінеральных соляў. Яна служыць для ачысткі і змазкі слыхавых каналаў, а таксама абараняе ўнутранае вуха ад бактэрый, грыбкоў і насякомых.

Вушная сера таксама рэгулюе вільготнасць унутры вуха і дапамагае выдаляць змярцвелыя клеткі скуры, якія назапашваюцца ва ўнутраным вуху. У вонкавым вуху каля 2000 серных залоз, якія выпрацоўваюць 12-20 мг вушной серы ў месяц.

Слыхавы праход павінен мець дастатковую колькасць вушной серы. Звычайна яе лішкі перамяшчаюцца вонкі з глыбіні вушнога каналу пры жаванні і размове. Такім чынам слыхавы праход самаачышчаецца ад лішку вушной серы.

У норме ніякіх дапаможных дзеянняў для выдалення серы, так званай чысткі слыхавых праходаў, не патрабуецца.

Фота: Getty Images

Чым небяспечныя ватныя палачкі

Спецыялісты звяртаюць увагу, што выкарыстоўваючы ватныя палачкі для выдалення вушной серы мы рызыкуем выклікаць раздражненне скуры ўнутранага вуха. Валокны ватных тампонаў, якія на першы погляд падаюцца «мяккімі і пушыстымі» на самой справе вельмі абразіўныя. Пасля іх інтэнсіўнага выкарыстанне скура можа быць пашкоджаная, што прывядзе да больш інтэнсіўнага выпрацоўвання серы з мэтай абароны раздражнення.

Другая акалічнасць, пра якую трэба ведаць, — ватныя тампоны могуць прапхнуць вушную серу глыбей у вушны канал. Гэта прывядзе да яе назапашвання і ў выніку выкліча сверб, боль, пачуццё закладзенасці ці галавакружэння. Пры пагаршэнні сітуацыі можна часткова страціць вастрыню слыху.

Таму спецыялісты раяць пры наяўнасці такіх сімптомаў не імкнуцца самому чысціць вушы, а звярнуцца да спецыяліста.

Альтэрнатывы вушным палачкам

У аптэках можна ўбачыць вушныя свечкі, якія ўяўляюць сабой полую трубку з тканіны, насычаную пчаліным воскам. Адпаведна інструкцыі яе ўстаўляюць у слыхавы праход і падпальваюць. Сцвярджаецца, што пад час гарэння ўнутры вушной трубкі паніжаецца ціск паветра, што спрыяе выхаду вушной серы вонкі.

Але спецыялісты не раяць выкарыстоўваць гэты спосаб. Ніякага перападу ціску падчас гарэння не адбываецца, а расплаўлены воск можа трапіць у слыхавы праход, што павялічвае рызыку парушэння слыху.

Адным з распаўсюджаных спосабаў выдалення вушной серы з'яўляецца выкарыстанне перакісу вадароду. Але спецыялісты рэкамендуюць і ім не злоўжываць. Перакіс можа справакаваць раздражненне ўнутранага вуха, а таксама прывесці да такіх непажаданых эфектаў, як запаленне ўнутранага вуха і боль у вушах.

Ні ў якім разе нельга выкарыстоўваць вязальныя пруткі ці кручкі, канцылярскія сашчэпкі, шпількі. Любыя прадметы, якія па сваім памеры могуць змясціцца ў слыхавым праходзе і быць выкарыстаныя замест свайго прамога прызначэння для чысткі вуха, прынясуць толькі шкоду, бо могуць траўмаваць вуха ці занесці інфекцыю.

Эксперты сцвярджаюць, што найлепшы спосаб захаваць вушы здаровымі і чыстымі — не чапаць вушную серу. Але калі вы не можаце стрымацца перад жаданнем у іх пакалупацца (што апраўдана, бо вуха пакрытае нервовымі канчаткамі, якія пры стымуляцыі могуць выклікаць прыемныя пачуцці), то эксперты маюць некалькі парадаў.

У большасці выпадкаў, адзначаюць спецыялісты, арганізм сам выпіхвае рэшткі серы, якая назапашваецца, вонкі. Таму для таго, каб яе прыбраць, дастаткова прамыць вушную ракавіну мыльным растворам з дапамогай звычайнай мачалкі, якой мыюцца іншыя часткі цела. Але мыць трэба толькі знешнюю частку, не імкнучыся дабрацца глыбей.

Эксперты таксама звяртаюць увагу на выкарыстанне кропляў для вушэй. Яны больш падыходзяць тым людзям, у каго вушная сера ад прыроды больш сухая. Кроплі яе зробяць больш мяккай і палегчаць ачыстку.

Калі ж вы па нейкіх прычынах лічыце, што ватныя палачкі самы эфектыўны спосаб ачысткі вушэй, то карыстайцеся імі асцярожна. Галоўнае — не імкніцеся іх прасунуць глыбока ў вуха. Дастаткова будзе сабраць серу вакол вушной адтуліны.

Калі ж вушы баляць, свярбяць ці падаюцца закладзенымі, то спецыялісты раяць звярнуцца да доктара, які можа дыягнаставаць прычыну і правесці неабходныя працэдуры.

Чытайце таксама:

Затычкі ў вушы і свісток фігуруюць у якасці доказу ўдзелу жанчыны ў дэманстрацыі

Лукашэнка сёння пажартаваў пра вушы

Вось што важна для захавання здароўя вашых зубоў

Як часта трэба мыць галаву і як правільна сушыць?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
35
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
15
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031