Знайсці
05.12.2023 / 12:36РусŁacБел

Ад 1000 даляраў за «квадрат». Колькі каштуюць кватэры ў новых ЖК Мінска

Паглядзелі, па якіх цэнах прадаюць жыллё забудоўшчыкі ў новых сталічных жыллёвых комплексах. У многіх дамы яшчэ не здадзены. Ёсць і люксавыя варыянты.

Левада

У ЖК «Левада» прадаюцца кватэры як у незавершаных, так і ва ўжо пабудаваных дамах. У першым выпадку кошт «квадрата» вагаецца ў межах 1380-1700 даляраў. Але ёсць і больш дарагія варыянты.

ЖК «Левада». Фота: скрыншот з сайта levada-b-h.by

Так, напрыклад, у доме, які стаіць у першай лініі ўздоўж Свіслачы, у продажы засталіся толькі трохпакаёўкі плошчай 80-88 м² па $2600 за «квадрат», а таксама чатырохпакаёвыя плошчай ад 99 да 141 м² (там цана складае ад 2600 да 2800 даляраў за метр).

Маэстра

Жыллёвы комплекс месціцца па адрасе вул. Няміга, 46. У крокавай дасяжнасці знаходзіцца станцыя метро Плошча Багушэвіча. Здача аб'екта запланавана на першы квартал 2024 года. 

Візуалізацыя ЖК «Маэстро». Фота: realt.by

Гэты ЖК заняў першае месца на фестывалі Беларускага саюза архітэктараў у намінацыі «Жылыя шматпавярховыя дамы».

У 20-павярховіках прадаюць кватэры агульнай плошчай ад 50 да 250 м². 

Самая танная з кватэр — аднапакаёўка плошчай 50 «квадратаў». Каштуе яна 116 тысяч даляраў, што каля $2300 за метр. А вось за чатырохпакаёвую кватэру на 18-м паверсе з агульнай плошчай 250 м² давядзецца выкласці $877 310 (ці па $3500 за «квадрат»).

Парк Чалюскінцаў

Амаль тры сотні кватэр застаюцца ў продажы ў ЖК «Парк Чалюскінцаў». У залежнасці ад плошчы, кошт «квадрата» вагаецца ад 1425 да 1600 еўра (на сайце прадаўца цэны пазначаны ў гэтай валюце). 

Від на ЖК «Парк Чалюскінцаў». Фота: скрыншот з сайта bir.by

Самая маленькая кватэра — аднапакаёўка на 38 м² за 60 тысяч еўра. Трохпакаёўкі плошчай 78 м² прадаюцца за 111 тысяч еўра.

Квартал на Грушаўцы

Жылы комплекс складаецца з шасці шматпавярховых дамоў і двух надземных паркінгаў на 600 машына-месцаў. Месціцца ён у 100 метрах ад станцыі метро «Грушаўка». Адзін з шасці дамоў ужо ўведзены ў эксплуатацыю.

Візуалізацыя ЖК «Квартал на Грушаўцы». Фота: prometr.by

Кошт «метраў» вагаецца ў межах 1200-1480 даляраў. Цэны на двухпакаёўкі пачынаюцца з $59 500 за 49 м². Танней толькі аднапакаёвыя кватэры плошчай 46 «квадратаў», яны прадаюцца па $55 600 ці па $1200 за метр. 

Утульны

У ЖК «Утульны» прадаецца 84 кватэры. Квартал месціцца ў межах вуліц Падлеснай — Парніковай — Дачнага праезду.

Больш за палова кватэр у продажы (44 штукі) — гэта двухпакаёўкі. Самая танная з іх — агульнай плошчай 69 м², яна каштуе 243 355 рублёў (каля $78 000), гэта па 3500 рублёў (каля $1120) за «квадрат». 

Візуалізацыя ЖК «Утульны». Фота: uyutnyi.by

Самая дарагая кватэра ва «Утульным» — чатырохпакаёўка плошчай 135 м². Яна каштуе 607 тысяч рублёў (каля $194 000), ці па 4500 рублёў (каля $1440) за «квадрат».

Вяршыня

У мікрараёне Сухарава ўзводзяць ЖК «Вяршыня». Продажы стартавалі напрыканцы мінулага месяца, цана «квадрата» пачыналася з 1100 даляраў.

Так выглядаў працэс будаўніцтва ЖК «Вяршыня» ў канцы лістапада 2023 года. Фота: realt.by

Жылы комплекс будзе складацца з 8 дамоў вышынёй ад 12 да 22 паверхаў. Першая чарга налічвае тры дамы. Здача першых дамоў запланавана на другі квартал 2024 года. 

Гранд Авеню

Жылы комплекс «Гранд Авеню» складаецца з чатырох 20-павярховых дамоў. Увод у эксплуатацыю першай «свечкі» запланаваны на першы квартал 2024 года. 

Будаўніцтва ЖК «Гранд Авеню». Фота: скрыншот з сайта grandavenue.by

Квартал з'явіцца на скрыжаванні праспекта Дзяржынскага і вуліцы Шчорса. У шматпавярховіках будуць кватэры плошчай ад 40 м² (аднапакаёўкі) да 140 м² (двухузроўневыя). Плошча двухпакаёвак вагаецца ад 55 да 70 м², трохпакаёвак — ад 80 да 98 м².

Цэны на «метр» у «Гранд Авеню» пачынаюцца з 3410 рублёў (каля $1090) і даходзяць да 4692 рублёў (каля $1500).

Гармонія

ЖК «Гармонія» — квартал на рагу вуліц Розы Люксембург і праспекта Жукава. Жылы комплекс складаецца з 9-павярховага 5-секцыйнага дома на 270 кватэр і асобнага паркінга на 300 машынамесцаў. Кошт «квадрата» пачынаецца з 1050 даляраў (такія расцэнкі ў трох– і чатырохпакаёўках). Метр у двухпакаёўках каштуе 1300 даляраў. Па 1000 даляраў за м² прадаюць трохпакаёвыя кватэры на першым паверсе.

Будаўніцтва ЖК «Гармонія». Фота: тэлеграм-канал «Литовская о жилье»

Першыя дзве секцыі ўжо ўведзены ў эксплуатацыю. Увод апошняй, пятай, секцыі запланаваны на чацвёрты квартал 2024 года.

Мінскі квартал

Кватэры ў ЖК «Мінскі квартал», які яшчэ будуецца, прадаюць па цэнах ад 1220 даляраў — гэта калі трохпакаёўка. «Квадрат» у двухпакаёўках каштуе $1350. Забудоўшчык прапаноўвае двухпакаёвыя кватэры плошчай 43 м² па 1350 даляраў за метр.

Будаўніцтва дома ў ЖК «Мінскі квартал», 4 снежня 2023 года. Фота: airon.by

Метр у аднапакаёўках традыцыйна сама дарагі — 1620 даляраў. Таму кватэра плошчай 27 м² абыдзецца ў 44 тысячы даляраў. Трохпакаёўка на 72 м² у «Мінскім квартале» каштуе каля 88 тысяч даляраў.

Дэпо

Непадалёк ад плошчы Перамогі працягваецца будаўніцтва элітнага ЖК DEPO. Кватэры прадаюцца як у гатовых дамах, так і тых, што яшчэ будуюцца.

«Квадрат» у гатовых кватэрах каштуе ад $3600 да $4160. У дамах, якія толькі ўзводзяцца, кватэру можна набыць па цэнах ад $2750 да $3350 за м².

Від на ЖК «Дэпо». Фота: kvartaldepo.by

Самая танная кватэра ў ЖК «Дэпо» — двухпакаёўка на 50,5 м². Прадаюць яе ў доме, які яшчэ дабудоўваюць. Кошт — 164 тысячы даляраў. Самая дарагая кватэра — гатовая пяціпакаёўка плошчай 222 м² за $1 222 700.

*Пазначаныя цэны ад забудоўшчыкаў актуальныя пры аплаце 100% кошту жытла.

Чытайце таксама: 

Кватэры на вуліцы Карла Маркса ў Мінску. Ад савецкасці да рамонту ў сучасным стылі

«Тут няма людскіх крам». Як жывецца на паўвостраве ля Свіслачы ў цэнтры Мінска

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера