Знайсці
07.09.2023 / 07:561РусŁacБел

Хітры злодзей спусташаў гадавальнік у Аўстраліі і ўдала хаваўся. Але аднойчы заснуў на месцы злачынства

Некалькі тыдняў уладальнік гадавальніка раслін у Новым Паўднёвым Уэльсе ламаў сабе галаву над тым, як ідэнтыфікаваць няўлоўнага злодзея, які рэгулярна пажыраў яго саджанцы.

Нахабнага Клода ўдалося злавіць толькі тады, калі ён аб'еўся і страціў пільнасць. Фота: Humphrey Herington

У Аўстраліі з доказамі злачынства злавілі злодзея, адказнага за знішчэнне маладых дрэў коштам тысячы даляраў. Ім аказалася каала, піша Бі-бі-сі.

Некалькі тыдняў уладальнік гадавальніка раслін у Новым Паўднёвым Уэльсе ламаў сабе галаву над тым, як ідэнтыфікаваць няўлоўнага злодзея, які рэгулярна пажырае яго саджанцы.

Спачатку Хамфры Херынгтан думаў, што гэта козы, якія ўцяклі ў якога-небудзь фермера. Ці, магчыма, надакучлівы апосум.

Але аднойчы раніцай Херынгтан прыйшоў на працу і са здзіўленнем выявіў там соннага і ашалелага самца каалы сярод абадраных маладых эўкаліптаў. У папярэднюю ноч той так аб'еўся, што не мог рухацца і вырашыў заначаваць на месцы злачынства.

«Мяркуючы з яго вонкавага выгляду, ён вельмі добра паеў. Ён выглядаў вельмі задаволеным сабой», — сказаў Херынгтан у інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Цяпер супрацоўнікі гадавальніка будуюць вакол сваёй расады плот, непрыступны для каалаў. У прыватнасці, для аднаго канкрэтнага сумчатага, якога празвалі Клод, чые начныя прыгоды абышліся кампаніі ў 6000 аўстралійскіх даляраў (3800 даляраў ЗША).

Па іроніі лёсу, расліны, якія з'еў Клод, вырошчваліся для пашырэння зоны пражывання каалы ў рэгіёне — гэты від сумчатых знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

Загадкавае здарэнне ў гадавальніку

Ва ўсходнім лясным гадавальніку, размешчаным недалёка ад горада Лісмар на поўначы Новага Паўднёвага Уэльса, упершыню заўважылі, што хтосьці рэгулярна аб'ядае расліны, некалькі месяцаў таму.

«Ніякіх асаблівых доказаў не было — не было слядоў ці чагосьці яшчэ, што магло б дапамагчы зразумець, хто гэта, — сказаў Херынгтан. — Гэта была загадка».

Супрацоўнікі гадавальніка ставілі пастку для апосумаў (безвынікова) і нават даследавалі памёт жывёл на прадмет доказаў.

Але злавіць парушальніка ўдалося толькі тады, калі над ім узяла верх прагнасць.

«Аднойчы мы прыйшлі на працу, а ён сядзеў на дрэве. У тую раніцу прапала шмат раслін»», — успамінае ўладальнік гадавальніка.

Калі Клод быў выкрыты, Херынгтан асцярожна загарнуў яго ў ручнік і аднёс у гай, які знаходзіцца прыкладна за 300 метраў ад гадавальніка.

«Але праз пару дзён ён вярнуўся і працягнуў свае начныя візіты», — сказаў ён.

Але Херынгтан кажа, што гэта яго не раззлавала, а хутчэй пацешыла. Звычайна каалы не адрозніваюцца ні спрытам, ні вынаходлівасцю.

«Я проста не мог паверыць, што гэта была каала, — распавядае ён. — Я быў шакаваны, але таксама … у сваім родзе ўражаны».

Пры гэтым інцыдэнт з Клодам выклікае ў спецыяліста некаторы непакой.

«Я тут ужо 20 з лішнім гадоў, і такога раней не здаралася, — адзначае Херынгтан. — Гэта праз недахоп ежы?»

З-за рэзкага скарачэння колькасці каал у 2022 годзе яны былі ўнесены ў спіс жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, на большай частцы ўсходняга ўзбярэжжа Аўстраліі.

Некалі шырока распаўсюджаны від сумчатых сур'ёзна пацярпеў ад высечкі зямель, лясных пажараў, засухі, хвароб і іншых пагроз.

У 2021 годзе расследаванне, праведзенае ў Новым Паўднёвым Уэльсе, паказала, што калі не будуць прынятыя тэрміновыя меры, каалы там вымруць да 2050 года. Паводле ацэнак некаторых прыродаахоўных груп, у дзікай прыродзе цяпер можа заставацца ўсяго каля 50 тыс. жывёл.

Чытайце таксама:

Каалы ў Аўстраліі аказаліся на мяжы знікнення. Вінаватыя пажары і высяканне лясоў

У аўстралійскім заапарку нарадзілася рэдкая белая каала ФОТАФАКТ

У Аўстраліі жанчына доўгі час скардзілася на дэпрэсію і праблемы з памяццю. У яе мозгу знайшлі жывога чарвяка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
10
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
0
07.09.2023
Smiech biare. :)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера