Знайсці
18.06.2023 / 10:4334РусŁacБел

Алексіевіч пра затрыманага тры гады таму Бабарыку: У яго была нейкая нават наіўная вера ў тое, што мы можам нешта памяняць

Тры гады таму, 18 чэрвеня 2020 года, быў затрыманы Віктар Бабарыка разам з сынам Эдуардам. За месяц да таго старшыня Белгазпрамбанка абвясціў, што ідзе на прэзідэнцкія выбары, і з яго кандыдатурай многія пабачылі надзею на перамены.

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч гэтыя надзеі бачыла і чула падчас шматлікіх сустрэч і размоў з людзьмі на перадвыбарчых пікетах на Камароўцы, як піша «Радыё Свабода».

— Для іх гэта быў зусім новы чалавек, не звязаны з палітыкай. Палітыкі нашы, апазіцыйныя ў тым ліку, у той час ужо не мелі такога моцнага аўтарытэту, а тут раптам прыйшлі новыя людзі, і грамадства адклікнулася на іх. Я ведала Віктара, мы нават крыху пасябравалі. Ён некалькі разоў прыходзіў да мяне, памятаю нашы вельмі сяброўскія размовы пра ўсё. Было бачна, што пасля страты жонкі ён шукаў нейкі сэнс жыцця. Ён казаў: «Усё, што я ёсць, зрабіла мая жонка з мяне, і я б хацеў нешта дзеля яе памяці зрабіць, не здрадзіць ні ёй, ні сабе». Такое не часта пачуеш ад нашых мужчын, увогуле ад мужчын.

Святлана Алексіевіч падкрэслівае, што гэта была ініцыятыва Віктара Бабарыкі, каб Белгазпрамбанк вылучыў грошы на пераклад на беларускую мову і выданне яе пяці кніг.

— Кнігі былі ўжо надрукаваныя, і Віктар хацеў перадаць іх у розныя бібліятэкі краіны. У Гродзенскай і Гомельскай абласцях сказалі, што ў іх кніг Алексіевіч дастаткова. Потым высветлілася, што там і дзясятка кніг не набярэцца. Мяне ўражвала, што ў яго была нейкая нават наіўная вера ў тое, што мы можам нешта памяняць.

Нобелеўская лаўрэатка добра памятае адказ Віктара Бабарыкі на пытанне журналісткі, пра што б ён запытаў Лукашэнку, калі б яны сустрэліся.

— «Я б яго запытаў, ці любіў ты каго-небудзь», — адказаў Віктар Бабарыка. У яго былі гуманітарныя ўяўленні пра жыццё. Будучы чалавекам банкаўскай сістэмы, у той жа час ён быў шырока гуманітарным чалавекам. Гэтае пытанне і адказ сведчаць і пра таго, хто пытаецца, і пра таго, хто адказвае. Каб зрабіць з нашым грамадствам тое, што было зробленае пасля 2020 года, трэба не любіць яго, трэба быць вельмі несучасным чалавекам. Нехта сказаў, што гэта вайна старых. Мы аказаліся ў палоне людзей старых уяўленняў, старога светапогляду. Адрозна ад Віктара Бабарыкі. Дагэтуль многія людзі звязваюць з ім надзеі. Думаю, праз гэта ўлады спрабуюць яго нейтралізаваць любым спосабам. Мы дагэтуль не ведаем, дзе ён і што з ім, але ўсе памятаюць пра яго.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
30
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
4
19.06.2023
Казік, мабілізавалі і кінулі як кацят пад цягнік. Дапамаглі расеі даціснуць луку. У чым пазітыў?
0
Пожалуй/адказаць/
19.06.2023
Ой, как хочется присоединиться к вашей уверенности, что Бабарико жив. Но что-то не очень получается.
0
Казік/адказаць/
19.06.2023
Кот, хто кінуў? Які цягнік? Яны ж за "мірныя перамены і прававое поле" і наогул нават баяліся заклікаць да вулічнага варыянту. Усё ў вас у галаве перамяшалася, ці ўжо не памятаеце? Народ пайшоў на вуліцу не па іх закліку. А расеяй палохаюць лукашысты - бо ніхто як яны прывялі сюды расею
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031