Знайсці
03.11.2020 / 10:53РусŁacБел

«Лічылі за аўтарытэта». Адзін з лідараў магілёўскіх пратэстаў Валадар Цурпанаў распавёў пра дні ў няволі

3 лістапада ўначы пасьля чарговых «сутак» выпусьцілі з ізалятара праваабаронцу і аднаго зь лідэраў пратэставага руху ў Магілёве Валадара Цурпанава. За кратамі ён гэтым разам правёў 21 дзень. Агулам жа ў няволі пасьля выбараў ён адбыў 43 дні, зь якіх 10 трымаў сухую галадоўку. Супраць актывіста да таго ж распачалі крымінальную справу за абразу судзьдзі, піша Радыё Свабода.

«Лічылі за аўтарытэта»

З ізалятару Валадар выйшаў а палове на другую ночы. На волі яго сустрэлі жонка Ірына, сябры ды журналісты. Ім ён заявіў, што ў ізалятары «добра адпачыў» і настрой у яго бадзёры.

Паводле актывіста, у вязьніцы стаўленьне да «палітычных» прыязнае. Умовы, у якіх сядзеў Валадар, «дазваляюць казаць, што яго лічылі за аўтарытэта». У яго быў асобны кубак, два матрацы, давалі кіпень, ды толькі двойчы ахоўнікі запатрабавалі, каб ён заклаў на калідоры рукі за сьпіну. Большую частку тэрміну Валадар сядзеў у камэры адзін. Адзінота яго не прыгнятала, хоць, прызнаецца ён, «аўдыторыі часам бракавала».

«Кніжкі там ёсьць. Біблія ратавала, — апавядае пра нявольніцкія будні актывіст. — Без гадзіньніка было, праўда, складана. Іхнае радыё я выключыў адразу, таму адсочваць час было няпроста, асабліва ў другой палове дня».

«Маглі пакінуць яшчэ на колькі дзён. Да гэтага псыхалягічна быў гатовы»

На волі Валадара Цурпанава чакалі 27 кастрычніка, калі канчаліся ягоныя чарговыя 15 дзён арышту, але ў ізалятары яго пакінулі яшчэ на 6 дзён. Іх ён не адбыў праз сухую галадоўку, якую трымаў раней, пратэстуючы супраць незаконнага зьняволеньня. Пасьля 10 дзён галадаваньня ў выніку пагаршэньня стану яго тады даставілі ў лякарню, дзе актывіст прабыў тыдзень.

Валадар дапускаў, што ў ізалятары яго маглі пакінуць яшчэ на колькі дзён, і да гэтага псыхалягічна быў гатовы. Ён ня ведае, што зьмянілася ў краіне, пакуль быў за кратамі, але думае, калі б нешта небясьпечнае адбылося для рэжыму, то зразумеў бы па паводзінах аховы, а яны былі звыклымі.

Пра змарнаваны ў няволі час актывіст шкадуе, аднак лічыць, што гэта «для нечага патрэбна». Ён адзначае, што ў камэры працаваў над праектам «разбудовы гарадзкой партыі». Напісаў 27 заяваў і скаргаў на ўнутраныя праблемы ізалятару, а таксама пытаньні па-за ім.

Пра крымінальную справу: «Іх абурыла, як я дазволіў сабе так паводзіцца на судзе»

Даслаў таксама ліст і ў Сьледчы камітэт з пратэстам на дзеяньні сьледчага, які, на ягоную думку, парушыў парадак завядзеньня крымінальнай справы. Супрацоўнік паведаміў актывісту, што ў ягоных дзеяньнях ёсьць склад злачынства, але пры гэтым прызначыў экспэртызу абразьлівага выказваньня.

Цурпанаў мяркуе, што крымінальная справа ня мае пэрспэктыў, бо ў ягоных словах няма абразы судзьдзі, а распачалі яе для «псыхалягічнага ціску на іншых, каб яны не дазвалялі сабе падобнага».

З жонкай Ірынай

«Іх абурыла тое, што я дазволіў сабе так паводзіцца на судзе, — кажа ён. — Зь іхнага гледзішча такія паводзіны ў дачыненьні да важнай у іх сыстэме інстытуцыі нельга пакідаць беспакаранымі».

Першы раз пасьля выбараў Валадара Цурпанава затрымалі 1 верасьня на школьнай лінейцы, куды ён прыйшоў, каб заклікаць пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыі выбараў. За гэты ўчынак яму прысудзілі 20 дзён арышту. Затым яго яшчэ двойчы яшчэ судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту і адпраўлялі ў ізалятар на 8 і 15 дзён.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера