Знайсці
04.06.2020 / 11:194РусŁacБел

Якой павінна быць вышэйшая адукацыя ў 2020 годзе: дынаміка, практыка і ніякіх патокавых лекцый

2020 год прынёс нам мноства нечаканасцяў. Не будзе перабольшаннем сказаць, што асаблівы шок цяпер перажывае сфера адукацыі. Дзяржаўныя школы, прыватныя курсы і цэлыя ўніверсітэты прызнаюць сваю непадрыхтаванасць перад выклікамі дыстанцыйнай адукацыі. Праблемы, на якія дзесяцігоддзямі заплюшчвалі вочы, усплылі на паверхню з першых спробаў прыстасавацца да новай рэальнасці.

Найлепшыя ўніверсітэты свету выклалі ў адкрыты доступ сотні курсаў. Той, хто адкрыў іх для сябе, напэўна, быў узрушаны, як шмат чаму можна навучыцца сёння, не выходзячы з дому. Змены, якія адбываюцца проста зараз у сістэме вышэйшай адукацыі, надзвычай цікавыя.

У значнай часткі таленавітых абітурыентаў няма шырокіх магчымасцяў атрымаць сапраўды добрую адукацыю за адэкватныя грошы. Яны сядзяць па-старому ў патокавай аўдыторыі і канспектуюць словы лектара, нягледзячы на тое, што неабходнасць у выкладчыку як рэтранслятары ведаў знікае.

У большасці маладых людзей ёсць выбар: плаціць невымерна высокую цану за якасную адукацыю або даступную цану за сумніўную якасць. Ці ўвогуле не атрымліваць вышэйшую адукацыю і не выкарыстоўваць добры шанец падняцца па сацыяльнай лесвіцы. Менавіта таму сёння так шмат увагі надаецца пошуку альтэрнатывы сучаснай сістэме адукацыі.

Якой павінна быць адукацыя сёння, каб абітурыент стварыў сабе працу заўтра? Ці можна атрымаць добрую адукацыю, калі фінансы абмежаваныя? Адукацыя анлайн — панацэя? Гэтыя пытанні мы разгледзім у спецыяльным матэрыяле, падрыхтаваным разам з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні.

Перасохлы ручай патокавых лекцый

У гэтым годзе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт упершыню праводзіць прыёмную кампанію цалкам анлайн. Анлайн можна здаць экзамены, падаць заяўку і нават падаць дакументы на прызнанне якасці раней атрыманай адукацыі.

ЕГУ разглядае дыстанцыйную адукацыю на аснове новых тэхналогій у якасці альтэрнатывы традыцыйнай адукацыі ўжо даўно. Большасць размоў у стылі pro et contra зводзіліся да аднагалоснага меркавання: дыстанцыйная адукацыя нашмат таннейшая, а значыць больш даступная. Яна дазваляе і вучыцца, і працаваць або атрымліваць дзве адукацыі адначасова. Акрамя таго, можна самастойна рэгуляваць графік і нагрузку. Здавалася б, ідэальная карціна для маладога абітурыента, які не па чутках ведае пра фрыланс.

Тым не менш дыстанцыйная адукацыя прыжываецца ў нашых краях няпроста. Па-першае, многія працадаўцы да гэтага часу не давяраюць дыпломам і сертыфікатам, атрыманым падчас анлайн-навучання. Гэта стэрэатып, і патрэбны час і мноства паспяховых прыкладаў, каб яго разбурыць. Шматлікія інтэрв'ю з выпускнікамі ЕГУ паказваюць, што выпускнікі дыстанцыйнага бакалаўрыяту не менш паспяховыя і запатрабаваныя, чым выпускнікі вочнага. У рэшце рэшт усё залежыць ад любові да сваёй справы, індывідуальных якасцяў і практыкі.

Па-другое, анлайн-адукацыя ўсё яшчэ не стала паўнавартаснай альтэрнатывай традыцыйнаму навучанню ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Справа ў тым, што навучанне ва ўніверсітэце — гэта не столькі вывучэнне курсаў і здача экзаменаў, колькі сумеснае пражыванне ўнікальнага досведу і самафармаванне дзякуючы гэтаму досведу. Перажываючы яго рука аб руку з людзьмі, якія падзяляюць агульныя мэты і крыніцы натхнення, мы вучымся ў тым самым гегелеўскім сэнсе Bildung. Гэты тэрмін можна было б перавесці як «адукацыя», але ён бліжэйшы да паняццяў «фарміраванне», «развіццё», «культура». Адукацыя, па Гегелю, адбываецца не праз перадачу інфармацыі, а нараджаецца праз досвед, канфлікт, актуалізацыю індывідуальнасці.

Зносіны, абмен, параўнанне, канкурэнцыя, пошук, пабудова і разрыў узаемаадносін — гэта аснова студэнцкага асяроддзя. Пражываючы ў ёй унікальны жыццёвы досвед, малады чалавек знаходзіць сваю індывідуальнасць.

Усё гэта яшчэ не можа быць кампенсавана з дапамогай навучання анлайн. Тым не менш у ЕГУ ўсё часцей практыкуюцца розныя формы пазааўдыторнай адукацыі: выязныя школы, заняткі ў музеях, архівах і ў офісах юрыдычных кампаній, паказ фінальных праектаў на сцэне тэатра, у форме перформансу, выставы, інсталяцыі.

«Мы спрабуем вынесці дасягненні студэнтаў за сцены ўніверсітэта, разумеючы, што толькі там яны здабудуць сапраўднае жыццё і каштоўнасць. Гэта выходзіць марудна, але вынікі радуюць. Яны дапамагаюць студэнтам дыстанцыйнай формы акунуцца ў жывое студэнцкае жыццё, а студэнтам вочнай формы пачаць як мага раней будаваць сувязі паміж навучальнай тэорыяй і жыццёвай практыкай».

Ці дае анлайн-адукацыя практычныя ўменні?

Анлайн-курсы — гэта добры спосаб атрымаць новыя веды. Тым не менш, як студэнт анлайн-курса можа паспрабаваць свае веды на практыцы? Напрыклад, праграміст лёгка справіцца анлайн. Але што рабіць у сферы гуманітарных і сацыяльных навук, у цэнтры якіх стаіць узаемадзеянне паміж людзьмі? Гэта праблема для многіх спецыяльнасцяў.

ЕГУ імкнецца ўкараняць усё больш практычна арыентаваных курсаў у навучальныя планы праграм і сфакусаваць студэнтаў на праектным навучанні. Калі за час вучобы студэнты змогуць прывыкнуць, што кожнае іх навучальнае заданне павінна быць завершаным праектам са сваім таймінгам, асаблівасцямі каманднай працы, а часам фінансаваннем і прасоўваннем, то, выйшаўшы за парог універсітэта, выпускнікам не складзе цяжкасці зрабіць тое ж самае на працоўным месцы.

Што трэба, каб зрабіць вучобу максімальна падобнай да рэальнай працы?

У кожнай з навучальных праграм ЕГУ ёсць свае асаблівасці практыкі. Так, у студэнтаў праграмы «Медыя і камунікацыі» ў распараджэнні ёсць цэлая медыялабараторыя ў будынку Літоўскага радыё і тэлебачання, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі. Тут і зялёны пакой для здымак блогаў і кароткаметражак, і радыёрубка для запісу падкастаў.

Для будучых дызайнераў ёсць не толькі ўсе новыя праграмы, фота- і відэаабсталяванне, але і рэгулярныя майстар-класы ад практыкуючых спецыялістаў, напрыклад, па анімацыі.

Студэнты праграмы «Еўрапейская спадчына» рэгулярна ўдзельнічаюць у палявых школах у тых гарадах, якія паўплывалі на фарміраванне еўрапейскай інтэлектуальнай традыцыі. Акрамя праходжання асноўных прадметаў па спецыяльнасці, на кожным курсе студэнты працуюць над індывідуальным праектам, прысвечаным асноўным гарадам палявой школы: Вільні, Санкт-Пецярбургу, Фларэнцыі і Афінам.

Студэнты праграмы «Сусветная палітыка і эканоміка» атрымліваюць адукацыю адразу ў двух універсітэтах Літвы — у ЕГУ ў Вільні і ва Універсітэце Вітаўта Вялікага ў Коўне. Навучанне палітычным і эканамічным дысцыплінам ідзе там на англійскай мове, поплеч з літоўскімі калегамі і студэнтамі з іншых краін, што дазваляе прывыкнуць да мультыкультурнага асяроддзя і ўжо падчас вучобы выбудаваць міжнародныя сувязі. Пасля заканчэння 4 курса яны атрымліваюць адразу два дыпломы.

Юрыстам трэба будзе вучыцца ў ЕГУ на год даўжэй: 5 гадоў вочна і 6 гадоў завочна. Затое па заканчэнні вучобы ім прысвойваецца адразу магістарская, а не бакалаўрская ступень. За гэты час яны праходзяць шлях ад вывучэння грамадзянскага, крымінальнага, працоўнага права ЕС да практыкі юрыдычных навыкаў і судовай прамовы на міжнародных спаборніцтвах. Як і ўсе студэнты, яны праходзяць працоўную і даследчую практыку на старэйшых курсах.

Адукацыя на працягу ўсяго жыцця, «пад задачу», у інавацыйных фарматах не толькі бударажыць розум перспектывамі, «але і страшыць і працадаўцаў, і выкладчыкаў, і абітурыентаў, і бацькоў. Пачуццё агульнай нарастаючай нявызначанасці непазбежна вяртае нас да агульных гуманістычных каштоўнасцяў. Пра тое, што жыццё чалавека — гэта аснова, з якой мы ўсе зыходзім. Пра тое, як нешта ствараць і несці адказнасць за гэта.

Нам будзе ўсё больш важная экалогія ўзаемаадносін, а традыцыйная форма адукацыі гэтага не забяспечвае: у ёй няма асобы — ёсць стандарт. Але свет вельмі розны, і чым больш у нас разумення і досведу, чым шырэйшы наш погляд, тым больш адкрываецца магчымасцяў да стварэння новага.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера