Знайсці
29.04.2019 / 06:332РусŁacБел

Топ-5 фактаў пра мінорны чэмпіянат свету па хакеі, у якім упершыню з 2003 года сёння стартуе Беларусь

Барыс-арэна, icehockey.kz

У панядзелак пачынаецца чэмпіянат свету па хакеі ў першым дывізіёне (група А). Зборная Беларусі гуляла ў ім апошні раз у 2003 годзе, пасля чаго выйшла ў эліту і 15 гадоў гуляла ў ёй.

1. Першы чэмпіянат свету ў першым дывізіёне прайшоў у 1951 годзе. Тады ён называўся дывізіён В, той турнір выйграла Італія. Беларусь, якая стартавала з нізоў, прабілася ў турнір у 1995 годзе, правяла ў ім два сезоны, заваяваўшы пуцёўку ў эліту праз два гады.

З 2001 года турнір называецца Першы дывізіён, і да 2011 года ў ім 12 камандаў былі падзеленыя на дзве групы, пераможца кожнай атрымліваў павышэнне ў эліту.

У 2012 годзе турнір стаў шматузроўневым і падзяляецца на групы А і В. Дзве найлепшыя каманды групы B (там у Таліне гуляюць зборныя Эстоніі, Украіны, Польшчы, Нідэрландаў, Румыніі і Японіі) выйдуць у групу А, адна горшая апусціцца ў Другі дывізіён, там турніры пройдуць у Бялградзе і, увага, у Мексіцы!

2. Беларусы гуляюць у групе А: нашымі супернікамі будуць Казахстан, які ўзначальвае беларус Андрэй Скабелка, Славенія, Венгрыя, Літва, Паўднёвая Карэя.

Беларусы стартуюць матчам супраць Літвы ў панядзелак (пачатак у 13.00). За Літву гуляе зорка 1990-х 40-гадовы Дайнюс Зубрус. Ён, дарэчы, прэзідэнт Літоўскай хакейнай федэрацыі. А вось 46-гадовы Дарус Каспарайціс апынуўся па-за складам зборнай з «Пагонямі» на швэдрах.

Літоўцы акурат прабіліся ў групу А з групы В.

У аўторак — матч супраць Венгрыі (16.30), якой беларусы прайгралі ў эліце тры гады таму. У чацвер, 2 мая, матч супраць Славеніі (13.00), 4 мая — гульня з Казахстанам (14.30), 5 мая, у апошні дзень турніру, матч супраць Паўднёвай Карэі (13.00).

Матчы будуць паказаныя ў жывым эфіры на «Беларусь-5», а таксама ў запісе вечарам. Даступныя яны будуць і ў інтэрнэце.

3. Сістэма турніру простая: павышэнне ў эліту атрымае дзве каманды, апусцяцца рангам ніжэй таксама дзве каманды.

Зборную Казахстана тут называюць фаварытам турніру: каманда зачакалася эліты, да таго ж на яе будзе ціснуць фактар дамашняй арэны і аўтарытэт Нурсултана Назарбаева:).

Відаць, за другую пуцёўку паспрачаюцца беларусы і славенцы, у складзе якіх двухразовы пераможца Кубка Стэнлі ў складзе «Лос-Анджэласа Кінгз» Анжэ Копітар. Ну і галоўнае не атрымаць, чарговы шчаўчок па носе ад Венгрыі 2:5. «Наша Ніва» назвала той артыкул «Шчаўчок па носе».

Перад беларусамі мэта адна: вярнуцца ў эліту. Але нават калі беларусы не выйдуць у гэтым сезоне, то ў наступным годзе праб'юцца туды аўтаматычна. У 2021 годзе чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў Мінску і Рызе, а ўдзел зборных Беларусі і Латвіі ў ім абавязковы.

Так што нічога страшнага ў выпадку асечкі не адбудзецца, галоўнае, не трапляцца на вочы аднаму з найлепшых гульцоў Каляднага турніру: )

4. Шмат нараканняў выклікаў талісман турніру — Барыс. Можа проста у дадзеным выпадку тут кепскае фота.

5. Галоўны трэнер зборнай Андрэй Сідарэнка ў нядзелю назваў канчатковы склад дружыны.

Сярод гульцоў — Нік Бэйлен і Джэф Плат, на якога павесілі ўсіх сабак за гучную паразу ад Аўстрыі год таму ў эліце. Любімчык публікі ў складзе «Дынама», зараз ён выступае ў Фінляндыі. Джэф забыў усе крыўды і едзе дапамагчы камандзе. 

Андрэй Сідарэнка, фота Дар'і Буракінай

Галкіперы: Аляксандр Асіпкоў («Юнацтва»), («Нёман»), Дзмітрый Мільчакоў («Плзень», Чэхія);

Абаронцы: Ілля Салаўёў (Беларусь U20), Данііл Бокун («Шахцёр»/»Дынама» Мінск), Мікіта Усціненка («Шахцёр»), Алег Явенка, Яўген Лісавец, Крысціян Хенкель (усе — «Дынама» Мн), Нік Бэйлен («Трактар»).

Форварды: Арцём Кіслы, Аляксандр Маляўка, Сяргей Маляўка (усе — «Нёман»), Арцём Волкаў, Аляксандр Кітараў, Яўген Кавыршын (усе — «Дынама» Мінск), Арцём Дзямкоў («Шахцёр»), Станіслаў Лапачук («Юнацтва»), Максім Сушко («Оўэн Саўнд»), Мікіта Феактыстаў («Адмірал»), Джэф Плат («Ёкерыт»), Ягор Шаранговіч («Бінхэмптан»).

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера