У Вільні перапахаваюць герояў паўстання Каліноўскага, парэшткі якіх знайшлі на гары Гедыміна. Ці будзе беларуская мова на помніку?
Ідзе падрыхтоўка да перапахавання кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў, чые парэшткі знайшлі на гары Гедыміна ў Вільні. Сярод іх — Кастусь Каліноўскі, нацыянальны герой Беларусі.
Як расказала Белсату Эльжбета Рагоўска з Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, адкрытым застаецца пытанне, на якіх мовах будзе надпіс на помніку. Цяпер абмяркоўваюць варыянт, каб манумент падпісалі па-польску і па-літоўску.
Раней вяліся размовы і пра надпіс на беларускай мове, аднак цяпер Эльжбета Рагоўска пра гэта не ўзгадала.
Літоўскі бок запрапанаваў захаваць парэшткі ў цэнтральнай капліцы на віленскіх могілках Росы. Рамантаваць капліцу пачнуць неўзабаве. Перапахаванне запланавалі на восень.
У Літве выказалі спадзеў, што ўдзел у цырымоніі возьмуць і найвышэйшыя дзяржаўныя асобы Беларусі, Украіны, Латвіі.