Знайсці
02.01.2019 / 10:25РусŁacБел

У Беларусі адмянілі падатак на «недабуд»

У праекце новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, які дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у канцы снежня ўхвалілі ў першым і другім чытаннях, ёсць змены, якія тычацца тых, хто збіраецца прадаць ці ўжо прадаў закансерваваны жылы дом, піша Realt.by.

У апошнія гады падатковая стала лічыць недабудаваныя дамы (па афіцыйных дакументах «будынкі нявысветленага прызначэння») нежылымі пабудовамі. У выніку ўсе, хто меркаваў, што раз на 5 гадоў мае права рэалізоўваць кватэру, дачу ці катэдж (хай і закансерваваны) без выплаты падатку, сталі атрымліваць лісты з патрабаваннем выплаціць падаходны падатак.

За пару гадоў у гэтую «пастку» трапілі некалькі сотняў чалавек з розных абласцей краіны. Хтосьці пагадзіўся і выплаціў налічаныя сумы, іншыя вырашылі адстойваць сваю праўду на льготу ў судзе. Так, сям'і з Віцебска налічылі 30 тысяч рублёў падатку за продаж практычна гатовага катэджа ў цэнтры горада. Пры гэтым ніводзін аргумент, які даказвае, што гэта жылы дом, з продажу якога не трэба выплачваць падатак, суд да ўвагі не прыняў.

У 2019 годзе падобных праблем быць не павінна. Як пацвердзілі ў прэс-цэнтры Галоўнага ўпраўлення развіцця падатковых органаў Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь, адпаведная папраўка ёсць у новым Падатковым кодэксе: «У артыкуле «Даходы, якiя вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб» прадугледжаны палажэнні аб вызваленні ад падаткаабкладання даходаў ад выплатнага адчужэння незавершанага будаўніцтвам капiтальнага будынка (будынка, збудавання) незалежна ад прызначэння такога будынка, але пры гэтым размешчанага на зямельным участку, прадастаўленым для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, садаводства, дачнага будаўніцтва.

Акрамя таго, у мэтах выключэння дыскрымінацыі правоў грамадзян пры падаткаабкладанні адных і тых жа даходаў толькі ў залежнасці ад даты іх атрымання названым законапраектам прадугледжваецца распаўсюджванне льготы па вызваленні даходаў грамадзян, якiя атрымлiваюцца ад выплатнага адчужэння незавершаных будаўніцтвам капітальных пабудоў, таксама і на адносіны, якія ўзніклі да 1 студзеня 2019 года».

Апошні абзац гэтай папраўкі азначае, што змены закрануць і тых, хто здзейсніў здзелкі да ўступлення ў сілу новых правілаў: з іх павінны быць знятыя абавязальніцтвы па выплаце падатку з даходаў ад продажу незавершанага будаўніцтва. Новы падатковы кодэкс уступіў у сілу 1 студзеня 2019 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера