ХК «Дынама» заклікала фанатаў прыйсці ў хэлаўінскіх касцюмах. А міліцыя адправіла мыцца і распранацца
На матчы супраць маскоўскага «Спартака», які прайшоў 31 кастрычніка, мінскі клуб вырашыў правесці незвычайную акцыю. Заўзятараў запрасілі прыходзіць у хэлаўінскіх касцюмах — можна было выйграць прыз, сфатаграфавацца ў адмысловай фотазоне.
Фота - ХК «Дынама Мінск»
Праўда, высветлілася, што міліцыя мае свае погляды на касцюмы заўзятараў. Некаторых адмаўляліся прапускаць у касцюмах: прымушалі змыць грым ці здаць касцюм у камеру захоўвання.
«Мы з сяброўкай размалявалі твары, а міліцыянты загадалі ісці змываць, бо інакш не прапусцяць», — скардзілася пасля матчу адна з наведніц.
Як высветлілася, паводзіны міліцыі былі выкліканы правіламі бяспекі. Варта адзначыць, што ў сваім закліку «Дынама» папярэджвала: «Нагадаем таксама, што згодна з рэгламентам КХЛ нельга выкарыстоўваць элементы адзення, іншыя прадметы і метады з мэтай ўтойвання асобы. Гэта значыць, што маскі і размалёўка, якая не дазваляе ідэнтыфікаваць асобу заўзятара, выключаюцца».
Дарэчы, у матчы перамога была за «Дынама».