Журналістка «Комсомольской правды» выбачылася за фэйк пра смерць Хварастоўскага
Карэспандэнт «Камсамольскай праўды» Алена Бадуэн заявіла, што гэта яна з'яўляецца аўтарам паведамлення пра смерць спевака Дзмітрыя Хварастоўскага, піша РІАН.
«Ох, мне, вядома, вельмі сорамна пра гэта казаць, але гэта я вінаватая ў распаўсюдзе навіны пра Дзмітрыя Хварастоўскага і яго нібыта сыход з жыцця. Толькі мая віна», — напісала яна ў фэйсбуку.
Па яе словах, нейкі чалавек размясціў інфармацыю аб смерці Хварастоўскага ў сеціве, яе пацвердзілі «інсайдары», пасля чаго яна апублікавала паведамленне. Па яе словах, яна ўпершыню ў жыцці не праверыла даныя.
Бодуэн прынесла прабачэнні Хварастоўскаму і яго жонцы, адзначыўшы, што ёй «вельмі сорамна».
Інфармацыю пра смерць спевака абверглі яго жонка і дырэктар.
У чэрвені 2015 года ў Хварастоўскага выявілі рак мозгу. З тых часоў ён актыўна змагаецца з хваробай, але працягвае выходзіць на сцэну: у прыватнасці, у чэрвені 2017 года ён даў канцэрт у Краснаярску.