Знайсці
30.03.2024 / 18:359РусŁacБел

Як Полацкую вобласць хацелі аддаць Расіі

Што гэта было: партыйныя гульні ці плата за вяртанне іншага рэгіёна? 

Панцеляймон Панамарэнка і праект Полацкай вобласці ў складзе РСФСР

У першай палове XX стагоддзя актыўна змяняліся межы новастворанай беларускай дзяржавы, а яе існаванню часта ўзнікалі пагрозы з боку буйнейшых суседзяў. Найбольш важнай падзеяй стала разарванне Беларусі паміж Савецкай дзяржавай і Польскай Рэспублікай паводле Рыжскага мірнага дагавора.

Нягледзячы на першапачатковыя польскія праекты аб стварэнні федэрацыі, яны не былі рэалізаваныя. Карыстаючыся сваімі знешнепалітычнымі інтарэсамі, савецкае кіраўніцтва раздзімала «беларускае пытанне» ў Польшчы. Шмат у чым узбуйненне БССР і правядзенне актыўнай беларусізацыі адбывалася на зло суседу, каб перацягнуць на свой бок меркаванне беларусаў на «крэсах усходніх».

Лазне-прачачны камбінат у Полацку, пабудаваны ў 1936 годзе. Будынак з надпісам «лазьня» ў дарэформавай беларускай арфаграфіі захаваўся дагэтуль

Абвешчаная ў шырокіх этнаграфічных межах Савецкая Беларусь за два тыдні была скарочана да 6 паветаў, страціўшы і Полацк. У час першага ўзбуйнення ў 1924 годзе горад разам з большай часткай Віцебскай губерні, нягледзячы на супраціўленні губернскіх уладаў, вярнуўся да Беларусі.

Да 1930 года Беларусь была падзелена на акругі, цэнтрам адной з якіх стаў і Полацк. Затым усе раёны былі падпарадкаваны непасрэдна рэспубліканскім уладам. Нарэшце на мяжы з Польшчай быў створаны шэраг памежных акруг, у тым ліку і Полацкая.

Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва СССР з сярэдзіны 1930-х гадоў праводзіла палітыку «набліжэння органаў улады да месцаў». У яе рамках пачаўся працэс разбуйнення абласцей у Расіі. 

Беларуская ССР на карце 1939 года

Першыя ж беларускія вобласці былі створаны даволі позна, у 1938 годзе, пасля амаль дзесяцігоддзя непасрэднага падпарадкавання раёнаў цэнтру рэспублікі. У 1939 годзе з далучэннем Заходняй Беларусі на месцы польскіх ваяводстваў паўстаў яшчэ шэраг абласцей. 

Драбненне старых абласцей фармальна было выклікана перадачай часткі тэрыторыі Беларускай ССР у склад Польшчы.

Карты БССР пасля далучэння Заходняй Беларусі

27 ліпеня 1944 года ўрад СССР і Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення падпісалі пагадненне аб савецка-польскай мяжы, прызнаўшы яе па «лініі Кёрзана» з адступленнем ад яе на карысць Польшчы часткі тэрыторый, размешчаных на ўсход ад гэтай лініі да ракі Заходні Буг, і часткі тэрыторыі Белавежскай пушчы.

У выніку ў склад Польшчы адышлі 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Брэсцкай абласцей. Тэрыторыя БССР скарацілася з даваенных 225,7 да 207,6 тыс. км². Захаванне часткі Беластоцкай вобласці ў складзе Беларусі выклікала неабходнасць перагледзець межы абласцей на захадзе рэспублікі, заадно перамалявалі і ўсходнія вобласці дзеля патрэбаў разбуранай вайной гаспадаркі. 

25 жніўня 1944 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне аб утварэнні Бабруйскай, Гродзенскай і Полацкай абласцей. Па ўспамінах беларускага кіраўніка Панцеляймона Панамарэнкі, ідэя стварэння ў БССР новых абласцей з цэнтрамі ў Бабруйску, Гродне і Полацку на аператыўных напрамках часоў дзвюх сусветных войнаў і польска-савецкай вайны належала Сталіну. 

Гладкі ў скарочаным выкладзе падручнікаў працэс насамрэч хавае пад сабой вялікую палітычную гульню сярод партыйнага кіраўніцтва. Найбольш яскрава гэта можна пабачыць па гісторыі стварэння Полацкай вобласці. 

Указ «Аб утварэнні Бабруйскай, Гродзенскай і Полацкай абласцей у складзе Беларускай ССР» ад 20 верасня 1944 года.

У 1978 годзе сам Панцеляймон Панамарэнка ў інтэрв'ю вядомаму гісторыку Георгію Куманёву распавёў сваю версію гэтых падзей, якія суправаджалі стварэнне Полацкай вобласці. 

«У жніўні 1944 года, прыкладна праз месяц пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, патэлефанаваў Г. М. Малянкоў і паведаміў мне, што ёсць указанне аб утварэнні Полацкай вобласці з цэнтрам у Полацку і што сакратарыят ЦК склаў з гэтай нагоды праект рашэння, які ён хоча ўзгадніць з ЦК КП(б) Беларусі.

Я адказаў, што Цэнтральны Камітэт Кампартыі Беларусі, як мне думаецца, не будзе пярэчыць і падтрымае прапанову аб утварэнні Полацкай вобласці.

«Так, але вы павінны мець на ўвазе, — сказаў Малянкоў, — што Полацкая вобласць будзе ўтворана ў складзе РСФСР і такім чынам Полацк і адпаведныя раёны адыдуць з БССР у РСФСР».

Гэта было для мяне настолькі нечаканым, што ў першыя хвіліны я не знайшоў, што адказаць. Каб выключыць магчымасць пярэчанняў, Малянкоў дадаў: «Не думаеце ж вы, што Полацкай вобласці ў Расійскай Федэрацыі будзе горш, чым у складзе БССР?»

Я адказаў, што, вядома, гэтага не думаю, але ёсць прычыны для пярэчанняў супраць такога рашэння і я хачу іх абдумаць, абмеркаваць з таварышамі і затым паведаміць нашае рашэнне.

На гэта Малянкоў адказаў: «Абмяркоўваць не варта, выязджайце ў Маскву».

Прыехаўшы ў Маскву, я даведаўся, што праект пастановы аб утварэнні Полацкай вобласці ў складзе РСФСР (акрамя Малянкова ў падрыхтоўцы яго актыўны ўдзел прымаў М. С. Хрушчоў), нягледзячы на гутарку, ужо адпраўлены ў Палітбюро ЦК ВКП(б).

Увечары 14 жніўня я быў выкліканы да Сталіна….»

У Сталіна ў той вечар, паводле Панамарэнкі, члены Палітбюро абмяркоўвалі прапанову па ўтварэнні новых абласцей у Беларусі — Баранавіцкай, Бабруйскай, Маладзечанскай і Полацкай. Малянкоў паведаміў усім, што беларускі кіраўнік пярэчыць супраць перадачы Полацкай вобласці ў склад РСФСР.

«Чаму? Вы лічыце Полацк спрадвечным беларускім горадам?» — спытаў Сталін, звяртаючыся да мяне.

Стрымліваючы, як кожны раз, унутранае хваляванне, але знешне спакойна, я пачаў выкладаць прадуманыя мной матывы. Найперш падкрэсліў, што Полацак прынята лічыць старажытным беларускім горадам. Але гэта можна аспрэчваць, паколькі Полацк існаваў задоўга да таго часу, калі з-за гістарычных прычын ад адзінага магутнага ствала, які называўся Руссю, пайшлі тры галіны: руская, украінская і беларуская. Такім чынам, калі Полацк называюць старажытным рускім горадам — гэта таксама правільна. Крайнасць у гэтых тлумачэннях аддае або нацыяналізмам, або вялікадзяржаўным шавінізмам. Аднак ва ўсе часы гістарычнага існавання Беларусі Полацк быў у яе складзе, у тым ліку і 25 гадоў існавання Савецкай Беларусі.

Зразумела, працягваў я, гэта не галоўны довад за пакіданне яго ў складзе БССР. Аднак жа ён патрабуе, каб пераход Полацка ў склад РСФСР быў палітычна растлумачаны. Гэта першае.

— Што ж другое? — спытаў Сталін, які ўважліва слухаў.

— Другое, — адзначыў я, — гэта тое, што Полацк у свядомасці беларусаў, асабліва інтэлігенцыі, з'яўляецца старадаўнім цэнтрам беларускай культуры. Там нарадзіўся і вырас адзін з найбуйнейшых беларускіх асветнікаў Скарына, першы доктар медыцыны, мабыць, не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Ён таксама перакладчык шматлікіх кніг, у тым ліку Бібліі, на беларускую мову, якая, зрэшты, тады, больш за 400 гадоў таму, мала ці амаль не адрознівалася ад рускай мовы. З Полацка, — дадаў я, — паходзяць многія найвядомыя дзеячы культуры Беларусі, у тым ліку нямала вядомых сучасных пісьменнікаў. Гэта важная, хоць таксама не галоўная акалічнасць.

— Калі ж вы скажаце галоўнае? — спытаў, усміхаючыся, Сталін.

Разбураны вайной Полацк з самалёта. На пярэднім плане Дом афіцэраў. Фота: Wikimedia Commons

— Галоўнае, па-мойму, — сказаў я напрыканцы, — заключаецца ў наступным. Сканчаецца пераможна для Савецкага Саюза Вялікая Айчынная вайна. У ёй народы ўсяго Савецкага Саюза панеслі вялізныя страты, вялізныя ахвяры. Вораг аганізуе, і магутнасць СССР узрастае не толькі ў тэрытарыяльным, але і ў палітычным стаўленні.

Найцяжэйшыя ахвяры на франтах, у партызанскай і падпольнай барацьбе панёс і беларускі народ.

І вось да заканчэння вайны Беларусь тэрытарыяльна і па насельніцтве скарачаецца за кошт адыходу шэрагу раёнаў і г. Полацка да РСФСР. Мне здаецца, што гэта не будзе народам зразумела і шмат каго пакрыўдзіць. Тым больш, што гэта будзе асацыявацца з тым, што на захадзе Беластоцкая вобласць і частка Белавежскай пушчы, як вядома, могуць адысці да Польшчы. 

Акрамя таго, напярэдадні вайны некаторыя раёны, якія знаходзіліся ў складзе БССР з дня заснавання рэспублікі, былі па бясспрэчных меркаваннях перададзены Савецкай Літве. Таму, мне здаецца, не варта Полацкую вобласць, якая ўтвараецца, перадаваць у склад Расійскай Федэрацыі, хоць сама Полацкая вобласць ад гэтага нічога не страціла б».

Сталін нахмурыўся, наступіла цяжкая паўза, усе маўчалі і чакалі яго рашэння. Нарэшце ён падняўся, павольна прайшоў туды і назад вакол стала, потым спыніўся і сказаў: «Добра, скончым з гэтым пытаннем. Полацкую вобласць трэба ўтварыць, але ў складзе Беларусі. Народ добры і крыўдзіць яго, сапраўды, не варта.

Пасля гэтага загаварылі ўсе. І магло здацца, што па дадзеным пытанні ўсё думалі сапраўды гэтак жа. Адзін Малянкоў, галоўны ініцыятар праекта, быў засмучаны і змрочны, хоць усе выказаныя мною меркаванні я яшчэ падрабязней выклаў яму перад пасяджэннем. Дрэнна хаваў прыкрасць і М. С. Хрушчоў.»

Раёны Беларусі, якія мусілі адысці да Расіі. Карта БССР 1944 года адлюстроўвае прамежкавую сітуаюцыю: новыя вобласці ўжо ўтвораны, але Беластоцкая вобласць яшчэ афіцыйна не перададзена Польшчы. «Лінія Кёрзана», па якой пройдзе мяжа, намалявана пакуль што алоўкам

Доўгі час ніякіх пацвярджэнняў гэта гісторыя не мела, а ўспаміны Панамарэнкі, дзе ён «абараніў Полацкую вобласць ад дамаганняў Масквы», успрымаліся як ягоная спроба застацца ў памяці беларусаў у пазітыўным вобразе «збіральніка беларускіх земляў».

Напрыклад, існуе падобная гісторыя, дзе Панамарэнка дамогся захавання ў складзе Беларускай ССР Заходняга Палесся, на якое прэтэндавала Украінская ССР з Хрушчовым на чале. 

З іншага боку, ўтварэнне новых абласцей у той час сапраўды закранала і межы савецкіх рэспублік. Напрыклад, пры стварэнні Пскоўскай вобласці ў яе склад былі ўключаны часткі тэрыторый Латвіі і Эстоніі.

Раёны Калінінскай вобласці РСФСР, якія планавалі ўключыць у Полацкую вобласць. Карта 1937 года

Сумневы ў тым, што існаваў праект перадачы Полацкай вобласці ў склад РСФСР, зняў дакумент, адшуканы расійскім гісторыкам беларускага паходжання Юрыем Барысёнкам. У Архіве Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ён выявіў праекты пастановы ЦК ВКП(б) «Аб утварэнні ў складзе РСФСР Полацкай вобласці» і адпаведнага ўказа Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР.

17 ліпеня 1944 г. гэтыя дакументы, падпісаныя Георгіем Малянковым, Андэем Андрэевым, Аляксандрам Шчарбаковым, Андрэем Жданавым, былі прадстаўлены Сталіну. Апроч чатырох падпісантаў, ідэю падтрымалі таксама таварышы Молатаў, Кагановіч, Варашылаў і Мікаян.

Вобласць меркавалася стварыць за кошт разузбуйнення Віцебскай і Вілейскай абласцей БССР і Калінінскай вобласці РСФСР. У праекце ўказа прыводзіліся і дакладныя геаграфічныя памеры рэгіёна:

«У склад Полацкай вобласці ўключыць горад Полацк, Ветрынскі, Дрысенскі, Асвейскі, Полацкі, Расонскі і Ушацкі раёны, вылучыўшы іх са складу Віцебскай вобласці Беларускай ССР; Браслаўскі, Відзаўскі, Дзісенскі, Мёрскі, Пліскі і Шаркаўшчынскі раёны, вылучыўшы іх са складу Вілейскай вобласці Беларускай ССР; горад Вялікія Лукі, Велікалуцкі, Ідрыцкі, Куньінскі, Лакнянскі, Невельскі, Нова-Сакольніцкі, Акцябрскі, Плоскашскі, Пустошкінскі, Себежскі і Таропецкі раёны, вылучыўшы іх са складу Калінінскай вобласці РСФСР».

Гэта быў дастаткова буйны рэгіён, у склад якога ўваходзілі два гарады абласнога падпарадкавання — Полацк і Вялікія Лукі, 23 сельскія раёны, 422 сельсаветы, 10 гарадоў раённага падпарадкавання, 5 працоўных пасёлкаў. Да акупацыі тут пражывала 1 139 600 чалавек насельніцтва, мелася 48 МТС і 2 599 калгасаў.

Прыкладныя абрысы Полацкай вобласці, накладзеныя на сучасную карту OSM

У паперы на імя Сталіна падкрэслівалася, што «Полацкая вобласць будзе пераважна сельскагаспадарчай вобласцю збожжавага і жывёлагадоўчага кірунку».

Паводле якога прынцыпу ўтвараўся рэгіён, абсалютна не зразумела. Атрымліваўся сапраўдны Вавілон — вобласць складалася б з тэрыторый БССР, якія прайшлі праз інтэнсіўную беларусізацыю, тэрыторый з вялікай доляй католікаў і палякаў, якія былі ў складзе Польскай Рэспублікі да 1939 і не ведалі беларусізацыі, і з чыста рускіх раёнаў. 

Барысёнак бачыў чыста эканамічна-гаспадарчую логіку ў такім падзеле: новая вобласць стваралася ўздоўж чыгункі Балагое-Сядлец, на якой Полацк, Вялікія Лукі і Тарапец былі тут найважнейшымі станцыямі. Вобласць у складзе РСФСР уздоўж чыгункі была вельмі важная для Жданава, які меў патрэбу ў рэсурсах для Ленінграда ў пасляблакадны перыяд.

Але роля Панамарэнкі ў гэтай гісторыі зусім не такая, як ён сам маляваў. У прадстаўленні Сталіну ад 17 ліпеня ясна гаворыцца: 

«Сакратар ЦК КП(б) Беларусі тав. Панамарэнка і сакратар Калінінскага абкама ВКП(б) тав. Байцоў згодны з прапановай аб утварэнні Полацкай вобласці ў складзе раёнаў, указаных у праекце пастановы ЦК ВКП(б)». 

Але не гаворыцца ў складзе якой рэспублікі. 

Магчыма, што тут быў і нейкі хітры замысел Панамарэнкі. Ён добра разумеў транспартную справу, бо быў скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў транспарту і быў дыпламаваным спецыялістам у галіне чыгуначнага транспарту. Гэтыя веды маглі дапамагчы яму аргументаваць неабходнасць стварыць такую вялікую вобласць, а пасля пераканаць правадыра ў тым, што ў складзе Беларускай ССР ёй будзе не горш, чым у РСФСР. Так да Беларусі маглі быць далучаны колішнія Себежскі і Невельскі паветы — этнічна беларускія тэрыторыі.

Але калі ўсе іншыя былі настроеныя на тое, каб стварыць вобласць у складзе Расіі, то чаму ж гэтага не адбылося і Полацк застаўся ў Беларусі? 

Відаць гэта было вынікам палітычных гульняў. Барысёнак лічыць, што з далучэннем Полацкай вобласці да РСФСР савецкія ўлады маглі перайграць на карысць Беларусі пытанне Віленскага краю, які ў 1939 годзе аддалі Літве. 

Сапраўды, ідэалагічная ненадзейнасць Літвы выявілася ў час вайны і моцна не спадабалася савецкаму кіраўніцтву. Ад Латвіі і Эстоніі, чый антысавецкі супраціў таксама быў моцным, ужо паспелі адарваць кавалкі тэрыторый.

З іншага боку, у выпадку Латвіі і Эстоніі тое былі асобныя воласці, у той час як Вільня была сталіцай — такое «пакаранне» савецкай рэспублікі выглядае непраўдападобным.

Але такія развагі маглі мець месца ў той час. Вільня якраз была вызвалена ад немцаў 13 ліпеня 1944-га, за некалькі дзён да сустрэчы ў Сталіна па пытанні Полацкай вобласці. Але карты перамяшалі знешнепалітычныя гульні.

За два дні да пераходу Чырвонай арміі цераз Буг, 15 ліпеня, Сталіну паступіў ліст за подпісам лідаркі польскіх камуністаў Ванды Васілеўскай і кіраўніка Краёвай рады народнай Эдварда Асубкі-Мараўскага аб перадачы будучай «народнай Польшчы» большай часткі Беластоцкай вобласці БССР разам з самім Беластокам. 

Панцеляймон Панамарэнка на Народным сходзе Заходняй Беларусі

У БССР задоўга да гэтага ведалі пра планы савецкага кіраўніцтва аб мяжы па «лініі Кёрзана», таму неаднойчы выказваліся супраць, няхай і завэлюмавана.

Уласна Панамарэнка, старшыня СНК БССР, на VI сесіі Вярхоўнага Савета БССР першага склікання, якая праходзіла 21—24 сакавіка 1944 года, заявіў у сваім выступе, што «…межы, усталяваныя ў 1939 г., справядлівыя як у гістарычных, так і ў этнаграфічных адносінах, адпавядаюць інтарэсам як Польшчы, так і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і інтарэсам сяброўскіх добрасуседскіх адносін польскай і беларускай дзяржаў».

Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Нічыпар Наталевіч звярнуўся з просьбай да Вярхоўнага Савета «разгледзець гэтае пытанне» і прапанаваў «прасіць Саюзны ўрад пры вызначэнні дзяржаўных межаў паміж Савецкім Саюзам і Польшчай улічыць цалкам законнае і справядлівае жаданне беларускага народа ўз'яднаць беларускія землі ў адзіную Беларускую Савецкую дзяржаву».

З улікам гэтага найбольш верагоднай прычынай узнікнення «полацкага праекта» было жаданне савецкага кіраўніцтва мінімізаваць супраціў БССР ў плане перадачы Беласточчыны — за беларусаў ужо ўсё было вырашана.

Прыкладныя межы Полацкай вобласці, якая мусіла адысці РСФСР. Карта СССР 1976 года

Гэта пацвярджаецца і іншай акалічнасцю. 27 ліпеня 1944 г. пытанне аб перадачы часткі тэрыторыі БССР Польшчы ў Маскве было прынцыпова вырашана падпісаннем дамоўленасці паміж Урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. 

Кіраўніцтва Беларусі не чыніла перашкодаў гэтаму і ніяк не выказвалася супраць. Неабходнасць у стварэнні Полацкай вобласці ў складзе РСФСР нечакана адпала. 

Была яшчэ і чыста ідэалагічная прычына пакінуць Полацк за БССР.

Савецкія наратывы датычна беларускага народа шмат у чым грунтаваліся на ідэалогіі дарэвалюцыйнага «заходнерусізму». У трактоўцы гэтай ідэалогіі сімваламі тэрыторыі «беларускага племені» былі гарады Вільня, Полацк і Смаленск. Смаленск адабралі ў склад РСФСР, Вільню перадалі Літве. Перадача яшчэ і Полацка са складу Беларусі разбурыла б гэтую ідэалагічную сувязь.

Беларуская ССР у 1945 годзе, ужо пасля канчатковай перадачы Беластоцкай вобласці Польшчы

Цяпер, у новых рэаліях, Панамарэнку давялося абгрунтоўваць мэтазгоднасць захавання Полацка ўжо ў складзе БССР. Менавіта ў гэты час стала актуальнай даведка аб нацыянальным складзе насельніцтва паўночных раёнаў Віцебскай вобласці. 

14 жніўня беларускі кіраўнік сапраўды быў у кабінеце Сталіна і, верагодна, выклаў свае аргументы, але справа была ўжо вырашана. Ягоныя ўспаміны пра той дзень недакладныя. Напрыклад, Хрушчова, які быццам бы «дрэнна хаваў прыкрасць» ад таго, што Полацкая вобласць засталася за БССР, увогуле не было.

Ужо 22 жніўня на расійскай частцы «полацкага праекта» была створана Велікалуцкая вобласць з 19 раёнаў. 

У верасні 1944 г. ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК ВКП(б) прапановы па арганізацыі ў складзе рэспублікі трох новых абласцей — Бабруйскай, Гродзенскай і Полацкай. Вобласці былі створаны Пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 верасня 1944 года. 

Полацкая вобласць была ўтворана практычна з тых жа беларускіх раёнаў, што былі ў расійскім «полацкім праекце»: да 12 яго раёнаў дабавілі яшчэ 3 са складу Вілейскай вобласці: Докшыцкі, Дунілавіцкі і Глыбоцкі, а таксама Курапольскі сельсавет Пастаўскага раёна.

Абкам і аблвыканкам у Полацку ўзначалілі паплечнікі Панамарэнкі па партызанскім руху Якім Жылянін і Уладзімір Лабанок.

Беларусь у чарговы раз ледзь не стала ахвярай падкілімных гульняў савецкіх уладаў, для якіх ідэалагічная і палітычная выгада стаяла вышэй за інтарэсы любога народа.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Дзевянішкаўскі выступ. Як ён з'явіўся на карце?

Панямонне, Падзвінне, Падняпроўе. Навошта за савецкім часам для Беларусі прыдумлялі неіснуючыя рэгіёны

Дэбеларусізацыя. Чаму Смаленшчына не вярнулася ў Беларусь?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
21
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
13
Сумна
12
Абуральна
36
0
Муртазаев/адказаць/
31.03.2024
Бобр, все погорели, ничего не осталось? Или так для красного словца ляпнул?
0
H. Armin/адказаць/
01.04.2024
The Stalinian project was to enforce a "corner" between Belarus and the Baltics.

But today, what is the situation in Nevel and Sebezh ? (the ethno-cultural ground and "feeling", if ther is any ?), and in the westernmost parts of Smolensk and Bransk areas, alongside the border ?
No information about that, NN ?

0
H. Armin/адказаць/
11.04.2024
Effectively, no information.

Але якая сёння сітуацыя ў Невелі і Себежы? (этнакультурная глеба і «адчуванне», калі яно ёсць?), а ў крайніх заходніх раёнах Смаленшчыны і Браншчыны, уздоўж мяжы ? Няма інфармацыі пра гэта,ЧАМУ ?

Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031