Знайсці
20.03.2024 / 09:341РусŁacБел

Чаму Беларусь у лідарах у свеце па дэпрэсіях і чаму такія, як Лукашэнка, да яе не схільныя? Тлумачыць псіхатэрапеўтка

Беларусь знаходзіцца на 8 месцы ў сусветным рэйтынгу са 180 краін па колькасці людзей з дэпрэсіяй. У рэйтынгу па колькасці суіцыдаў Беларусь на 12-м месцы. Наколькі гэта абумоўлена масавымі рэпрэсіямі пасля 2020 года і вайной, у якую ўцягнутая Беларусь? Наколькі рэпрэсіўныя дзеянні ўплываюць на псіхічны стан выканаўцаў рэпрэсій? І ці могуць спецыялісты заўважыць прыкметы дэпрэсіі ў Лукашэнкі і іншых урадоўцаў? Пра гэта «Свабодзе» расказала псіхолаг, псіхатэрапеўтка Наталля Скібская.

Фота: vecteezy

— У Беларусі пражываюць 510 764 чалавекі з выяўленай дэпрэсіяй — гэта 5,6% ад усяго насельніцтва, гэта вынікае з дасьледаваньня, заснаванага на дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя. Сярэдні паказчык долі людзей з дэпрэсіяй па ўсёй плянэце, згодна з дасьледаваньнем, складае 3,9%. Беларусь на 8-м месцы ў сусьветным рэйтынгу са 180 краін па колькасьці людзей з дэпрэсіяй. Наколькі дэпрэсіі беларусаў зьвязаныя з тым, што адбываецца пасьля 2020 году, і з вайной? Ці праўда, што дэпрэсія — гэта натуральная праблема, уласьцівая пэўнаму тыпу людзей пры пэўных умовах?

— Ёсьць людзі, якія схільныя да дэпрэсіі ці дэпрэсіўных станаў. Яшчэ ўплываюць клімат, прырода, колькасьць сонечных дзён у год. Але я лічу, што цяпер мы маем наступствы таго, што нашы людзі знаходзяцца пад трывалым стрэсам. Чацьверты год вельмі складаная сытуацыя, калі ў людзей шмат адчуваньня бездапаможнасьці, бессэнсоўнасьці нейкіх дзеяньняў. Гэта вельмі ўплывае на псыхічны стан людзей.

— Мы бачым у хроніцы даволі часта навіны пра сьмерці сілавікоў ва ўзросьце плюс-мінус 50. У гэтых колах, праўдападобна, не прынята праяўляць, як яны лічаць, слабасьць і зьвяртацца па дапамогу да спэцыяліста па псыхічным здароўі. Наколькі рэпрэсіўныя дзеяньні ўплываюць на псыхічны стан выканаўцаў рэпрэсій?

— Аўтары агрэсіі, аўтары гвалту таксама маюць наступствы ад гвалту, які яны самі чыняць. Яны доўгі час знаходзяцца ў сыстэме, у жорсткай герархіі, там, дзе шмат прымусу і падпарадкаваньня. На іх ідзе моцны ціск з боку сыстэмы, у якой яны знаходзяцца самі. Плюс там шмат параноі і няма з кім падзяліцца пакутамі, пачуцьцямі. Гэта моцна ўплывае. Калі гаварыць пра мужчын, то яны ўвогуле традыцыйна ня схільныя давяраць іншым, пра свае пачуцьці размаўляць. Там шмат кпінаў, шмат жартаў з розных нагодаў, таму і вельмі складана гаварыць пра тое, як яны пакутуюць, што адчуваюць. Гэта ўсё дрэнна і для іх стану.

— Назіраючы звонку за Лукашэнкам і цяперашнімі іншымі кіраўнікамі Беларусі, ці можна спэцыялістам заўважыць у іх стан дэпрэсіі? Ці вядома, што хто-небудзь з найвышэйшых кіраўнікоў зьвяртаўся па дапамогу? І наколькі небясьпечная дэпрэсія ў такіх людзей?

— Я не магу сказаць, што бачу нейкія сымптомы дэпрэсіі. Гэта складана выявіць. Шмат хто зь людзей, якія пакутуюць на дэпрэсію, не расказвае, як ім цяжка. Гэта відавочна на тых людзях, якія маюць схільнасьць да дэпрэсіўных станаў, якія ўвесь час скардзяцца, у іх пэўная мэлёдыка мовы. А калі мы гаворым пра звычайных людзей, то выявіць дэпрэсію можна, калі яны расказваюць пра тое, як яны сьпяць, як яны сябе адчуваюць, што зь імі фізычна адбываецца. Калі чалавек выходзіць у сацыяльную прастору, заўсёды нейкую маску надзявае. Можна проста не заўважыць.

— Што гэта за пэўная мэлёдыка мовы?

— Самы яскравы прыклад — восьлік Іа зь вядомага мульціка. Калі заўсёды заняпад пры канцы сказу. Вельмі падобна людзі з дэпрэсіяй гавораць.

— Слухаючы 5-гадзінныя прамовы, ці можа спэцыяліст зрабіць выснову пра псыхічны стан ці, напрыклад, пра схільнасьць да дэпрэсіі? Калі з аўтаматам выбягаў у 2020 годзе, ці можа гэта быць праявай дэпрэсіі?

— Не. Дэпрэсія — гэта не такое. Калі гаварыць пра Лукашэнку ды іншых людзей на высокіх пасадах, яны звычайна ня вельмі схільныя да дэпрэсіі. Туды рвуцца людзі зь іншымі характарамі, увогуле зь іншымі канструкцыямі псыхікі. Вядома, бывае ў нарцысаў і ў сацыяпатаў дэпрэсія, усё гэта можа быць, але там іншыя ўвогуле мэханізмы абароны псыхікі. Гэтыя людзі калі і пакутуюць на дэпрэсію, то вельмі рэдка, як мне падаецца.

— А хто найчасьцей пакутуе на дэпрэсію?

— Гэта, напэўна, людзі, якія наадварот, падпарадкаваныя, якія адчуваюць на сабе ціск з розных бакоў.

— Ці можа вядомая законапаслухмянасьць беларусаў стаць падставай для дэпрэсіі? Бо трэба падпарадкоўвацца…

— Я б не казала, што трэба зьвяртаць увагу на пакуты з прычыны дэпрэсіі. Няма розьніцы, зь якой прычыны чалавек пакутуе. Калі гаварыць пра дэпрэсію, то самае страшнае, што бывае пры ёй, — гэта схільнасьць да самагубства, суіцыдальныя думкі. І тое, што дэпрэсія зьвязаная з рэакцыяй на нейкія абставіны, проста так не праходзіць. Яе трэба лекаваць.

— Ня ўсе людзі з дэпрэсіяй зьвяртаюцца па дапамогу, вялікая колькасьць беларусаў выехала, і выпадкі дэпрэсій сярод іх ня трапілі ў рэйтынг. Выглядае, што рэальныя лічбы беларусаў з дэпрэсіяй могуць быць большыя. Як вы ацэньваеце маштаб гэтай праблемы?

— Калі гаварыць пра тых людзей, якія зьвяртаюцца па дапамогу, пра маіх кліентаў, то я магу агучыць такія дадзеныя: палова зь іх цяпер на антыдэпрэсантах. Гэта вялікі паказчык. Я была вымушаная спыніць працу зь людзьмі ў Беларусі, бо гэта небясьпечна для маіх кліентаў. Цяпер я працую толькі зь людзьмі, якія знаходзяцца ў эміграцыі.

Чытайце таксама:

«На Шпіцбергене забаронена хаваць людзей». Беларуска расказала, як правяла 50 дзён у самым паўночным паселішчы свету

Павольныя трэніроўкі з нізкай інтэнсіўнасцю — досвед спартоўцаў-чэмпіёнаў паказаў, што гэта працуе найлепш

Вучоныя выявілі дзіўную сувязь паміж тэмпературай цела і дэпрэсіяй

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
14
Абуральна
9
0
Тэкля/адказаць/
20.03.2024
Дэпрэсія - цяжкая хвароба. Трэба звяртацца да спецыялістаў і навучыцца з гэтай хваробай жыць. На жаль, у большасці выпадкаў, за рэмісіяй наступае рэцыдыў. Трэба своечасова гэта распазнаць і пачынаць прафілактычнае лячэнне, каб не наступіў стан, з якога цяжка выйсці. Здароўя ўсім! І фізічнага, і псіхічнага
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930