Знайсці
19.02.2024 / 20:253РусŁacБел

«Федзя на маёй памяці быў вельмі старой белай сухарэбрынай»

Гісторык Андрэй Катлярчук запосціў у фэйсбуку фота з пытаннем, ці ездзіў хто калі на калёсах з такімі старасвецкімі коламі. Бо сам ён такія памятае са сваіх дзіцячых гадоў, часткова праведзеных у Тураве. І яны яму здаваліся экзотыкай. У адказ на гэты пост іншы гісторык у фэйсбуку падзяліўся ўспамінамі са свайго вясковага дзяцінства пра колы, вазы і коней. 

На самай справе экзотыка гэта ўжо для цяперашніх часоў, а гадоў з трыццаць таму такія колы хоць ужо ў цэлым і саступілі пазіцыі гумовым, аднак і нейкай выключнай рэдкасцю яшчэ не былі.

У нас, напрыклад, да самага канца, пакуль у школе быў на балансе як гаспадарчая адзінка конь, а адпаведна і ўсе да яго «аксесуары», воз быў менавіта такі — з драўлянымі коламі, абабітымі металам.

Праўда, у апошнія гады гэтым возам ужо не карысталіся (мабыць, ён быў і няспраўны), паколькі конь, хоць і лічыўся па-ранейшаму школьным, быў практычна «прыватызаваны» ягоным даглядчыкам, мужам дырэктаркі школы. І калі каму з настаўнікаў патрэбна было нешта тым канём перавезці, то бралі і воз таго даглядчыка, які быў ужо на гуме.

Увогуле ж у нас на вёсцы ў часы майго дзяцінства коней, а адпаведна і вазоў, амаль не было. Прыватных коней за савецкім часам трымаць не дазвалялі, а калгасная стайня была ў іншай вёсцы, дзе сам я тады амаль не бываў. Там яны недзе і пасвіліся. А на маіх вачах заўсёды былі фактычна толькі дзве жывёліны — школьны конь і лясніцкі. Асобнае лясніцтва пасля ў нас, праўда, на пару дзясяткаў гадоў былі ліквідавалі, але конь нейкім чынам перааформіўся і працягваў упрыгожваць сваёй прысутнасцю мясцовыя краявіды.

Але той конь быў больш фонам, ім карысталіся іншыя людзі. Нашы ж уласныя патрэбы забяспечваў школьны конь, цяпер амаль легендарны Федзя.

Федзя на маёй памяці быў вельмі старой белай сухарэбрынай. Не ведаю, колькі яму было гадоў, але памятаю, што яшчэ ў 1983 годзе, як мы толькі ў Юркавічы [Лагойскага раёна] прыехалі, ён лічыўся канём ужо старым, якога даўно пара «здаваць на базу».

Але пасля таго яшчэ гадоў як мінімум з 12-13 пражыў і нават прапрацаваў, хоць эфектыўнасць той працы чым далей, тым усё больш змяншалася. Нават на не вельмі даўгіх барознах і з не вельмі цяжкімі вазамі на невялікія адлегласці ён мог па некалькі разоў спыняцца адпачыць, кашляў, моцна пацеў — карацей, выкарыстоўвалі яго толькі дзеля адсутнасці годнай альтэрнатывы.

Зрэшты, больш-менш сур'ёзная патрэба ў ягоных паслугах узнікала толькі вясной і восенню, як трэба было разараць або заараць агароды ды пасадзіць і выкапаць бульбу. Астатні ж час ён збольшага проста пасвіўся на лузе, у садзе ці якіх няўдобіцах, навязаны на металічны ланцуг. Ну а зімой, вядома, стаяў у хляве.

Паводле характару Федзя быў даволі суровы, асабліва не любіў дзяцей. Памятаю, бацька некалі вырашыў з мяне падлетка пажартаваць: конь пасвіўся недалёка ад нашай хаты і бацька сказаў: «Ідзі падыйдзі да Федзі». Я каня не баяўся, бо звычайна быў пры розных гаспадарчых работах ягоным павадыром: браўся за аброць ды вадзіў на радах, каб не збіваўся. Таму і тут смела падышоў, узяў за морду (ён скубаў траву) і паспрабаваў яе падняць уверх.

Федзя спярша проста не даваўся і флегматычна працягваў харчавацца, а пасля, калі я ўсё ж настойваў, раптам развярнуўся, хапянуў мяне за бок, а пасля зноў апусціў морду і вярнуўся да сваіх спраў.

Трэба сказаць, што было балюча, і сіняк пасля на тым месцы вялікі быў з'явіўся. І бацька быў збянтэжаны, бо, гэтак спецыфічна жартуючы, быў упэўнены, што ў каня зубоў няма і такіх вынікаў не будзе. А ў Федзі сапраўды з зубамі справы былі не айс, але вось каб у мяне адбіць ахвоту чапляцца, ягоных абмежаваных рэсурсаў хапіла. Зрэшты, нейкіх глабальных вынікаў гэта не мела: сіняк неўзабаве рассмактаўся, а страху да коней, дзякуй богу, не з'явілася.

У сапраўднае ж коннае царства мне ў тыя гады даводзілася патрапляць на бацькавай радзіме ў Рублі на Століншчыне. Вось ужо дзе іх было процьма, дык гэта там — хадзілі цэлымі табунамі. Таксама ўсе былі, вядома, калгасныя да канца СССР, але

многія мясцовыя мужыкі стацыянарна з імі працавалі і мелі пастаянна за сабой замацаваную жывёліну. Па іх мянушках гэтых коней і называлі — вось гэты Карасёў, гэты Пешкаў, гэты Лысага і г. д. Як прафесія гэтых людзей называлася фармальна, па дакументах, не ведаю, але ў народзе было адносна іх пашыранае акрэсленне «ездовы».

Прынамсі летам гэтых коней ні ў якую стайню не здавалі, часовы гаспадар, прыязджаючы з працы дадому, каня распрагаў і выпускаў пасвіцца на недалёкі выган («на болото»). Хтосьці мог каня перад тым спутаць, але некаторыя выпускалі і так. Як я разумею, гэта ад характару жывёліны залежала — наколькі яна была асабіста схільная пускацца ў авантуры. У кожным разе на ланцуг там іх ніхто іх не навязваў, хадзілі вольна.

Рубельскія коні «на болоці»

І вось гэтых такіх коней уперамешку з каровамі, гусямі ці свіннямі хадзіла «по болоці» проста неймаверная колькасць, былі там прадстаўленыя літаральна ўсе масці ды адценні. І маладыя, і старыя, і кабылы з жарабятамі — былі ўсе чыста. Нават пару штук было нейкіх пярэстых, як каровы — гэта то ўвогуле як дзіва ўспрымалася, я такіх нідзе больш у тыя часы не бачыў. Усе коні былі, канешне, у добрай форме: такіх, як наш Федзя, бачыць там не даводзілася. А назіраць іх даводзілася ў розных абставінах — у тым ліку як праз раку плавалі туды-сюды.

Яшчэ з тых часоў я засвоіў спосаб, як коней можна пры патрэбе пужаць ды адганяць. Яны моцна баяцца звычайнай поліэтыленавай плёнкі. Калі ўзяць яе кавалак у руку ды памахаць-пашалясцець — то коні панічна разбягаюцца ў розныя бакі. Такі самы спосаб, дарэчы, бездакорна працуе і з гусямі.

І калі з коньмі гэта ў маім выпадку рабілася чыста для забавы — проста прыкольна было назіраць, як магутныя жывёліны ад цябе малога панічна разбягаюцца на ўсе бакі, то з гусямі мела і практычнае значэнне. Бываюць такія злосныя агрэсіўныя гусакі, што на цябе ідуць выцягнуўшы шыю ды імкнуцца шчыкнуць за лытку. Але махнеш плёнкай — і зразу ад свайго намеру адмаўляюцца. А вось каровам і свінням гэта ўсё па барабане: хоць цэлай прасцінай з поліэтылену махай — нават не пачэшуцца. Супраць іх трэба іншыя метады.

Чытайце таксама:

«Удзівіцельна, што і Вова тожа прыспасобіўся». Якім быў гісторык Уладзімір Ляхоўскі

Развітанне з Лімай

«Служы пану верне, а ён табе перне»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
2
0
оххх/адказаць/
19.02.2024
На маёй століншчыне у другой палове 80-х такія калёсы сустракаліся, але як правіла ў старых людзей. З ранняга дзяцінства памятаю, што бацька браў каня ў калгасе, воз з жалезнымі, як тады казалі, коламі і вазіў бульбу ў мяшках з сотак. Потым усё ўжо мадэрнізавалі на колы ад опеляў ды мэрсэдэсаў - пярэднія, а заднія з уазікаў. А яшчэ крутыя вазы былі з коламі з верталётаў -- яны лёгкія былі. Дарэчы, ведаю дзе такі воз на жалезным хаду ёсць - пад дахам стаіць. Але, думаю яго шашэль ужо з'еў.
0
Тузік/адказаць/
19.02.2024
Ездзіў на такім возе калі малы быў. Па бруку зусім некамфортна, па жвіры таксама. Гук непрыемны. Звычайна на возе ляжаў ахапак сена накрыты радзюшкай. Усе сядалі там, бо на голых дошках не уседзіш. Сама лепей калі ехаць палявой дарогай ці па траве. Воз на гумовых колах больш камфортны. Каня пускалі пасьвіцца на балота, воз не адчаплялі , а каб далека не пайшоў лейцы прывязвалі да дрэва. Кіраванне Ну! Тпру! І лейцамі управа ці у лева. Пугай дадаеш хуткасць, лейцы на сябе пацягнеш - конь стане. Яшчэ помню конскі гной збіралі і размешвалі з вадой і палівалі жыжкай гарод. Гродзеншчына
20.02.2024
На глыбоччыне і ў нулявых такім апаратам той-сёй карыстаўся ў асноўным сена вазіць - "рэдалі" называліся. І ў майго дзеда такі быў доўгі час калі ўжо не самі трымалі каня. У маёй весцы хіба што толькі апошнія пару гадоў ніхто не трымае каня - а раней заўсёды было колькі сямей што мелі каня ў гшаспадарцы, ну і вядома суседзям давалі ці сена прывезці, ці бульбу садзіць-капацьб ці іншае. Рыштунак, дарэчы ў многіх захоўваўся свой.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930