Знайсці
01.08.2017 / 09:4831РусŁacБел

Пад Пухавічамі 65-гадовы дачнік зладзіў разню, адну жанчыну ўратаваў 6-гадовы ўнук

Раніцай 31 ліпеня ў дачным таварыстве «Флора» пад Пухавічамі 65-гадовы Леанід Юхневіч выйшаў з хаты з нажом. Па невядомай прычыне мужчына зарэзаў адну з суседак, сур’ёзна траўмаваў другую. Яшчэ адна жанчына з дапамогай малога ўнука змагла вырвацца. Калі прыехалі амапаўцы, Юхневіч закрыўся ў сваім доме і ўдарыў сябе нажом. Ён памёр у бальніцы.

Летні дом 64-гадовага Леаніда Юхневіча, які ўчыніў разню ў садовым таварыстве пад Пухавічамі. 

Святлана Рыгораўна — жанчына, якая была паранена суседам, — распавяла «Нашай Ніве» падрабязнасці здарэння.

Леаніда Юхневіча яна сустрэла ўвечары ў нядзелю. Ён пацікавіўся, ці прыедзе на лецішча муж Святланы. Тая сказала, што нібыта збіраўся. На тым і разышліся. 

«Каля 8 раніцы ў панядзелак Лёня грукае ў маю шыбу, кажа: адмыкай! Я здзівілася, бо ў нас плот з сеткі-рабіцы. Усё было закрыта, то бок ён, хутчэй за ўсё, пералез цераз плот.

Я пытаюся: «Лёня, чаго ты хочаш?» А ён адказаў, што яго жонцы вельмі кепска.

Жонка на той момант ужо з’ехала, але ж я не ведала. Я адамкнула, і пачалося, — распавядае Святлана Рыгораўна. — Ён накінуўся на мяне з кухонным нажом, крычаў: «Вы хочаце ў мяне дачу забраць!» Пачалася барацьба. Я схапіла нож за лязо, распарола руку».

Муж Святланы на той момант яшчэ не прыехаў. Але ж разам з ёй у хаце быў шасцігадовы ўнук.

«Я стала бегчы з хаты да брамкі, каб Лёня не пайшоў у дом. Ён яшчэ ўдарыў мяне нажом у спіну, я нож выбіла, — кажа жанчына. — Але ён паваліў мяне на зямлю, схапіў камень. Я трымала яго за руку — і тут унук выскачыў з нейкай дошкай, гістэрычна крычаў: «Не чапай бабулі!»

Я спужалася, пачала крычаць сама: «Дапамажыце! Забіваюць!» Крыкнула ўнуку, каб хутчэй фортку адчыняў. Пасля я — не памятаю як — ударыла Леаніда ў грудзі нагою, ён адляцеў. Тут ужо падбеглі людзі, я адчыніла фортку, схапіла ўнука, пабегла з ім у хату, мы зачынілі дзверы. І ўнук кажа, што міліцыя прыехала».

Юхневіч, хутчэй за ўсё, быў цвярозы, кажа жанчына. Але з «абсалютна шалёным позіркам».

Па словах Святланы Рыгораўны, Леанід змог збегчы ў свой дом. Як — яна не бачыла. Але ён замкнуўся там, па яго прыехаў АМАП, сцвярджае жанчына. Тым часам Леанід ударыў сябе ў грудзі нажом. Яго адвезлі туды ж, куды і Святлану Рыгораўну — у Мар’інагорскую бальніцу. Там мужчына сканаў.

Пазней Святлана Рыгораўна даведалася, што яна не адзіная ахвяра. Юхневіч да таго, як завітаць да яе, ужо забіў 65-гадовую суседку і жорстка параніў іншую. У амаль 80-гадовай жанчыны — тры нажавыя, закрануты страўнік. Яе прааперавалі, цяпер яна ў рэанімацыі.

У самой Святланы Рыгораўны — 4 нажавыя раненні. Пашкоджаныя рука, грудзі, спіна. Паранены твар — напэўна, мужчына цэліў у шыю, але трапіў у падбародак. Нож прайшоў наскрозь, у рот.

І Леанід, і яго ахвяры — з Мінска. Раней яны працавалі ў Мінскім навукова-даследчым прыборабудаўнічым інстытуце (гэта прадпрыемства ў сістэме Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта), разам атрымалі надзелы пад лецішчы ў садовым таварыстве «Флора».

«Я ведаю Лёню даўно, 37 гадоў… Ён працаваў начальнікам слясарнага ўчастка. Пару гадоў таму Леаніда звольнілі з працы. Яму ўсё мроілася, што ў яго хочуць дачу забраць, хочуць кватэру забраць, а яго на вуліцу выкінуць… Хто? Невядома. Казаў, нібыта нейкія «чужыя людзі», — узгадвае Святлана Рыгораўна. —

Гады два таму ў яго было сур’ёзная траўма галавы — яго ці то моцна збілі, ці то штосьці падобнае здарылася. Ён прыйшоў на працу, стала дрэнна, страціў прытомнасць. Месяцы тры Леанід ляжаў у рэанімацыі».

Жанчына кажа, што Юхневіч усё жыццё піў. Пасля выпадку з тым збіццём мужчына выйшаў з бальніцы і жорстка запіў. За гэта яго і звольнілі. Ён вельмі перажываў з гэтай нагоды.

«Не ведаю, як там звальнялі, але Лёня казаў, што цяпер яго ані на якую працу не возьмуць», — кажа Святлана Рыгораўна.

Са сваімі ахвярамі Юхневіч быў у нармальных адносінах, расказвае Святлана Рыгораўна. Жанчыны, да якіх прыйшоў з нажом Леанід, нават сябравалі з яго жонкай.

«Мы з ім размаўлялі. Але ў яго была адна тэма пастаянная. Казаў, што начамі не спіць, што ў яго дом адбяруць, што могуць пасадзіць… — узгадвае жанчына. — Яго жонка казала, што ён яе ўжо дастаў з гэтым… Калі мы бачылі, што ў яго едзе дах, то і жонка бачыла. Чаму нікуды не звярнулася?»

 «Леанід у асноўным купляў толькі цыгарэты. Наколькі я ведаю, жонка яго цалкам «адрэзала» ад грошай, давала толькі на тытунь», — распавёў Валянцін, муж пацярпелай Святланы Рыгораўны.

Мужчына таксама добра ведае Юхневіча — яны працавалі разам.

«Я вельмі добра з ім знаёмы. Мы не сябры, але з Леанідам у нас былі нармальныя адносіны. Мы хадзілі на шпацыр разам. Ніякіх спрэчак ці праблемаў у нас ніколі не было, — кажа Валянцін. — Раней ён піў жорстка, па-чорнаму. Апошнім часам — выпіваў, але рэдка. Але я сам лічу, што ў тым, што здарылася, вінаваты ў тым ліку і алкаголь».

Па словах мужчыны, апошнім часам было заўважна, што з Юхневічам не ўсё ў парадку.

«У яго была нейкая манія пераследу. Усё нібыта хтосьці штосьці ад яго хацеў… Ды і відавочна было, што Леанід неяк пагружаны ў сябе, — распавёў Валянцін. — І вось у яго канчаткова сарвала дах».

Прыкладна тое ж расказваюць і іншыя дачнікі: Юхневіч выпіваў, быў дзіўнаваты.

«Той раніцай я пачула крык, адразу ўзяла ровар і паехала. Бачу — ляжыць жанчына ў крыві, але яшчэ дыхае, — расказвае Марыя Антонаўна, дачніца, якая выклікала міліцыю. — Я нават не пазнала, хто гэта. І недзе іншая жанчына крычыць: «Забіваюць!». А ў мяне не было тэлефона, я вярнулася ў хату, пазваніла ў хуткую і міліцыянтам».

Што магло штурхнуць Леаніда Юхневіча на такі ўчынак, жанчына не ведае.

Міліцыя паведамляе, што першае забойства Юхневіч здзейсніў у 7.40 раніцы. Па словах праваахоўнікаў, мужчына быў п’яны.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031