Які ўзровень радыяцыі на закінутых ядзерных базах пад Шчучынам і Бабруйскам?
Не так даўно я пабываў у закінутых сховішчах, у якіх раней захоўвалася ядзерная зброя. Адно з пытанняў, якія цяпер цікавіць многіх чытачоў: які ўзровень радыяцыі цяпер у гэтых аб'ектах, ці не ўяўляюць яны небяспеку?
У прынцыпе, гэтыя асцярогі небеспадстаўныя — усё, што мае дачыненне да радыяцыі, можа ўяўляць тую ці іншую небяспеку: метал набывае наведзеную радыеактыўнасць, а ў выпадку разгерметызацыі крыніц радыяцыі можа забруджвацца навакольная прастора. Варта ўлічваць і тое, што дадзеныя сховішчы знаходзяцца не на Месяцы, і трапіць туды можна адносна лёгка.
Адразу хачу зрабіць агаворку: дадзеныя замеры не прэтэндуюць на прафесійнае дазіметрычнае даследаванне і выкананы простым бытавым дазіметрам. Тым не менш сёе-тое знайсці ўдалося.
Першы аб'ект — сховішча ядзернай зброі пад Шчучынам.
Як і іншыя падобныя аб'екты, комплекс закінуты ўжо больш за 20 гадоў. Першы замер — на падлозе верхняга паверха казармы, дзе вільготна і шмат моху: як правіла, калі недзе паблізу ёсць радыяцыя, то мох будзе радыеактыўным, ён вельмі добра назапашвае радыенукліды. 21 мкр/гадзіна — практычна норма.
Паднімаемся на дах казармы. У Прыпяці такія дахі вельмі радыеактыўныя, так як на іх зверху выпалі радыеактыўныя ападкі ў выглядзе завісі, і дахі практычна ніяк не дэзактываваліся. Замяраем руберойд і гудронавыя швы — норма, радыеактыўных ападкаў тут не было.
Мох на тэрыторыі вайсковай часці — норма, 16 мкр/гадзіну. Калі б недзе ў гэтым месцы ў грунце прысутнічалі радыенукліды, мох быў бы радыеактыўным.
Памяшканне рэгламентных работ — 24—25 мкр / гадзіну. У прынцыпе, гэта ўжо крыху вышэй за норму, магчыма, нейкая слабая следавая рэакцыя.
Падлога памяшкання рэгламентных работ: калісьці ў гэтым аб'екце перагружалі ядзерныя боегалоўкі. 23 мкр/гадзіну. Было б цікава прыехаць і «панюхаць» гэты аб'ект прафесійным сцынціляторным дэтэктарам.
Падыходзім да самога сховішча, кладзём дазіметр на мох — 27—28 мкр/гадзіну, а вось гэта ўжо цікавей. Гэта бяспечны ўзровень, але невялікае перавышэнне нормы ўжо ёсць, прычым гэта можа быць звязана як з профільнай дзейнасцю аб'екта, так і з чарнобыльскімі ападкамі 1986 года.
Подступы да сховішча, 15 мкр/гадзіну.
Першая запорная брама бункера, 12 мкр/гадзіну.
Перамяшчаемся на іншы аб'ект — аэрадромнае сховішча ядзерных боегаловак пад Бабруйскам.
Першы замер — сыраежка недалёка ад тутэйшага памяшкання рэгламентных работ. 12 мкр/гадзіну.
Памяшканне рэгламентных работ мае дзве доўгія бакавыя патэрны, якія цяпер цалкам выгаралі ў выніку пажару. У правай патэрне фон — 22 мкр/гадзіну.
А цяпер пойдзем да саміх сховішчаў. Падымаемся на завал ля засыпаных уваходных дзвярэй і замераем метал на ўваходзе ў бункер — 10 мкр/гадзіну, норма.
Метал на ўваходзе ў адсекі сховішчы. Фон у норме, як у Менску.
Замер ўнутры адсека — вось проста тут ляжалі ядзерныя боегалоўкі. 17 мкр/гадзіну.
Агулам — абодва аб'екты бяспечныя з пункту гледжання радыяцыйнай бяспекі. Беларускія ядзерныя сховішчы чыстыя.