Знайсці
07.03.2015 / 09:509РусŁacБел

Работнікам ТАА «Мінскі дом вокнаў» і фабрыкі «Маруся» не выплачваюць зарплаты

фота Сяргея Гудзіліна

Дзяржава нічога не можа зрабіць з нядобрасумленнымі працадаўцамі, якія не разлічваюцца са сваімі супрацоўнікамі. Судовыя пастановы няцяжка абысці ці проста праігнараваць. А людзі чакаюць сваіх грошай і па сёння: хтосьці некалькі месяцаў, хтосьці амаль год. Многія ўжо і не спадзяюцца іх атрымаць.

Вокны ў нікуды

«Ужо больш за 6 месяцаў мы не можам атрымаць свой заробак»,— паскардзіўся ў «Нашу Ніву» Уладзімір, былы супрацоўнік ТАА «Мінскі дом вокнаў».

У жніўні 2014 ён уладкаваўся на прадпрыемства рабочым. Праблемы пачаліся ўжо праз месяц, калі прыйшоў час першага заробку: замест абяцаных 6 мільёнаў мужчына атрымаў толькі 1 мільён. Прычым не толькі ён — поўныя сумы не далі нікому.

«Я працаваў на прадпрыемстве каля 6 гадоў, — кажа Максім, былы інжынер «Дома вокнаў». — Мінулай вясной перасталі даваць грошы на амартызацыю аўтамабіля, а напачатку лета перасталі плаціць заробак. Зусім. Нават камандзіроўкі я аплачваў са сваёй кішэні».

Кіраўніцтва папрасіла трошкі пачакаць, маўляў, з імі яшчэ не разлічыліся за працы ў аэрапорце. Прайшоў месяц. Нічога не змянілася.

Кіраўніцтва патлумачыла праблемы ўсё тымі жа кліентамі.

«Тады мы, рабочыя, спынілі працу на дзень. Да нас прыехаў гендырэктар Валерый Бардун і сказаў: «Што хочаце можаце са мной рабіць, але грошай усё роўна няма», — узгадвае Уладзімір.

Увосень з прадпрыемства звольнілася больш за 200 чалавек. Грошай не далі нікому.

Былыя работнікі звярнуліся ў суд, які пастанавіў, што прадпрыемства павінна разлічыцца з людзьмі.

Але ніхто так і не ўбачыў ні капейчыны. Палова акцый прадпрыемства раней належала мільянеру Юрыю Чыжу, але ў снежні 2014 года ён пазбавіўся ад сваёй часткі актыву. Акцыі ў яго набыў Дзмітрый Рублеўскі, уласнік кампаніі «АксАлюмПро». Ён жа і стаў дырэктарам. Былы кіраўнік — Валерый Бардун — заняў пасаду намесніка па камерцыйных пытаннях. Але нічога не змянілася.

«У снежні я атрымала каля 1,5 мільёна рублёў, у студзені — яшчэ 1,2 мільёна. Вось і ўвесь мой заробак за паўгода, — кажа супрацоўніца прадпрыемства.

— Тых, хто застаўся працаваць, абяцаюць аформіць як супрацоўнікаў «АксАлюмПро», каб мы маглі атрымліваць заробак, але на справе нічога не робіцца. Таму людзі звальняюцца.

Калі ўлетку працавала 500—600 чалавек, то цяпер засталося каля 150. «Калі людзі нешта атрымаюць? Я таксама хацеў бы ведаць. Тое, што магу, я раблю. Але ёсць дасудовыя і судовыя працэдуры, на якія я паўплываць не магу, — каментуе сітуацыю Дзмітрый Рублеўскі. — Што тычыцца цяперашніх работнікаў, то бюджэт пражытачнага мінімуму яны атрымліваюць. Суд дае дазвол, і мы ім плацім».

Па словах старэйшага судовага выканаўцы Леаніда Міхалевіча, які займаецца гэтай справай, хутка грошы могуць быць выплачаныя.

«Маёмасць прадпрыемства ўжо апісаная. Але яе рэалізацыю пакуль што спынілі. «Дом вокнаў» хоча частку абсталявання, якая будзе прададзена, замяніць іншым, — тлумачыць Міхалевіч.— 24 лютага будзе судовае пасяджэнне, на якім вырашыцца, ці дазволяць прадпрыемству такі манеўр. Грошы ад продажу праз канфіскат пойдуць на выплату запазычанасцяў былым супрацоўнікам».

Дзіцячае адзенне і дарослае «кідалава»

Падобная бяда здарылася і з работніцай швейнай фабрыкі «Маруся», якая звярнулася ў «Нашу Ніву». Прадпрыемства абяцала добры заробак, але абяцанкі аказаліся цацанкамі.

«За тры месяцы маёй працы я атрымала толькі 1,3 мільёна рублеў — частку зарплаты за першы месяц. І ўсё, — кажа жанчына. — Многія ўвосень яшчэ не атрымалі ўсе грошы за май.

Калі нехта выказваў незадаволенасць такой сітуацыяй, іншыя пыталіся, а як гэта табе будуць плаціць, калі ты абураешся? Маўляў, не трэба псаваць адносіны з начальствам, дык, можа, хоць нешта заплацяць. Кіраўніцтва «Марусі», у сваю чаргу, адказвала проста: грошай няма».

Праз тры месяцы бясплатнай працы жанчына звольнілася. Але разлічвацца з ёй «Маруся» не збіралася.

Тады былая супрацоўніца пайшла ў суд. Судовыя работнікі параілі падпісаць з прадпрыемствам міравое пагадненне, каб хутчэй атрымаць грошы. На працягу двух тыдняў «Маруся» мелася разлічыцца, але праігнаравала ўсе тэрміны. Грошы не выплачаныя і дагэтуль. Праз дэвальвацыю, яны ўжо і «патаннелі» на траціну.

«Судовы выканаўца Ганна Дудко кажа, што на рахунках кампаніі грошай няма, апісаць маёмасць немагчыма — яна ў заставе. Але фірма працуе. Як — невядома», — кажа чытачка.

Як высветлілася, кампанія «Маруся» складаецца з некалькіх розных юрыдычных асобаў. У адносінах да адной з іх — СТАА «Маруся» — ужо ўвогуле распачата працэдура банкруцтва.

У 2011-м кіраўніца «Марусі» Марына Падабед заняла пятае месца ў рэйтынгу самых паспяховых бізнэс-лэдзі Беларусі. Цяпер Марына і яе муж Віктар Падабед могуць быць прыцягнутыя да адказнасці праз запазычанасць па крэдытах, якая, па розных дадзеных, складае ад 1 да 2 мільярдаў рублёў.

Працу ацэншчыкаў ніхто не ацаніў

«Я ўжо і не чакаю, што мне заплацяць», — сумна пасміхаецца гродзенец Сяргей Клімовіч.

У маі 2014 года Сяргею, які займаўся ацэнкай аўтамабіляў, надакучыла працаваць без заробку на мінскім прадпрыемстве «Белпрамацэнка». Далейшы ход падзей стандартны: ён звольніўся, пайшоў у суд, суд пастанавіў працадаўцу выплаціць грошы… Клімовіч не атрымаў нічога.

І не толькі ён — калегі, якія таксама звольніліся, грошай не ўбачылі. Далей чаканне, новыя пастановы суда… Але ўсё дарма. «Белпрамацэнка» працягвала ігнараваць сваіх былых супрацоўнікаў. Агульная сума, якую прадпрыемства павінна выплаціць, ужо набліжаецца да мільярда рублёў.

«Усім абыякава. Да судовых выканаўцаў проста не дазваніцца.

Я нават скаргу на іх напісаў ва упраўленне юстыцыі, — кажа Клімовіч. — Хоць на грошы ўжо і не разлічваю, буду рыхтаваць ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. Калі яны не адкажуць, то і ўсё. Няма ўжо ні часу, ні жадання з гэтым змагацца».

Алена Шэўчык, якая выконвала абавязкі дырэктара «Белпрамацэнкі», хутка ўзначаліла новае прадпрыемства — «БПО-Экспертыза». Яно аказвае такія ж паслугі і нават працуе па былых тэлефонных нумарах «Белпрамацэнкі». Звязацца з Шэўчык немагчыма — мабільнік недаступны, а на працы яе няма.

Прагноз не суцяшальны

«Калі фірма не плаціць грошай былым супрацоўнікам, але на ёй працуюць людзі, якія атрымліваюць заробак, то ўзнікае пытанне, адкуль гэтыя грошы бяруцца. У такой сітуацыі варта звяртацца ў пракуратуру. Такія паводзіны кіраўніцтва могуць разглядацца як махлярства — калі заснавальнік адкрывае іншую кантору менавіта каб не плаціць па запазычанасцях. Ацэньваюць гэта следчыя органы і суд. Мы падавалі такія заявы, і нам адмаўлялі, бо адным з крытэрыяў махлярства з’яўляецца намер, то бок калі асоба планавала выкарыстаць людзей і не заплаціць. А даказаць гэта вельмі цяжка,— каментуе адвакат Сяргей Зікрацкі. — Увогуле, прагноз не суцяшальны. Гісторыі, калі ў кіраўніцтва некалькі фірмаў ці калі яны кідаюць адну і адкрываюць іншую — не рэдкасць. І праваахоўныя органы за такія справы бяруцца вельмі неахвотна».

***

Па інфармацыі Белстата, па стане на 1 лютага 2015 года 277 арганізацый мелі пратэрмінаваныя запазычанасці па зарплаце. Сваіх грошай чакаюць 49 300 работнікаў. Пратэрмінаваная запазычанасць перавышае 170 мільярдаў рублёў.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031