Знайсці
18.12.2014 / 15:354РусŁacБел

Ад чаго людзі растуць

Свет належаў каратышам. Так было да вынаходніцтва аўтамабіляў і антыбіётыкаў. Толькі тады еўрапейскі мужчына перарос сённяшнюю дзяўчыну, распавядае The Atlantic.

Найніжэйшы чалавек у свеце Чандра Бахандур Дангі (54 см) і найвышэйшы чалавек у свеце Султан Кёсэн (251 см). Фота: Luke MacGregor/Reuters

Эканаміст Эсэкскага ўніверсітэту Цім Хатан прааналізаваў звесткі аб росце 21-гадовых еўрапейцаў з 1860 па 1980 год.

За сто год, з 1870 па 1970, еўрапейцы сталі вышэйшымі на 11 сантыметраў.

З Напалеона Банапарта часта смяюцца як з карліка. Але французскі імператар ростам у 1,67 метра быў гігантам для свайго часу — такога сярэдняга росту французы дасягнулі толькі праз 35 год па яго смерці.

У 1848 годзе чвэрць галандцаў не бралі ў войска, бо яны былі ніжэйшымі за норму ў 157.5 сантыметраў. Сёння мужчыны Нідэрландаў з сярэднім ростам у 183 см – найвышэйшыя ў Еўропе.

У сярэднем еўрапейцы раслі хутчэй за паўднёвых азіятаў, лацінаамерыканцаў і афрыканцаў.

Паміж сусветнымі войнамі ежа стала таннейшай, а людзі сталі масава перасяляцца з вёсак у гарады, далей ад фізічнай працы на фермах. Мяркуецца, што гэта паспрыяла падрастанню еўрапейцаў. Але справа не толькі ў тым.

Каля 80% росту вызначаныя чалавечымі генамі. Але астатнія 20% вызначаюцца харчаваннем ды санітарыяй.

«Гэтая машына спажывае пры базавым метабалізме каля 1200-1400 калорый на дзень, каб дыхаць, награвацца, абарочваць кроў ды змагацца з інфекцыямі, а таксама расці» – пісаў эканаміст Рычард Стэкель пра чалавечае цела.

Мы спажываем ежу, каб сілкаваць наш унутраны рухавік. Але калі рухавік мусіць траціць шмат высілкаў на барацьбу з заразай, рост адступае на апошні план.

Здаровае асяроддзе ў дзяцінстве можа даць вам 7—10 сантыметраў росту. А нездаровае можа і адабраць.

Тыя, хто нарадзіўся ў Паўночнай Карэі пасля падзелу краіны, былі ў сярэднем на 5 сантыметраў карацейшымі за паўднёвых братоў па звестках на 2004 год.

Па звестках на 2000 год дзеці народу мая, што раслі ў ЗША, былі на 10 сантыметраў вышэйшымі за суайчыннікаў, што жылі ў роднай Гватэмале.

Ад 1980-х белыя амерыканцы падраслі, тым часам як чарнаскурыя (якія звычайна жывуць у горшых умовах) не змяніліся ў сярэднім росце.

Амерыканцы адстаюць па тэмпах росту ад еўрапейцаў.

Даследчык эканамічнай гісторыі Джон Комлас мяркуе, што гэта выклікана горшай аховай здароўя ў ЗША, а таксама спажываннем большай колькасці ежы, згатаванай не дома, багатай на тлушчы, з высокай энэргетычнай каштоўнасцю, ды нізкай колькасцю неабходных мікраэлементаў.

Што цікава, рост росту суправаджаўся зніжэннем смяротнасці немаўлятаў. Гэтую залежнасць Хатан з калегамі даследаваў, стварыўшы базу звестак пра 2200 брытанскіх салдат, што служылі падчас Першай сусветнай вайны.

Вось некаторыя высновы аналізу звестак:

  • Дзеці «белых каўнерыкаў» былі вышэйшымі.
  • Чым больш дзяцей было ў сям’і, тым ніжэйшымі яны былі.
  • Дзеці пісьменных матуляў былі вышэйшымі за дзяцей непісьменных.
  • Людзі з рабочых кварталаў (а «віктарыянскія Шабаны» канца ХІХ стагоддзя былі агіднымі трушчобамі) былі ніжэйшымі за сялян.

Лепей вёска, чым рабочыя кварталы Лондана 1890-х. На фота: раён Стары Ніколь, здымак з гарадскога архіву

Яшчэ цікавейшым стаў вынік даследвання Хатана ў 2010 годзе: падзенне ўрадлівасці брытанскіх жанчын ад 5 да 2 дзяцей з 1906 па 1938 год дало каля 40% эфекту на рост.

Канечне, гэта не прычына адмовіцца ад нараджэння дзяцей. Хутчэй, прычына карміць дзяцей якаснай ежай ды расціць іх здаровымі, каб яны раслі высокімі. Ды не забываць, што нізкія людзі таксама могуць быць здаровымі – значную ролю маюць гены.

Аляксандр Арсёнаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031