Знайсці
21.02.2018 / 09:097РусŁacБел

Тэрапеўт аб прастудзе: Не трэба баяцца, не заўсёды патрэбныя лекі, часам досыць проста змяніць лад жыцця

Хворыя часта ўпадаюць у крайнасці і перабольшваюць тую небяспеку, якую можа несці з сабой прастуда. Як правільна сябе паводзіць у выпадку прастуды, чаму не ў кожным выпадку варта браць бальнічны і як наш арганізм рэагуе на прастуду — пра гэта нам расказала доктарка-тэрапеўтка медыцынскага цэнтра «Ладэ» Таццяна Ерафеева.

Таццяна Ерафеева.

— Зіма ўжо хутка скончыцца, а сур'ёзнай эпідэміі прастудных захворванняў і грыпу ў гэтым сезоне яшчэ не было. Ці значыць гэта, што ўжо можна расслабіцца і не баяцца іх прыходу?

— Сапраўды, у гэтым годзе хварэюць крыху менш, чым у мінулым і пазамінулым годзе, аднак неабходна памятаць, што ў нашай краіне сезонным пікам з'яўляюцца люты і сакавік — гэта значыць, усплёск захворвання можа быць яшчэ наперадзе.

— Да якіх сур'ёзных ускладненняў можа прывесці любая, нават самая бяскрыўдная прастуда?

— Любая прастуда можа прывесці да ўскладненняў, у першую чаргу з боку верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў. Гэта сінусіт (гаймарыт, франціт), атыт (запаленне сярэдняга вуха з моцнымі болямі), бранхіт і пнеўманія. Радзей мы назіраем сістэмныя ўскладненні, якія не закранаюць органы дыхання — міякардыты (запаленне сардэчнай мышцы), запаленне нырак, яшчэ радзей менінгіт і энцэфаліт (запаленне галаўнога мозгу і яго абалонак).

— Як мы можам прадухіліць узнікненне гэтых ускладненняў?

— Самая лепшая прафілактыка ўскладненняў — гэта прышчэпка (калі гаворка ідзе пра грып) і правільнае лячэнне. Калі вы ўсё ж захварэлі — пры высокай тэмпературы прытрымлівайцеся пасцельнага рэжыму, піце шмат вадкасці, прымайце прызначанае лячэнне.

— Выдзяленні з носа і чханне — адны з сімптомаў прастудных захворванняў. Якая прырода гэтых з'яў? Што прымушае наш арганізм так рэагаваць на прастуду?

— Гэта прыкметы самаачышчэння, бо нос першым кантактуе з інфекцыяй. Каб гэтую інфекцыю вывесці, пачынае выдзяляецца слізь. Гэта ўсё дзеля ачышчэння нашага арганізма. Разам са сліззю з носа выдзяляецца інфекцыя. З чханнем яна выходзіць яшчэ лепш і больш эфектыўна.

Пры віруснай інфекцыі — а ў пачатку часцяком гэта менавіта вірусная інфекцыя, — выдзяленні з носа больш празрыстыя і вадзяністыя, і яны больш заразныя. Калі праз некаторы час з'яўляюцца больш цёмныя, жоўтыя ці зялёныя выдзяленні — гэта азначае, што далучылася бактэрыяльная мікрафлора і чалавек ужо менш заразны.

— Вось я захварэў. Мае першыя дзеянні?

— Усё залежыць ад канкрэтнага выпадку. Не кожная прастуда мае патрэбу ў прыёме лекаў. Часам дастаткова проста змяніць лад жыцця, піць патагонную гарбату з малінай або ліпай. Я не прыхільнік прыёму лекаў з першага чхання. Аднак,

калі ваша тэмпература вышэйшая за 38 градусаў, хвароба праяўляецца не толькі насмаркам і тэмпературай, але і задышкай, выразнай слабасцю, то тады варта прымаць лекі і неабходна звярнуцца да доктара.

— Ці адразу варта прасіць бальнічны ў доктара?

— Часта людзі пераацэньваюць небяспеку і рызыкі прастудных захворванняў. Не заўсёды прастуда — гэта нешта суперцяжкае і небяспечнае. Добра, што людзі ходзяць да лекара і правяраюцца, але нярэдка прастылы чалавек захоўвае працаздольнасць. Не трэба ва ўсіх выпадках упадаць у крайнасці і ўкладвацца ў ложак на два тыдні. Бывае, што рэзкае зніжэнне актыўнасці толькі падаўжае час хваробы.

Цяпер да нас прыходзіць шмат прастылых, у тым ліку тых, хто жадае атрымаць бальнічны. Хоць мы бачым, што некаторыя з іх працаздольныя. Мы вельмі хацелі б, каб людзі ішлі да лекараў не толькі па паперку, але і па параду, якой яны будуць прытрымлівацца.

І галоўнае пажаданне ўсім чытачам: старайцеся не хварэць! Для прафілактыкі прастуд трэба сачыць за сабой і сваім ладам жыцця. Калі вы працуеце за камп'ютарам у офісе, дзе шмат людзей, не займаецеся фітнесам, у вас ёсць лішняя вага і шмат шкодных звычак, то імунітэт будзе слабым, частыя інфекцыі вам забяспечаны. Неабходна адказна ставіцца да свайго здароўя і весці здаровы лад жыцця, тады імунітэт будзе моцны і вы не захварэеце!

ААТ «Экзон» УНП 200433278

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930