Знайсці
13.10.2017 / 12:51РусŁacБел

Dzieciuki & Міхась Чарот. «Пабудзіць балота гучным шумам»

Гурт Dzieciuki запісаў для праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» песьню на верш Міхася Чарота «Бунтар».

Міхась Чарот — той самы аўтар «Купалінкі», якая доўгі час лічылася народнай. Настаўнік паводле адукацыі, актор трупы Галубка, артыст хору Тэраўскага, удзельнік антыпольскага падпольля і арганізатар паўстанцкіх атрадаў падчас грамадзянскай вайны і інтэрвэнцыі. Ён быў адным са стваральнікаў «Маладняка» і ўладальнікам самага першага пасьведчаньня аб’яднаньня. Менавіта па ягонай аповесьці «Сьвінапас» быў зьняты фільм «Лясная быль», які прэтэндуе на званьне першай беларускай стужкі. Свой апошні верш «Прысяга» ён выдрапаў у камэры «амэрыканкі» перад расстрэлам у 1937-м… Падрабязьней пра гэтую надзвычай цікавую асобу распавядзе дасьледчыца Ганна Севярынец у межах адкрытай лекцыі праекту «(Не)расстраляная паэзія» 20 кастрычніка ў кнігарні «Логвінаў».

ПАДТРЫМАЦЬ ПРАЕКТ НА TALAKA.BY

Верш «Бунтар» — безумоўна ёсьць візытоўкаю Чарота. Радкі «Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар//Я балота буджу гучным шумам» выдатна падышлі пад эстэтыку гарадзенскай фольк-панкавай фармацыі Dzieciuki. Музыкі зь вялікім інтарэсам паставіліся да праекту. «Як тут не лічыць праект важным, калі цэлы пласт інтэлігенцыі закапалі ў зямлю?, — кажа вакаліст каманды Алесь Дзянісаў. — Пра гэта трэба казаць. І сьпяваць. Усё што засталося ад паэтаў — іх творы. Шмат што было зьнішчана, але і шмат засталося. Выдатны праект, бо дае магчымасьць загінуўшым паэтам зьвярнуцца да нашчадкаў»…

НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТНУЮ ПРЭЗЭНТАЦЫЮ ПРАЕКТУ «(НЕ)РАССТРАЛЯНАЯ ПАЭЗІЯ»

Музыкі сыходзілі з таго, што такі бунтарскі верш-крык чалавека неабыякавага, якому баліць, мусіць быць вырашаны ў адпаведным баявым настроі. Таму атрымалася мажорная песьня, якую напісаў гітарыст каманды Андрэй Пудзін, а канчатковую аранжыроўку зрабілі ўсе разам. «Не магу сказаць, што лёгка працавалася. Штосьці зьмянялі, нейкія кавалкі выкідалі, затое, запісаліся даволі хутка!», — кажа Алесь.

Dzieciuki плянуюць выконваць «Бунтара» на сваіх канцэртах.

Dzieciuki «Бунтар» (музыка гурту, словы Міхася Чарота)

Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.
Я балота буджу гучным шумам.
У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,
Але змоўкнуць ня дам сваім струнам.

Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну —
Славу, будучнасьць я ім прарочу…
Я, мяцежны бунтар, клічу жыцьця вясну,
Клічу к працы свабоднай і творчай.

Як ня счуюць мяне, я мацней загуду,
Дам гучнейшы акорд песьні новай…
А каб змыць зь зямлі бруд, скалыхну я ваду,
Што дажджом налілася сьвінцовым.

Чаму ж вы, песьняры, што будзілі людзей,
Чуць ня хочаце песьні чарота?
Нашы песьні — наш кліч, бо адных мы грудзей,
Край адзін наш — то наша балота.

Дык шумі, як шумеў, велікан-ясакар,
Шапаці, сьпелы колас, у полі…
А я песьню сваю буду пець — я бунтар!
Буду клікаць народ свой да Волі.

(1922)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930