Знайсці
20.09.2011 / 10:10РусŁacБел

Кніга-фантом

Крытык Павал Абрамовіч пра новы твор Ігара Бабкова.

Кнігі некаторых беларускіх пісьменнікаў маюць выдатны прафесійны пачатак, у якім суладныя ўсе элементы літаратурна-мастацкай творчасці, але праз колькі дзесяткаў старонак адбываецца непапраўнае: літаратары быццам страчваюць энэргію, што бачна найперш па згасанні іх мастацкіх стыляў, змяненні сутнасцяў гісторыяў. Быццам ёсьць дом, і разьлітая ў кубачкі кава шчэ дыміцца на стале, аднак гаспадар раптоўна сышоў у невядомым кірунку. Сышоў назаўсёды — літаратурны твор красамоўна сведчыць аб гэтым. І далей кніга з заключанай унутры гісторыяй, спавітай у цянётах слоў, якія прамаўляе немаведама хто, існуе сама па сабе, па інэрцыі. Астываючы, як пакінутыя кава ў кубачку і натоплены з раніцы дом.

Кнігі-фантомы — так бы я назваў іх.

Яскравым прыкладам кнігі-фантому ёсьць раман Алеся Наварыча «Літоўскі воўк» — тое, што паўставала як выкшталцоны раман у жанры магічнага рэалізму, дзесьці праз дваццаць-трыццаць старонак перарабілася ў нуднаваты сухі аповяд, прафесійна вытрыманы ў стылістыцы сацарту, з бясконцымі грувасткімі дыялогамі і перадыслакацыямі конных пэрсанажаў з неакрэсленымі тварамі. Я дачытаў яе, каб упэўніцца: сілы, якая рухала Наварычам, тут больш няма. Калі ўзяць класіку, то тут кнігай-фантомам можна лічыць, у прыватнасці, раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя» — ужо ў другім раздзеле кнігі іскрыстыя крыніцы жыватворнага гумару і сатыры назаўсёды засыпаюцца цяжкім глеем сырога сур’ёзнага аповяду, і ад карнавальнай мітусні герояў, якая стварае ілюзію прысутнасці аўтара, іхняй бессэнсоўнай камунікацыі і жэстыкуляцыі, смяшкоў і розных глупстваў, пачынае балець галава, быццам я беларускіх радыё-дыджэяў слухаю, а не мастацкі твор чытаю.

Я вельмі чакаў новай празаічнай кнігі Ігара Бабкова. Маё чаканне расцягнулася на цэлае дзесяцігоддзе — менавіта столькі часу адкладзена на адрэзку часу між «Партрэтам мастака, нябачным у сутонні» («Дзеяслоў», № 4–2011) і «Адамам Клакоцкім і ягонымі ценямі» (2001). Праўда, у прадмове да «Партрэта» Бабкоў кажа, што частак новай кнігі, «досыць разлеглай», насамрэч шэсць, і яны творацца кожная ў сваім рытме. Аднак ці можна верыць гэтым словам аб гісторыі, якая, не адмаўляе аўтар, аднойчы сама знайшла яго? Дарэчы, вось яно — праўдзівае прызнанне: гісторыя, сюжэт, сама інтанацыя твора абірае літаратара. Калі ж «Партрэт» разглядаць асобна ад астатніх, няісных (?) частак рамана (тэкст сапраўды выглядае канцэптуальна-самастойным), то бачная ўсё тая ж прыкрасць. Кніга з эстэтычна бездакорным пачаткам, умацаваным рэмінісцэнцыяй з «Адама Клакоцкага» (аўтар быццам заклаў надзейны магічны камень-валун у падмурак новага рамана), пакрысе ператвараецца ў канспект, каркас, дом без гаспадара. «Партрэт» спачатку пішацца цвёрдай, таленавітай рукою майстра, але раптоўна для чытача (гэта той самы момант, калі гісторыя пакідае аўтара — больш гэты дом ёй непатрэбны), Бабкоў адкладае пэндзаль і фарбы, каб, узяўшыся за просты аловак, далей рабіць толькі накіды на «Партрэце» — і не пісьменніка Францішака, а новых герояў — Багдана і Эвы Дамінікі, і замест таго, каб тварыць свой тэкст, разбірае верш Баляслава Лесмяна.

«Далейшае ў маёй гісторыі было б высока-трагічным».

О, гэтыя словы «маёй» і «было б»!.. Бабкоў спрабуе даказаць (найперш самому сабе) уласнае аўтарства, намагаецца ўплываць на хаду кнігі. Але яна пакрысе сплывае ў будучыню, пакідаючы яго.

Магчыма, гісторыя яшчэ ўзнімецца да Бабкова з недасяжных, нябачных глыбінь, увойдзе ў пакінуты дом, каб застацца назаўсёды, — відавочна, аўтар «Адама Клакоцкага» здольны цярпліва чакаць. А пакуль у нас ёсць толькі новая кніга-фантом — твор, які цікава пачынаць чытаць.

paval-abramovi4.livejournal.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031