Знайсці
18.08.2011 / 23:197РусŁacБел

Жыць значыць стамляцца

Прамова Янкі Запрудніка на сваім 85-годдзі.

14 жніўня доктар гісторыі і адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ЗША Янка Запруднік сабраў сваіх сяброў і сваякоў на банкет з нагоды свайго 85-годзьдзя. Былі віншаваньні, песьні. Адну з іх напісаў сам юбіляр у гонар сваёй жонкі. А вось што сказаў Ян Запруднік з нагоды сваёй паважнай даты.

Чалавека заўсёды цікавіла, ШТО ляжыць па тым баку зямнога існаваньня. Меркаваньняў на гэтую тэму поўна. Займаюцца ёю рэлігія, розныя філязофіі й вераваньні. А ў дадатак да ўсяго ёсьць таксама й практычная мудрасьць, як чалавеку падрыхтавацца да, па магчымасьці, лягчэйшага адыходу з гэтага жыцьця. Вось жа кавалак такой мудрасьці я пачуў, яшчэ быўшы студэнтам, ад бэльгійскага манаха, які апекаваўся нашай студэнцкай грамадой.

Па-француску гэта гучэла: Vivre c’est d’être fatigué, даслоўна: жыць — гэта быць змучаным, а больш адпаведна, і нават паэтычна — жыць да стомы. Пачуўшы гэтую фразу, я яе адразу ж запісаў сабе як дэвіз у свой дзёньнік. І сапраўды, «жыць да стомы» значыла для мяне быць сканцэнтраваным на рабленьні канкрэтнага, якое патрэбнае іншым людзям.
Гэта давала мне імпульс да задавальняньня патрэбаў сям’і, сяброў, людзей у цяжкіх абставінах. Занятасьць такімі справамі напаўняла адчуваньнем належаньня да большае грамады, сацыяльнае й нацыянальнае, а таксама агульначалавечае; трымала маю ўвагу на пазытыўным; напаўняла смагай пазнаньня ды ўзнагароджвала пачуцьцём карыснасьці, надавала майму зямному існаваньню паглыбленае значэньне.

Развагі над гэтымі аспэктамі жыцьця падвялі мяне да цяпер да фундамэнтальнае загадкі: Што такое Час (зь вялікай літары) і якое маё дачыненьне да яго? Ад таго ж манаха аднойчы, калі я пажаліўся, што ня маю часу, я пачуў: «Час — твой, бяры». Якая цудоўная думка: час — твой, бяры! Дык што такое — час, апрача руху гадзіньнікавай стрэлкі? Якое нашае дачыненьне да гэтай загадкавай вечнай катэгорыі? І калі мы бярэм час, ці мы бярэм разам зь ім таксама вечнасьць?..

Развагі над гэтым пытаньнем, нават калі на яго ня можаш даць станоўчага адказу, аблягчаюць, я так адчуваю, экзыстэнцыйны цяжар ды напаўняюць наша існаваньне глыбейшым сэнсам, чымся толькі бытавая штодзёншчына.

Янка Запруднік

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031