Знайсці
07.07.2010 / 13:581РусŁacБел

Сусветная зорка балета Ніна Ананіяшвілі: Я давала свае грошы артыстам, каб яны прыязджалі ў тэатр

Сусветная зорка некалькі гадоў таму стала мастацкім кіраўніком Грузінскага балета. І прывезла яго ў Мінск.

Візіт Тбіліскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета арганізаваны пад патранатам прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі. Ён быў прымеркаваны да святкавання Дня Незалежнасці Беларусі. Грузінскі балет завітаў у Мінск адразу пасля трохмесячных гастроляў па Амерыцы і стаўся свайго роду падарункам да свята ад яшчэ адной незалежнай постсавецкай краіны. Сапраўды так, бо Ніна Ананіяшвілі, балерына з сусветным імем, з'яўляецца жонкай міністра замежных спраў Грузіі.

Чароўная Ніна, якую амаль за 30 гадоў творчай кар'еры ведаюць і любяць у лепшых балетных трупах свету, дагэтуль танцуе, хоць з'яўляецца маладой мамай. І паназіраўшы нават за рэпетыцыяй грузінскіх артыстаў пад яе кіраўніцтвам, разумееш, чаму падымаць балет у Грузіі запрасілі менавіта зорку, якая здольная стварыць новы твар грузінскага тэатра: яна ведае, што значыць тэатр, і ведае, што значыць сусветны ўзровень. Тэатр імя Паліяшвілі разам з творчымі пераменамі, якія адбываюцца, чакае і рэканструкцыя. А ў гэты час вельмі патрэбныя падтрымка і зносіны з тэатрамі іншых краін. Вось дзеля гэтага паміж беларускім і грузінскім тэатрам быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Згодна з ім беларускія балетаманы змогуць паглядзець не толькі тры спектаклі зараз. Ёсць думкі пра тое, што тэатры могуць рабіць сумесныя пастаноўкі ці абменьвацца артыстамі. Ніна Ананіяшвілі патлумачыла:

Пра агульнае

— У нас шмат агульнага — і духоўна, і рэлігійна, і гістарычна. У народаў ёсць разуменне адзін аднаго. Зносіны насамрэч важныя для развіцця нашых краін, якія ў апошні час разнесла ў розныя бакі, кожны існуе са сваімі праблемамі. Але хто нас лепш зразумее, калі мы будзем расказваць пра свае цяжкасці, чым вы?.. Замежніку немагчыма расказваць, што перажылі нашы людзі, яны смяюцца: "А ты што, не магла пайсці ў іншую краму і купіць каўбасу?" Я кажу, што і там не было каўбасы. І яны не разумеюць. Калі я кажу, што стаяла ў чарзе па тры гадзіны і трымала валізкі ў Маскве на холадзе, у мяне пытаюцца: "А ты машыну не магла ўзяць?" Я кажу, не магла, бо машыны ў мяне не было на той час... Нашы людзі перажылі разам шмат. Мы людзі па крыві. Таму я сёння кажу: не важна, дзе мы апынуліся, мы павінны супрацоўнічаць і ствараць разам. Хачу, каб гэта было не толькі на тэатральным мастацкім узроўні, а на ўзроўні нашых дзяцей. На жаль, сёння мала хто ведае, што такое Грузія і хто такі грузін, акрамя дрэннай інфармацыі, якая ідзе па расійскім ТБ. Рускамоўнае тэлебачанне мы бачым і чуем. Але наша тэлебачанне ніхто не разумее. Інфармацыя ідзе ў адзін бок.

Пра Грузію

— Я калі ў 2004-м прыехала на інаўгурацыю прэзідэнта Грузіі, яго не ведала, палітыкай не цікавілася. Але мяне запрасілі. Тады адна лямпачка гарэла ў тэатры Руставелі. Тбілісі быў цёмны, святло не гарэла. Прайшло 6 гадоў — аднавілі дарогі, масты, растуць новыя будынкі. Свабода слова ў краіне. Дзе, у якой іншай краіне можна паліваць прэзідэнта так, як у нас, і нічога не адбываецца? У нас як свабода — дык натуральная!.. Змены яўна ёсць. У нас паліцыя хабар не бярэ — у банк ідзеш і плаціш штраф. Я машыну паставіла не там, тут жа падыходзіць паліцэйскі: "Ніна, мы ведаем вас, але вы павінны 40 лары заплаціць, бо тут нельга стаяць...". У ВНУ паступіць па блаце немагчыма. Гэта вялікая рэвалюцыя для нашай краіны. Аднаўляюцца гарады, і тэатр функцыянуе. Я шчаслівая, што прыехала ў Тбілісі.

Пра ролю Мінска ў сваім жыцці

— Гэта было вельмі даўно, у мяне вельмі добрыя ўспаміны. Я ехала з аэрапорта і ўзнаўляла ў галаве тое, што было, рэпетыцыі з Валянцінам Елізар'евым, які зрабіў для нас нумар і мы перамаглі на конкурсе сучаснай харэаграфіі. Была заслуга гэтага нумара, таму што артысты рускай школы заўсёды добра танцавалі класіку. А ў сучасных нумарах мы заўсёды выглядалі сціпла. Калі з Андрысам Ліепам прыехалі ў Амерыку, то былі першымі прадстаўнікамі Савецкага Саюза на тым конкурсе. І станцавалі такі сучасны нумар, што ніхто нічога не змог сказаць супраць. Гэта быў для нас вялікі гонар. Потым мы часта сустракаліся, я прыязджала ў Мінск, танцавала тут "Лебядзінае возера" з Аляксеем Фадзеічавым, маім партнёрам. Прыемныя ўспаміны пра дні, праведзеныя ў Мінску. Я вельмі рада, што зараз прыехала ўжо не як артыстка, хоць сама танцую, а ў гэты раз я тут як кіраўнік трупы. Мы пакажам цікавыя балеты. "Сагалабелі" — паводле грузінскага фальклору, наш эксклюзіў, які спецыяльна паставіў для нас Юрый Посахаў, які быў зоркай Вялікага тэатра, але з'ехаў у Сан-Францыска. "Шэсць танцаў" геніяльнага харэографа ХХІ стагоддзя Іржы Кіліяна на музыку Моцарта, адзін з самых любімых балетаў нашай публікі, з гумарам. "Серэнада" на музыку Чайкоўскага ў харэаграфіі Баланчына.

Пра пасаду кіраўніка

— Гэта было цяжкае рашэнне для мяне. У 2004-м годзе я знаходзілася ў Нью-Ёрку, танцавала з амерыканскім балетным тэатрам у "Метраполітэне". Там атрымала тэлефанаванне: "Ніна, калі прыязджаеце ў Тбілісі, з вамі хоча прэзідэнт сустрэцца". У жніўні я збіралася да бацькоў. Я не змагла схаваць, што прыехала, мяне літаральна з самалёта знялі. Міхаіл Саакашвілі сустрэўся са мной і сказаў, што хоча, каб я вярнулася ў Тбілісі як кіраўнік. Аказваецца, ён глядзеў маё выступленне ў "Метраполітэне". Ён ведаў пра мяне, а я пра яго — не. Я апынулася ў такой сітуацыі: малады энергічны прэзідэнт, які хоча зрабіць для краіны ўсё і вельмі хутка, і было няёмка сказаць яму: "А вы спачатку зрабіце, я пагляджу". Я не змагла сказаць "не". І літаральна праз пяць гадзін мяне пазнаёмілі з трупай, якая ў жніўні за некалькі гадзін сабралася. Знаёміў сам прэзідэнт. Усе крычалі: "Ура!.." Я кажу: не спяшайцеся, дайце мне тры гады, тады пагледзіце.

Безумоўна, прэзідэнт абяцаў фінансаванне тэатра. Гэта было вельмі важна, бо тэатр быў у дрэнным стане. Людзі не мелі грошай на дарогу, яны хадзілі пешшу. Гэта былі асобныя грошы на заробак людзей і асобныя грошы на пастаноўкі з прэзідэнцкага фонду, паводле Дзяржаўнай праграмы развіцця балетнага мастацтва Грузіі. Калі я прыйшла, сказала: "У мяне павінна быць усё, што было ў Вялікім тэатры. Усё павінна быць на высокім узроўні". І мы сапраўды за першы год зрабілі пяць пастановак, я пачала з сучаснай праграмы.

Артыстам шчыра напачатку прызналася, што грошы павінны быць толькі ў лістападзе, але калі пачнём працаваць у лістападзе, то толькі ўзімку выпусцім спектакль. А гэта позна. Усе сказалі: пакуль будзем працаваць так. Я сама давала асабістыя грошы некаторым артыстам, каб яны толькі прыязджалі ў тэатр. Ніводзін чалавек мне не казаў, што ён так працаваць не можа. Я кажу, інакш мы не паспеем, мы даўно ўжо спазніліся. За тры гады мы зрабілі 27 пастановак. Калі першы раз я вывезла трупу на гастролі ў Амерыку і сказала, што ў нас 27 новых балетаў, яны не паверылі. І цяпер у нас больш за 32 пастаноўкі, некаторыя абсалютна арыгінальныя. Ёсць у рэпертуары і руская класіка, і сучасная харэаграфія. Бо ў савецкі час, калі я танцавала ў Вялікім, у нас не было магчымасці танцаваць сучасныя балеты. Мы танцавалі ў асноўным класіку і Грыгаровіча. Усё астатняе я стала танцаваць тады і таму, што стала выязджаць за мяжу. Я зразумела, што развіваць маладую трупу можна ў тым выпадку, калі даваць ім працаваць і танцаваць як мага больш, пашырыць кругагляд. Трупа ў нас з рускай, ваганаўскай школай. Хоць да мяне прыязджаюць усе — датчане, англічане, амерыканцы, даюць урокі, нешта ставім.

Я кірую таксама балетнай школай у Тбілісі, у мяне 200 маленькіх дзяцей-студэнтаў, мы імкнёмся зрабіць так, каб дзеці ўдзельнічалі ў спектаклях. Я цярпела ўвесь час ад таго, што ў Маскве мы не мелі магчымасці патрапіць у Вялікі тэатр. Калі мы росцім артыстаў для нашага тэатра, то не даваць ім магчымасці патрапіць у тэатр — гэта злачынства. У Дацкім каралеўскім тэатры маленькія дзеці проста жывуць у тэатры. Яны ўсіх зорак там глядзяць. Яны ведаюць усе рухі!.. Калі я танцавала "Сільфіду", то аднойчы ў гэтым упэўнілася.

Я не харэограф. Гэта рэдкая прафесія. Я буду прымушаць, каб у нас вучыліся ставіць балеты. Можна нават разам ажыццяўляць такія праекты. Напрыклад, даваць маладым харэографам аснову, каб за 15 хвілін зрабілі спектакль.

Пра іншы балет

— Я класічная балерына, рускай школы. Той вопыт, які я набыла, вандруючы па ўсім свеце, быў надзвычай карысны — у Даніі, у "Ковэн Гардэн". Гэта таксама класіка, але гэта свабодная пластыка. Трошкі іншае развіццё. Я зразумела гэта, калі стала больш танцаваць, калі сустрэлася з Баланчыным у 88-м годзе (мы з Андрысам Ліепам паехалі ў трупу Баланчына). Мы былі першыя, ніколі раней рускія не былі запрошанымі гасцямі ў амерыканскіх трупах. У мяне было адчуванне, што ўся Амерыка займалася толькі намі: змогуць яны за два тыдні асвоіць і станцаваць балет Баланчына ці не? Гэта быў цудоўны вопыт у маім жыцці: Баланчын раскрыў для мяне класіку ў іншым ключы. Ён паказаў, што з чалавечым целам у класічным балеце можна рабіць усё, ён ажыўляў музыку, паказаў, як нота выглядала б у танцы.

Пра партнёраў

— Было партнёрства з Андрысам Ліепам са школьнай лаўкі. Другі этап — партнёр Аляксей Фадзеічаў, у нас з ім была выдатная міжнародная кар'ера, мы танцавалі ва ўсіх сусветных тэатрах адначасова: у Вялікім, у Марыінцы, У Дацкім каралеўскім, у Шведскім нацыянальным, у "Ковэн Гардэн". І гэта ўсё было ў адзін год!.. Танцавала розную харэаграфію. Бен Сцівенсан, англічанін у Х'юстане, на мяне паставіў "Снягурку", уяўляеце?! Я адпрацавала 20 гадоў у Вялікім, а спецыяльна для мяне ніхто не ставіў прэм'еру. Першы раз гэта здарылася, калі Аляксей Фадзеічаў быў кіраўніком Вялікага тэатра 2 гады. Тады пачалася новая хваля ў Вялікім тэатры.

Потым у Вялікім тэатры ў мяне былі цудоўныя партнёры — Сяргей Філін і Андрэй Увараў, я з імі дагэтуль танцую. У Амерыцы былі цудоўныя партнёры. Усе біліся, каб танцаваць са мной. Умовы ставілі: "Хоць адзін спектакль з Нінай дайце!". Вельмі важна, калі ёсць партнёрства. Я часта цяпер бачу, калі балерыне ўсё адно, з кім стаяць. Я так ніколі не магла. Амаль з усімі партнёрамі я сябрую. Гэта частка майго жыцця. Як нехта падлічыў, я 104 партыі станцавала, усе галоўныя.

* * *

Да таго як Ніна Ананіяшвілі прыйшла ў Тбіліскі дзяржаўны тэатр оперы і балета, за 2003 год даход ад продажу білетаў складаў 120 тысяч долараў. У 2004 годзе ён быў ужо 1 мільён 200 тысяч долараў. Вось такая розніца... На думку мастацкага кіраўніка, людзей прыцягнула якасць спектакляў, бо без яе ніякая рэклама не будзе працаваць.

Ларыса Цімошык, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930