Знайсці
18.12.2023 / 11:18РусŁacБел

Усё пачалося з турэмнага дзённіка: беларуская актывістка, якая троліла Шуневіча, прэзентавала ў Берліне кнігу

Беларуская актывістка Віка Біран прэзентавала ў Берліне сваю дэбютную кнігу на беларускай мове «Я танцую». Аўтарка кажа, што кніга аб памежных сітуацыях, ЛГБТК+ супольнасці і Беларусі пасля 2020 года.

Віка Біран. Фота Аляксандры Кананчанкі

Віка распавяла, што пачаткам кнігі лічыць турэмны дзённік, які яна вяла, пакуль адбывала суткі за ўдзел у жаночым маршы ў верасні 2020 года: «Пісаць — гэта даўно ўжо мой спосаб пражывання падзей. Калі я іх «выпісваю», дык галава робіцца свабоднай ад рознай х**ні, я магу рухацца далей спакойна. У камеры была асадка і папера, і я пісала кароценькія нататкі».

Аднойчы падчас «шмону» нататкі знайшлі і забралі, чыталі і абмяркоўвалі супрацоўнікі Акрэсціна:

«Так я зразумела, што іхняя мэта — забраць у мяне як мага больш свабод, у тым ліку і свабоду думаць і пісаць пра тое, што я лічу важным. Пасля гэтага шмону я пачала больш адказна ставіцца да хавання сваіх паперак: і ў майткі іх запіхвала, і ў шкарпэткі. Вельмі за іх трымалася, бо ведала, што нават у турме падзей адбываецца шмат, і як выйду — дык забуду ўсе дробязі, а хочацца іх памятаць, ад іх адштурхнуцца і рушыць (як заўжды) далей. І зафіксаваць усю тую несправядлівасць, што была навокал і якой ніхто не заслугоўвае».

Віка адзначае, што няма неабходнасці тлумачыць штосьці ў кнізе беларускім чытачам, бо яны самі ўдзельнічалі ў апісаных падзеях. Яна таксама спадзяваецца, што іншаземныя чытачы не проста атрымаюць чарговыя «дзяжурныя» звесткі пра «жаночую рэвалюцыю», пакуты мігрантаў на беларуска-польскай мяжы і нібыта смешнага Лукашэнку, а нешта іншае.

Кніга «Я танцую». Фота з фэйсбуку Вікі Біран

Замовіць кнігу «Я танцую» можна на сайтах «Кнігаўка» і Allegro.

Віка Біран не раз нервавала беларускія ўлады сваімі акцыямі. Напрыклад, у 2018 годзе яна фатаграфавалася з плакатам «Самі вы падробка» каля Дома ўрада ды будынкаў КДБ і МУС. Такім чынам яна пратэставала супраць гамафобнай заявы Міністэрства ўнутраных спраў, якое абурылася вясёлкавым сцягам на брытанскім пасольстве і апублікавала артыкул, у якім барацьбу ЛГБТ-супольнасці за свае правы назвалі падробкай. За гэта на дзяўчыну склалі пратаколы за правядзенне масавага мерапрыемства ў трох розных судах Мінска.

Таксама Віка прынесла фатаграфію тагачаснага міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча на прайд-парад, які праходзіў у штаце Кентукі, ЗША, і папрасіла ўдзельнікаў у неардынарных уборах сфатаграфавацца з гэтым здымкам.

Чытайце таксама:

Актывістка ЛГБТ выйшла да будынка МУС з плакатам «Самі вы падробка» ФОТАФАКТ

У Кентукі партрэт Ігара Шуневіча вынеслі на ЛГБТ-парад ФОТЫ

Пасядзець на газоне каля чыгуначнага вакзала ў Мінску прыйшло чатыры чалавекі ФОТА

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031