Знайсці
15.10.2023 / 19:3517РусŁacБел

«Цэрбер вялікім нажом разразае мне твар». Студэнтка Ася Булыбенка — пра самае цяжкае зняволенне пасля зняволення, спробу суіцыду і вяртанне да жыцця

Настасся Булыбенка адсядзела два гады па «справе студэнтаў», а потым яшчэ трыццаць сутак за тое, што не скарылася незаконнай забароне на выезд з краіны. Дзяўчына расказала «Нашай Ніве» сваю пранізлівую гісторыю, у якой знайшлося месца шматлікаму гвалту, спробе суіцыду, каханню і адраджэнню. Гісторыя, у якой адбілася ўся Беларусь.

«У калоніі нараджаюцца чуткі, што паміж супрацоўнікамі і асуджанымі нешта адбываецца»

Калі мяне затрымалі, адразу зрабіла сабе ўстаноўку, што гэта — прыгода, неймаверная магчымасць для невінаватага чалавека пабачыць, як гэта ўсё ўладкаванае. Дагэтуль сама не магу паверыць, што я праз гэта прайшла. Цяжка было ўкласці ў галаве ўсё, што я там бачыла.

Асноўная маса жанчын у калоніі — тыя, хто сядзяць за забойства мужа ў выніку п’янкі, бойкі, таго, што ён яе збіваў. А ім усім ставяць наўмыснае забойства, і для мяне гэта быў проста пераварот усяго. Бачыла жанчыну, якой у міліцыі, калі яна скардзілася на мужа, сапраўды сказалі: «Званіце, калі заб’юць». У 19 гадоў я была да такога не гатовая.

Адна рэч — я, я выйшла з-за несправядлівасці, праз гэтыя несумленныя выбары і гвалт. А гэта ўсё было столькі гадоў са звычайнымі людзьмі, і ім не пішуць лісты, пра іх не робяць допісы. Іх ніхто не ведае, а іх тут столькі сядзіць!

Вядома, былі яшчэ дзяўчаты па [артыкуле] 328. На Валадарцы на мяне пасыпаліся гісторыі, як яны зрабілі адну закладку і селі, нібыта за арганізацыю [абароту наркотыкаў]. Я супраць наркотыкаў, але за іх даюць такія вялікія тэрміны, і ў калоніі такі вялікі атрад для непаўналетніх. У асноўным там дзяўчаты па 328, якім даюць па дзесяць гадоў, і гэта жудасна.

Чула расказы пра мужчынскія калоніі, таму мне ёсць з чым параўнаць нашу. Лічу жаночую калонію для першаходак самай строгай. Там усё вельмі падабранае пад супрацоўнікаў, дужа жорсткія правілы ўнутранага раскладу, ад якіх нельга адыходзіць ні на крок. У любой мужчынскай калоніі рэжым трохі прасцейшы, бо самі асуджаныя трохі стрымліваюць супрацоўнікаў, а нашу калонію я б назвала калоніяй строгага рэжыму.

Гэта выяўляецца ва ўсім: у часе пад’ёму і адбою, форме адзення, мыйных днях — усё гэта нельга парушаць.

Мяне ўразіла, наколькі там абясцэньваецца жаноцкасць, гэта ў табе проста забіваюць. Жанчыны там разгружаюць фуры з бульбай, ты змываеш з асфальту лужыны і птушыныя какашкі. Можна памыць галаву толькі двойчы на тыдзень, і няма розніцы, як хутка ў цябе тлусцеюць валасы. Калі памыеш галаву ўпотай і гэта пабачыць нехта з асуджаных, цябе адразу здадуць і ты паедзеш у ШІЗА.

Яшчэ ёсць чыстка цыбулі і бульбы, пасля якой ты смярдзіш, і дадатковы душ даюць не ва ўсіх атрадах. Не маеш магчымасці нічога надзець, акрамя двух варыянтаў формы: касцюм багнавага колеру, які па правілах нельга нават ушыць пад сябе, хаця дзяўчаты гэта і робяць, каб не выглядаць мяхамі з бульбай, і ружовыя сукенкі. Праз працоўныя ўмовы хустачкі, якія можна насіць толькі пэўным чынам, нас робяць аднолькавай масай.

Але самае для мяне незразумелае — размовы асуджаных з мужчынамі-супрацоўнікамі тэт-а-тэт у капцёрцы. Калі ў мужчынскай калоніі хлопец ідзе да доктаркі, прыём праходзіць з адчыненымі дзвярыма і на ім прысутнічае мужчына-супрацоўнік. Гэта лагічна, нельга пакідаць у калоніі мужчыну і жанчыну сам-насам.

Але ў нашай калоніі супрацоўнікі прасілі вызваліць капцёрку са скрынкамі ці жылую секцыю і закрываліся там з асуджанай. Пасля такога ў калоніі нараджаюцца чуткі, што паміж супрацоўнікамі і асуджанымі нешта адбываецца, але са мной усё было ў парадку.

Праз усё гэта ты перастаеш сябе адчуваць не толькі жанчынай, але і чалавекам увогуле. Для мяне было дзіўна, калі я прыйшла на доўгае спатканне, проста надзець сваё адзенне, схадзіць у душ, выйсці з кубкам гарбаты на вуліцу. Сяджу і думаю: ого, я чалавек!

Усё, што робяць у калоніі, з пункту гледжання псіхалогіі я назвала «Галоднымі гульнямі». І цяпер ёсць адчуванне, што яны гэта распаўсюдзілі на ўсю Беларусь.

Якой пабачыла краіну пасля вызвалення

Калі я выйшла, не чытала навіны, каб сябе засцерагчы.

Бо першае, што мне сказалі на волі — нічога не лайкай і не чытай, за гэта саджаюць. Падумала, гэта параноя, але ў першы тыдзень мне гэта ж казалі проста ўсе. 

Пачала чуць пра знаёмых, якія таксама за кратамі. Стала заўважаць колькасць міліцыі на вуліцы: раней яны хадзілі па двое, а цяпер — па трое, і яны сталі бачныя паўсюль. Насіла белы пухавік і чырвоны снуд, і нават з-за гэтага ў пэўны момант стала хвалявацца.

Але сапраўды я даведалася пра тое, якой стала Беларусь, калі трапіла на Акрэсціна. Пабачыла, што камеры перапоўненыя палітычнымі ў два-тры разы, і хаця здаецца, што на вуліцы нічога не адбываецца, людзі сядзяць. У маёй [крымінальна-выканаўчай] інспекцыі былі велізарныя чэргі палітычных з хатняй хіміяй, якія прыходзілі адзначацца. 

Не будзе перабольшваннем сказаць, што Беларусь — гэта турма. Проста некаторыя людзі з тых, што там жывуць, дагэтуль спрабуюць рабіць выгляд, што ўсё нармальна, але гэта не так, там проста жудасная атмасфера. Адчувала, быццам у Беларусі час спыніўся. Хадзіла па вуліцах, дзе адбываліся пратэсты, бачыла іх пустымі і нашпігаванымі чырвона-зялёнымі сцягамі.

Першыя пяць месяцаў пасля калоніі я проста старалася ціхенька жыць і зняць забарону на выезд [з краіны], што гучыць як парадокс — немагчыма пісаць скаргі і спакойна жыць. Напісала скаргу на інспекцыю ў РУУС, потым — скаргу ў ГУУС на РУУС. Усё гэта адхілілі, і я падала ў суд на ГУУС.

Калі праходзіла судовае разбіральніцтва, РУУС зняло мне забарону на выезд. У дзень, калі гэта здарылася, я выйшла з судовай залы, зайшла ў магазін па цацку, і мяне затрымалі на 15 сутак, потым дадалі яшчэ 15. Успрымаю гэта як пакаранне за мае скаргі.

Чаму знялі забарону? Бо яна была нічым не падмацаваная, па гэтай забароне юрыдычна я быццам заставалася ў калоніі. Грамадзянскія суды — гэта ж не крымінальныя, і я стаўлю на тое, што суддзя сапраўды не разумеў, чаму ў мяне забарона.

«Папрасіў мяне спець гімн, сказаў, што калі не назаву хоць адно слова, не выйду»

Я не была ў такіх умовах, думала, што такое засталася ў 2020 годзе, але пабачыла гэта ў 2023-м.

Калі ты ў двухмеснай камеры, а вас там 15 ці 18 чалавек, там вошы і вечныя допыты, усе напужаныя, суткі падаўжаюць. Людзей псіхалагічна выкручваюць да канца, не бачыла ні аднаго чалавека, хто сказаў бы «я выйду і працягну рэпосціць». 

Дзяўчаты, з якімі я там сядзела, спачатку казалі: прайшло тры гады, чаму яны кешкаюцца ў гэтых фотках і рэпостах? Але наступныя [прэзідэнцкія] выбары ўжо бліжэй, чым мінулыя, і, магчыма, такім чынам зачышчаюць людзей — раздаюць шмат «хімій» і запужваюць іх суткамі.

Для мяне ўсё гэта проста было вельмі страшна. 

Гутарыла з жанчынай, якую затрымалі на працы. Яна казала: «Мы прыйшлі ў офіс, і тут бачым, як на нас бягуць 15—20 чалавек з аўтаматамі». Кажа, была цалкам упэўненая, што здарыўся тэракт і бягуць іх ратаваць, і тут іх пачалі скручваць, забіраць тэлефоны і забіраць на Акрэсціна.

Звычайна там да ўсіх прыходзяць аператыўнікі, задаюць аднолькавыя пытанні, і ўсе ведаюць, што гэта будзе. У перадапошні дзень бачыла дзяўчат, якім падаўжалі суткі, і хвалявалася, ці не падоўжаць іх мне, але ўпэўніла сябе ў тым, што выйду.

Калі мяне па-за планамі паклікалі кудысьці на 14-ты дзень, было вельмі страшна, а мяне яшчэ і павялі не ў той кабінет, куды хадзілі ўсе, а на паверх адміністрацыі. Мяне завялі ў вялікі кабінет: так разумею, там праходзяць сходы, бо там стаяць парты і крэслы, кніжныя стэнды, усё ў сімволіцы.

У кабінеце сядзеў мужчына ў сінім касцюмчыку. Ён не прадставіўся, я спрабавала даведацца, хто ён, але ён спытаў, навошта мне гэта. Дала яму мянушку Цэрбер, бо ён пастаянна круціў бірульку на ключах, дзе было напісана «Цэрбер». Мяркуючы па яго маўленні і па тым, што ён пра мяне ведаў, думаю, што гэта кадэбэшнік.

Мне складана згадваць тую размову, бо любыя размовы з такімі людзьмі трохі размываюцца ў памяці. Ёсць фільм «Бясслаўныя ўблюдкі», і ён гутарыў са мной як персанаж адтуль, гестапавец: вельмі пафасна, гаварыў пра мяне ў трэцяй асобе. Цяпер я разумею, што гэта ўсё — прыёмы, але, калі ты ў гэтым знаходзішся, усё не так проста.

Прыходжу да яго з камеры пасля 14 сутак, а ён пачынае казаць, што я — здрадніца Радзімы, што я не выправілася і такія, як я, сапсавалі Беларусь. 

Не ведала, як рэагаваць. Ён папрасіў мяне спець гімн, і мяне выключыла. Ён сказаў, што калі я не назаву цяпер хоць адно слова, адзін радок правільна, я не выйду. Зразумела, што гэта не жарт, і пачала проста прагаворваць гімн, заблыталася. Ён сказаў: гімн ты не ведаеш, назаві дзень герба, сцяга і гімна. Не чула пра такое свята, і тады ён сказаў, што я не выйду, мне трэба яшчэ пасядзець і падумаць. 

Калі я прыйшла ў камеру, пачала плакаць і сказала дзяўчатам, што не выйду. У тую ноч мне прыснілася, што я стаю перад ім і спяваю яму гімн, які напісаны за яго спінай, але з памылкамі. Разумею, што гэтыя памылкі — яго трук, а мне трэба спяваць нармальны гімн. На наступны дзень мяне прывезлі на суд, была жудасна перапужаная. 

Наступныя 15 сутак чакала яго. Кожны дзень спявала гімн, у камеры была грамадзянка Украіны, дык яна таксама яго вывучыла. Я пыталася ў дзяўчат усе дзяржаўныя святы, вучыла дзень КДБ, дзень міліцыі, бо разумела, што мне проста трэба хоць неяк выйсці. Менш камунікавала з дзяўчатамі. Падчас першых 15 сутак шмат расказвала пра сябе і калонію, а потым падумала, што калі гэтыя размовы зліваліся, то сілавікі зразумелі, якая ў мяне цяпер пазіцыя. Таму наступныя 15 сутак старалася маўчаць, нікому не казала, што я са «справы студэнтаў».

За дзень да вызвалення ён зноў прыйшоў, сказаў, што мы няправільна пачалі, гаварыў ужо больш па-людску. Я тады была з вошамі, вельмі худая, сядзела дужа перапужаная. Ён спытаў, як я маюся і як тут кормяць, сказаў, што я мушу быць удзячная дзяржаве, што нас тут так кормяць. Я з усім пагаджалася, сказала, што кормяць вельмі смачна. Ён спытаў, хто цяпер прэм’ер-міністр Беларусі, а я гэтым увогуле не цікавілася і папрасіла яго самога мне расказаць, ён расказаў.

Потым пачаўся торг вакол забароны на выезд, я не ведала, ці ёсць яна ў мяне і ці могуць мне яе зноў паставіць. Ён сказаў, што я не магу з’ехаць, і папрасіў перадаць вітанне майму хлопцу Ягору (Ягор Канеўскі, іншы асуджаны па справе студэнтаў, на той час ужо знаходзіўся за межамі Беларусі. — НН). У выніку ён сказаў: «Настассі даюць яшчэ адзін шанс. Глядзі, не падвядзі, бо гэты шанс — апошні, наступны раз ты сядзеш ужо надоўга». Таксама ён папярэдзіў, што калі я нешта зраблю ці пачну ўзводзіць паклёп на сваю дзяржаву, мяне знойдуць паўсюль, бо «свае ёсць паўсюль». Успрыняла гэта як пагрозу, і думка пра тое, што мяне могуць паўсюль знайсці, потым мяне ледзьве не давяла.

Калі я выйшла, адразу з’ехала. Вельмі баялася, што мяне затрымаюць на мяжы. Першую ноч зусім не здолела заснуць, на другую ноч здолела заснуць толькі седзячы. 

Наста Булыбенка і Ягор Канецкі

Пакуль я не звярнулася да псіхолага і псіхіятра, мне паўсюль мроіліся нейкія твары — з калоніі, СІЗА, проста старыя знаёмыя. Калі прыехала ў Вільню, у мяне была неймаверная эйфарыя, не параўнаць з вызваленнем з калоніі, але мяне ўсё роўна пераследавала думка, што мяне затрымаюць і павязуць у Беларусь.

«Прыйшлі кашмары — нібыта Цэрбер вялікім нажом разразае мне твар»

У нейкі момант мне пачало здавацца, што я дагэтуль за кратамі. Часам былі маленькія трыгеры, і я думала: блін, напэўна я проста звар’яцела ў камеры і гэта ўсё мне падаецца, яго не існуе. З гэтым я жыву дагэтуль, проста цяпер гэта бывае дужа рэдка, і я разумею, што мне гэта падаецца, а раней, без працы са спецыялістам, было вельмі страшна, што я так і засталася ў Акрэсціна з гэтым Цэрберам.

Тады прыйшлі кашмары. Самы яркі — нібыта Цэрбер вялікім нажом разразае мне твар. А потым у мяне здарылася спроба суіцыду, і мне паставілі ПТСР.

Калі гэта здарылася, Ягор выклікаў хуткую, але ў Літве спачатку прыязджае паліцыя, у кватэру таксама спачатку заходзіць яна. Я наглыталася таблетак і ўжо была не надта ў сваім розуме, але, калі я пабачыла паліцыю, мне стала зусім дрэнна. Вырашыла, што мяне зараз дэпартуюць у Беларусь, пачала іх упрошваць гэтага не рабіць, яны анічога не разумелі. Пыталіся, хто мы, Ягор паказваў пашпарты і казаў, што мы палітвязні, я плакала і прасіла мяне не аддаваць.

Мяне спусцілі ў хуткую, тлумачылі — каму ты патрэбная, ніхто цябе ў Беларусь не павязе, але мяне было не пераўпэўніць. Мы ехалі вельмі доўга, бо бальніца знаходзіцца на ўскрайку горада. Я пабачыла ў акенцы дрэвы і вырашыла — усё, мы ў лесе, нас вязуць на мяжу, пачала казаць пра гэта Ягору. Настолькі верыла, што нас вязуць у Беларусь, што нават Ягор мне паверыў: адкрыў мапу і пайшоў да кіроўцы пытацца, куды мы едзем.

У рэанімацыі мяне па тэхніцы бяспекі прывязалі за адну руку да ложка, і калі мяне пачалі прывязваць, мяне проста выключыла. Вельмі пужалася ўсіх дактароў, у мяне пачаліся галюцынацыі, бо была атручаная таблеткамі. Упрошвала ўсіх адпусціць мяне дахаты і не адвозіць у Беларусь, і толькі ранкам прыйшла псіхіятарка, якая ўгаварыла мяне застацца ў бальніцы.

Цэрбер не пакідае мяне. Ён нібыта стаў для мяне вобразам іх усіх, нашых катавальнікаў. Здаецца, што, можа, ён і трохі перамагае тым, што застаецца са мной. Думаю, мне трэба час, бо я ўвогуле яшчэ не адпусціла ўсё, што здарылася.

Калі я выйшла з адзіночным пікетам 9 жніўня, мне магло стаць і лепш, і горш, але спрацавала ў плюс. Да пікета дужа хвалявалася, думала, мяне могуць запакаваць на плошчы і звезці. Але, калі я выйшла, мне стала так спакойна, што не хацела сыходзіць. Калі пра гэты пікет напісалі ў навінах, мне стала яшчэ спакайней: цяпер у мяне ёсць твар і яны мяне не крануць.

Мне палепшала і пасля нашага перформанса-вяселля, і пасля інтэрв’ю «Салідарнасці». Цяпер рыхтуецца мая выстава, і я зноў адчуваю сябе камфортней.

А яшчэ цяпер такі час, калі ў мяне багата флэшбэкаў, паціху ўсё ўсплывае ў памяці: як мяне пазначылі фарбай, як я год таму прыбірала лісце ў калоніі, што са мной было да 2020-га. Ведаю, што гэта да лепшага — значыць, я папраўляюся.

Як за кратамі знайшла каханне

Мы з Ягорам пазнаёміліся падчас разгляду нашай справы. Калі былі за кратамі, не акцэнтавала ўвагу на нашай камунікацыі, бо яна была дужа слабая. Проста нешта прыемнае і не больш за тое, гаворкі пра каханне не было.

Падчас судоў мы праводзілі дужа шмат часу разам, блізка садзіліся, смяяліся. А ўвечары ў дзень вызвалення ён мне пазваніў, і я вельмі здзівілася, бо з чаго раптам? Праз некалькі дзён мы сустрэліся, потым схадзілі ў кіно, а потым ён з’ехаў. З яго боку нешта сур’ёзнае пачалося перад ад’ездам, а я яшчэ ў кіно пачала думаць — так-так-так, што гэта?

Потым пачала смуткаваць, што ён з’язджае, хаця і не казала яму пра гэта, каб не тармазіць яго. Першага студзеня я яго правяла і пайшла з сябрамі на коўзанку, а потым прыйшла дахаты і пачала плакаць, зразумела, што гэта нешта сур’ёзнае.

Вядома, калі два былыя палітвязні разам, у іх бываюць не толькі станоўчыя моманты. Ягор не мае вялікіх псіхалагічных пытанняў пасля таго, што здарылася, але мне здаецца, што ніхто б мяне так не зразумеў, як ён — магчыма, бо ён прайшоў праз тое ж самае. Мне складана ўявіць сябе ў такіх адносінах ля кагосьці іншага, атрымліваю ад яго безумоўную падтрымку і разуменне.

Мы смяёмся з мемаў пра бытавуху, калі пары сварацца, бо нехта кубак не памыў. У нас такога ніколі не было, хаця мы з’ехаліся адразу пасля майго пераезду і жывём разам ужо чатыры месяцы. Напэўна, мы проста трохі па-іншаму глядзім на жыццё, таму нашы праблемы знаходзяцца хутчэй на глыбінным узроўні, чым на павярхоўным. 

«Праз мае суткі я не з тых, хто сумуе па Беларусі»

З калоніі я выйшла дзесяць месяцаў таму, хутка год. Думаю, буду святкаваць — магчыма, гэта будзе нешта творчае. Мне падабаецца так выражаць свае эмоцыі: у пікетах, карцінах, праз выставу. Раней я не займалася перформансамі і не планавала гэтага, такі фармат выйшаў спантанна і мне вельмі спадабаўся. 

Цяпер я вучуся працаваць з эпаксіднай смалой, займаюся танцамі, працую з псіхолагам, пішу карціны. Пачала праходзіць маленькі курс па SMM і хачу пайсці вучыцца графдызайну. Хацела б пайсці працаваць у нейкую ініцыятыву сммшчыкам ці графдызайнерам, бо не жадаю адыходзіць ад беларускай тэматыкі. 

Рыхтую мастацкую выставу. Там будуць карціны з калоніі і перыяду вызвалення, інсталяцыя, карціна [Уладзіміра] Цэслера, якую ён мне падарыў на дзень нараджэння, калі я сядзела. І падчас адкрыцця будзе праходзіць перформанс.

Адкрыццё будзе 17 кастрычніка, яно прымеркаванае да гадавіны дня, калі мяне «пазначылі», калі можна так сказаць.

Мне не верыцца, што з калоніі прайшоў ужо амаль год. Апошнім часам шмат лаўлю сябе на думцы, што я рабіла год таму. Магчыма, у мяне гэта звязанае яшчэ і з тым, што пасля вызвалення я яшчэ раз трапіла на суткі і не маю адчування, што я вызвалілася год таму, вяду для сябе адлік з гэтых апошніх сутак. 

Гэта вельмі насычаны год, пасля пераезду ў Вільню дні ляцяць проста шалёна. Напэўна, гэта паказчык таго, што калі чалавеку добра, ён не заўважае час, а мне цяпер адназначна добра. Вядома, не без цяжкасцяў, на фоне ПТСР пэўныя рэчы перашкаджаюць жыццю, але 90% часу ў мяне ўсё добра, усё падабаецца і ў мяне вельмі шмат эмоцый. Але негатыўныя эмоцыі таксама яркія: калі я чытаю навіны ці ў свеце адбываецца нешта дрэннае, мне цяжкавата. 

Пасля таго, што я перажыла, я не з тых, хто сумуе па Беларусі. Шмат маіх знаёмых радуюцца беларускім цукеркам, калі іх перадаюць, слухаюць беларускую музыку і плачуць, але ў мяне такога няма. Не маю прэтэнзій да краіны, бо ўсё гэта зрабілі людзі, так званыя прадстаўнікі ўлады.

Дапусцім, усё скончыцца, мы прыбіраем яго [Аляксандра Лукашэнку] і тых, хто пад ім. Але колькі яшчэ часу спатрэбіцца, каб усё гэта вычысціць і перарабіць? Гады, цяпер я разумею, што гэта вельмі складаны працэс. Я не вярнуся ў Беларусь, калі заўтра ён памрэ, бо застанецца столькі кадэбэшнікаў, мянтоў, амапаўцаў з прамытымі мазгамі, яны самі па сабе ўжо нездаровыя людзі.

Не кажу, што ніколі не вярнуся, проста не чакаю гэтага моманту. Тут я магу расказваць свету пра тое, што адбываецца, лічу гэта немалаважным. Ведаю, што не змагу паехаць у Беларусь самай першай, мне страшна. Буду дапамагаць краіне, як змагу, але пакуль на адлегласці.

Канешне, я хачу, каб Беларусь стала вольнай, вельмі жадаю, каб вызваліліся хлопцы і дзяўчаты. Калі б заўтра выпусцілі ўсіх палітвязняў, у мяне б зняўся цяжар з плячэй — хочацца, каб людзі апынуліся хоць у нейкай бяспецы. А для сябе мне хочацца знайсці сваё месца ў гэтым новым свеце, вялікім, як аказалася. 

Выстава Настассі Булыбенка «Пазнака» пройдзе з 17 па 27 кастрычніка ў «Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні» (Vilniaus g., 20). Адкрыццё — 17 кастрычніка ў 16 гадзін.

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то дапамагчы нам можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Адно з пакаранняў — змяшчэнне ў клетку на вуліцы». Былыя палітзняволеныя расказалі пра жаночую калонію

Былая палітзняволеная расказала, што дапамагло ёй аднавіцца

«Ты што, лесбіянка?» Былыя палітзняволеныя расказалі пра дзівацтвы памочніка начальніка жаночай калоніі

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
65
Панылы сорам
10
Ха-ха
7
Ого
11
Сумна
55
Абуральна
32
5
Максим Дизайнер/адказаць/
16.10.2023
Вероятный

Набыта политическое убежище и вскоре ВНЖ в стране, где стоит печатынй станок. Цель достигнута. За это и протестовали, чтобы "быть в Эвропе", а не что-то на родине, в своем огорде и в хате с краю поменять.
2
Вероятный/адказаць/
16.10.2023
Максим Дизайнер, лепей доктару свае праекцыі распавядзі, я ня ён 
0
Максим Дизайнер/адказаць/
18.10.2023
Зычу найлепшага

Да, прыгажость - эта глаунае. Носик, глазки, беларусы такие красивые, а толку никакова.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930