Знайсці
03.10.2023 / 19:0914РусŁacБел

Новы «Знахар», рымейк суперхіта 1980-х. Што ў ім?

27 верасня адбылася прэм’ера польскага фільма «Знахар» — экранізацыі аднайменнага твора Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, ураджэнца Глыбоччыны. Дзеянне рамана адбываецца на беларускіх землях. Пранізлівая экранізацыя 1981 года ў рэжысуры Ежы Гофмана доўга ішла ў беларускіх кінатэатрах і дагэтуль не сыходзіць з тэлеэкранаў. А што ў новым фільме? Ці варты ён? Яго паглядзела «Наша Ніва».

«Знахар» Антоній Касіба — былы хірург Рафал Вільчур. Кадр з фільма

Гісторыя сентыментальная і меладраматычная, на «Знахару» 1980-х людзі плакалі ўсімі заламі. На сёння сама фабула здаецца моцна заезджанай: страчаныя дзеці, шматгадовыя амнезіі герояў і папялушкі, якія раптам зрабіліся прынцэсамі, з года ў года эксплуатуюцца тымі ж расійскімі серыяламі, якія цяжка адрозніць адзін ад аднаго (дарэчы, сюжэт аднаго з іх, «Знахара», відавочна, натхнёны польскім раманам). На нейкія адкрыцці фільм не прэтэндуе, але тым не менш глядзіцца з асалодай.

Фільм даступны ў тым ліку на Netflix. Рэжысёр фільма Міхал Газда дагэтуль здымаў амаль выключна серыялы. Адчуванне, што праглядаеш за раз цэлы сезон невялікага серыяла, не пакідае і пры праглядзе ягонага «Знахара».

Сюжэт будуецца вакол гісторыі аднаго з найлепшых хірургаў Варшавы Рафала Вільчура, які да таго ж застаецца чуллівым да чужых бед чалавекам. Ён у адзін момант страчвае ўсё: і жонку з дзіцем, і памяць. Пасля шматгадовых бадзянняў пад іменем Антонія Касібы ён трапляе парабкам на млын у мястэчку на Браслаўшчыне, дзе нечакана выяўляе ў сябе невытлумачальную здольнасць лячыць людзей.

Варшаўскі хірург Рафал Вільчур з калегам. Кадр з фільма

Адначасова з гэтым багаты мясцовы паніч Лешак Чыньскі закахаўся ў бедную Марысю, якая зарабляла грошы на вучобу, граючы на піяніна і абслугоўваючы кліентаў у жыдоўскай карчме. Пагардлівае стаўленне дзяўчыны, якая адпрэчвае ўсе знакі ўвагі паніча, для якога гэта ў навіну, яшчэ больш распальвае ягоную цікаўнасць да яе. Шэраг трагічных здарэнняў, баявы характар Марысі і жаданне маладога Чыньскага дагадзіць дзяўчыне, у якую ўжо закахаўся, усё ж зводзяць іх разам. Але лёс падкідае ўсё больш страшэнныя выпрабаванні, якія ўрэшце развязваюць той сюжэтны вузел, які быў завязаны ў першай частцы фільма. 

Сюжэт сённяшняга фільма ў дэталях усё ж адрозніваецца і ад папярэдніх экранізацый, і ад арыгінальнага рамана. 

Марыся, каханая паніча і дачка Вільчура. Кадр з фільма

Дзеянне рамана адбываецца вакол выдуманага пісьменнікам мястэчка Радалішкі, якое месціцца недзе паміж Браславам і Ашмянамі. Некаторыя мяркуюць, што правобразам Радалішак былі Відзы, а правобразам Касібы — глыбоцкі лекар Міхал Алехна-Гушча.

Але цяперашні фільм пайшоў па шляху «паланізацыі». За ўсе амаль дзве з паловай гадзіны мы не чуем ніводнай знаёмай нам назвы. Жыхары з Радалішак, якія могуць існаваць толькі на Віленшчыне, дзе назвы населеных пунктаў засталіся балцкімі (параўнайце з Гайцюнішкі, Пяткунішкі, Жвірблішкі), выпраўляюцца па лекара ў Варшаву і менш чым за дзень вяртаюцца назад. З вуснаў мясцовых жыхароў не чуваць ужо пра Вільню, але чуваць пра Радам, бо дзеянне перанеслі ў Мазовію.

У гэтым плане фільм беларускага гледача не можа задаволіць, бо ён цалкам вычышчаны ад «беларускага следу», які можна адшукаць у літаратурным творы.

Граф Лешак і Марыся пасля прагляду кінастужкі, якую прывезлі ў мястэчка. Кадр з фільма

Хіба што візуальна вёска, яўрэйскае мястэчка, леснічоўка ды панскі маёнтак, паказаныя ў фільме, будуць да болю пазнавальныя, хоць многія сцэны здымаліся ў ваколіцах Варшавы, а Радалішкі — у скансэне пад Люблінам. Дарэчы, Гофман здымаў свайго «Знахара» ў падляшскім Бельску.

Да стварэння праўдападобнай атмасферы былі запрошаны кансультанты літаральна з усіх сфер жыцця: гісторыкі медыцыны, аўтамабільныя эксперты, заолагі, знаўцы ідыша і да т.п.

І варта адзначыць, што гэты факт зрабіў натурныя здымкі ў «Знахары» надзвычай удалымі, бо яны пакідаюць уражанне сапраўднасці і аўтэнтычнасці кожнай мясціны. У той час як, напрыклад, галоўная беларуская стужка «Купала», якая так і не выйшла ў пракат праз сваю ідэалагічную неадпаведнасць, у кожным натурным кадры сарамліва хавае за буйнымі планамі і шчыльнымі натоўпамі масоўкі ўбоства «гістарычнага» цэнтра Мінска з пластыкавымі вывескамі, металічнымі дзвярыма і іншымі чужароднымі элементамі, якія разбураюць атмасферу.

Гэтак жа інтэр’еры (гарадскія, сялянскія ды палацавыя) у «Знахары», багатыя на дэталі, пакідаюць уражанне, што тут людзі сапраўды жывуць, што гэта не бедненькі музей, са сцен якога на час здымак прыбралі этыкетаж.

Антоній Касіба на млыне. Кадр з фільма

У адрозненне ад беларускага кінематографа сяляне тут, пры ўсёй вострай сацыяльнасці твора, які ў тым ліку выкрывае няроўнасць, не паказваюцца забітым быдлам пад панскім прыгнётам. Яны сапраўды церпяць нястачу грошай, што асабліва востра выяўляецца ў час трагічных выпадкаў, і абыякавае стаўленне з боку паноў, але іхняе звычайнае жыццё не пазбаўленае гумару і радасных момантаў.

Паны, дакладней сямейства Чыньскіх, выглядаюць ад пачатку малачалавечнымі эксплуататарамі, але пасля выяўляецца і іншы бок кожнага з іх. У старога графа знаходзіцца воля пайсці супраць прынцыпаў свайго атачэння, а сярод «станоўчых» сялян знаходзяцца тыя, хто з уласнай крыўды гатовыя загубіць жыцці іншых — і такіх кантрастаў у «Знахары» даволі шмат.

Кадр з фільма

Гэта не першая кінаадаптацыя твора Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча. Твор з самага пачатку ствараўся як кінасцэнар, але не зацікавіў кінастудыю, таму Мастовіч перарабіў яго ў раман. Але як толькі раман выйшаў у 1937 годзе, то адразу ж быў экранізаваны.

У 1981 годзе рэжысёр Ежы Гофман зняў пранізлівую меладраму «Знахар». Фільм выклікаў такі нечуваны рэзананс у СССР, што яго ў савецкіх кінатэатрах прагледзела больш за чатыры мільёны гледачоў.

Тадэвуш Далэнга-Мастовіч. Фота: Wikimedia Commons

Тадэвуш Далэнга-Мастовіч сцвярджаў, што нарадзіўся ў фальварку Акунёва на Глыбоччыне. Яго бацька арандаваў зямлю і вёў узорную гаспадарку, якая лічылася адной з найлепшых у акрузе. Але даследчыкі кажуць, што нарадзіўся ён у самім Глыбокім, а маёнтак сабе ў біяграфію прыпісаў для саліднасці.

Пасля савецка-польскай вайны Мастовіч з 1922 года жыў у Варшаве, дзе зарабляў палітычнымі фельетонамі. За іх яго ў 1927 годзе нават выкралі і збілі. Пасля гэтага выпадку ён засяродзіўся на літаратуры. Гэтая дзейнасць зрабіла яго фантастычна багатым чалавекам.

Загінуў Далэнга-Мастовіч у самым пачатку Другой сусветнай вайны паблізу румынскай мяжы ў мястэчку Куты, дзе кіраваў патрулём, які забяспечваў ахову парадку. Праз Куты ў Румынію ў верасні 1939 годзе эвакуяваліся рэшткі войска і вышэйшыя службовыя асобы Польшчы, у тым ліку прэзідэнт Ігнацы Масціцкі і галоўнакамандуючы Эдвард Рыдз-Сміглы. Імаверна, што мог бы выратавацца і Мастовіч, падарыўшы свету яшчэ больш выдатных твораў, але лёс распарадзіўся інакш.

Беларускі пераклад рамана «Знахар». Фота: фэйсбук выдавецтва

Першы пераклад бестселера ўраджэнца Беларусі на беларускую мову быў выдадзены толькі ў 2016 годзе, але сёння набыць «Знахара» ўжо даволі складана. Магчыма, што выхад фільма актывізуе цікавасць людзей да літаратурнай першаасновы.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама: 

Паглядзелі фільм «На іншым беразе». Расказваем сюжэт і тое, што пабачылі ў кінатэатры

У Мінску праходзяць здымкі серыяла пра расійскіх прапагандыстаў, куды шукалі двайнікоў Ціханоўскай і Лукашэнкі 

Помста кіношнага бога ў новым рамане Андрэя Федарэнкі

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
39
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
8
04.10.2023
Зміцер Лупач, cikava b bylo viedac` bolš padrabiazna, bo heta varta i kina, i knihi. 

Alie, jak patlumačyc`, što vada znikla, krynička vysachla, jak toļki toj stary pamior ? Nu, heta ž fakt, što tak zdarylasia ? 

Vynikaje, što vada byla dadziena mienavita tamu čalavieku, i misija taja byla pradpisana toļki jamu indyviduaļna... 
Tady pytaņnie -  kim dadziena ? jak dadziena ? Chto daū tuju vadu, i chto jaje pierakryū paslia ? I čamu jana nie liekavala ū zvyčajnym jaje spažyvaņni inšymi liudzmi, alie "sluchalasia" tolki taho staroha ???

Dumaju što Juzik naūrad-ci što napiša, bo ū tej čas jon žyū u Vientspilsie (z jaho slovaū tut, kali što)), dy budavaū latyšam toje i toje, kab im bylo dobra sioņnia. :))  Adkuļ jamu viedac` taho znachara ?... nu, liahična razvažajučy... :)
0
Юзік са станцыі Крулеўшчына/адказаць/
04.10.2023
Žvir, Не, дзядзька! Гэта было не ў Крулі! Жыў той знахар у вёсцы Верацеі ля Асінавага Гарадка пры чыгунцы Лынтупы-Глыбокае-Крулеўшчына. Гэта -- Пастаўшчына! Прозвішча яго было Даламан, ці проста Далман... Праеў тады ўсе мазгі гэты Далман, як цяпер Лукашэнка! У 1960-я наша хата была самай першай у Глыбокім. Дык, хто ні едзе -- адразу да нас. Пытаюць у бацькі -- як даехаць да Далмана? [Тады ж мапы падрабязныя не прадаваліся, а навігатараў не было! Чулі людзі, што той знахар жыве недзе пад Глыбокім!] Аднаго разу, хоць і малы быў, памятаю бацька з маці чытаюць фельетон "пра шарлатана Далумана" (так было там напісана) у нейкай газеціне, можа нават у якім "Труде", ці "Правде". Ну, прайшліся па ім!
А гадоў 10 таму, прыехалі да мяне мальцы з Белсату здымаць фільм "Праклятыя і забытыя" пра паваенны беларускі супраціў. Папрасілі быць правадніком. А тут на слыху заўсёды быў Жыхар. А ён быў з Верацеяў!  Ну й паехалі! І каго мы там знайшлі!!! Ксенію Далманаву, дачку таго старога знахара! Жанчына была ў веку! Але добра памятала аднакласніка Аўгена Жыхара! Разумны малец быў, -- казала,-- нават "пры немцах скончыў семінарыю!" (Настаўніцкую). 
Ну, я ведаў да каго мы заехалі! Папрасілі той гаючай вады! -- Не! Вады я вам не дам! Іншым даю, а вам -- не! А адкуль ваш бацька браў ваду? Паказала. Перад домам, на полі, стаяла звычайная вясковая студня з цементавых цэмбравін...
04.10.2023
Юзік са станцыі Крулеўшчына, nu, tak, vo, jak tolki vy napisali: "Лынтупы-Глыбокае-Крулеўшчына", - dyk u mianie i adčynilasia ! Tam i bylo...

A što da vady - nie. Tam krynička byla, niekudy biehla. Nu, nie z studni ž jana brala pačatak ? Alie, niesucciova, byvaje i takoje...

A vady jana vam nie dala, bo jaje tam albo zusim niama, aļbo zastojenaja jakajas`... Bo liudzi ž kazali, što nia stala toj vady... A toje, što jana hajučaja byla, to ja viedaju dakladna, tut mnie miakinu nia ūparac`...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930