Знайсці
03.06.2021 / 13:05РусŁacБел

У Венесуэле высокая смяротнасць, але рэальная статыстыка па заражэнні каранавірусам не разгалошваецца

У краіне мала вакцын і праводзіцца мала тэстаў, у той час як шмат людзей памірае дома, бо ў бальніцах не хапае электрычнасці і кіслароду.

Фота The Wall Street Journal

Па афіцыйных звестках венесуэльскага ўрада, сярэдняя колькасць памерлых ад кавіду ў краіне не перавышае сямнаццаць чалавек за дзень, піша The Wall Street Journal.

Аднак венесуэльскія работнікі пахавальных службаў сцвярджаюць, што ім прыходзіцца крэміраваць у шэсць разоў больш цел штодня, чым звычайна. Гэта з улікам таго, што машыны для крэмацыі працуюць 16 гадзін на дзень, а пахавальныя бюро настолькі перапоўненыя, што апрацоўка цел часта затрымліваецца больш, чым на тыдзень. Гэта яскравы паказальнік рэальнай смяротнасці, бо органы аховы здароўя Венесуэлы настойваюць, каб тыя, хто памёр ад рэспіраторнага захворвання, былі крэміраваныя, а не пахаваныя.

Праваахоўныя арганізацыі і эксперты ў сферы аховы здароўя перакананыя, што Венесуэла значна заніжае звесткі аб ахвярах пандэміі ў краіне. Венесуэльскі рэжым неаднаразова абвінавачвалі ў затойванні і маніпуляванні медыцынскімі звесткамі, а таксама ў арыштах дактароў, якія пішуць пра рэальнае становішча ў бальніцах.

У краіне з 28-мільённым насельніцтвам афіцыйна зарэгістравана 2500 смерцяў ад кавіду. Некаторыя эксперты ў галіне аховы здароўя паведамляюць, што кожны дзень ад віруса памірае ў 20 разоў больш грамадзян, чым сцвярджае ўрад. Гэта значыць, што ў Венесуэле насамрэч могуць быць дзясяткі тысяч смяротных выпадкаў заражэння каранавірусам з пачатку пандэміі.

«Людзі ведаюць, што колькасць выпадкаў заражэння па афіцыйных лічбаў не адлюстроўвае рэчаіснасці, - адзначае Марына Гансалес, эксперт у галіне аховы здароўя з Універсітэта Сімона Балівара ў Каракасе. — І яны ведаюць, што рашэнне гэтай праблемы ў бліжэйшы час не прадбачыцца».

Незалежная група «Doctors United» заяўляе, што яна задакументавала 580 смерцяў медыцынскіх работнікаў ад каранавіруса, што ў пяць разоў перавышае лічбу, якую назваў рэжым.

У бальніцах рэгулярна не хапае вады, электрычнасці, кіслародных балонаў і лекаў, таму многія інфікаваныя каранавірусам венесуэльцы паміраюць дома.

Навукоўцы лічаць, што без вакцын і лячэння кавіду ў краіне могуць хутка развіцца новыя варыянты, што ўяўляе сабой патэнцыйную небяспеку і для іншых краін.

Эксперты дапускаюць, што ўзровень смяротнасці ў Венесуэле можа быць ніжэйшы, чым у іншых краінах рэгіёна, бо эканамічны крызіс у краіне ізаляваў яе ад турыстаў. Да таго ж, з 2013 года большасць міжнародных авіякампаній спынілі палёты ў Венесуэлу. А востры недахоп бензіну прывёў да таго, што ў краіне цяпер менш грамадскага транспарту і ўсё больш прадпрыемстваў закрываюцца. Але нават з улікам гэтага ўрад значна заніжае сапраўдныя лічбы захворвальнасці.

Цэнтральная ўніверсітэцкая бальніца ў Каракасе, самая галоўная ў краіне, летась праводзіла каля 120 тэстаў на дзень, цяпер — толькі 15, бо ў справаздачы неабходна абгрунтаваць правядзенне кожнага тэста, што значна замаруджвае працэс.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031