«Помста за яе пазіцыю». Берасцейскую Жанну Д'Арк перавялі з СІЗА ў Навінкі
Берасцейку Паліну Шарэнда, якую абвінавачваюць у гвалце ў дачыненні да міліцыі, перавялі з СІЗА ў Навінкі. Пра гэта яе муж даведаўся ад адваката.
«Учора яе этапавалі на судова-псіхалагічна-псіхіятрычную экспертызу. Наколькі ведаю, яна займае каля двух тыдняў. Паліна ўвогуле адмаўляецца ад дачы паказанняў падчас следства. Кажа супрацоўнікам, што яны нелегітымныя. Мне здаецца, гэта проста помста за яе пазіцыю», — лічыць Андрэй Шарэнда.
Сам ён толькі нядаўна вызваліўся пасля 12 сутак.
Нагадаем, Паліну затрымалі 3 студзеня ў кватэры, калі прыйшлі з аглядам. Прычынай для агляду было відэа, якое трапіла ў тэлеграм-каналы — на ім жанчына зняважліва выказалася пра міліцыю, якая забрала яе мужа. Падчас агляду, па версіі органаў, Паліна спрабавала сарваць маску з супрацоўніка, чым нанесла пагрозу здароўю і псіхалагічныя пакуты.
Андрэй кажа, што за ўвесь час атрымаў ад жонкі толькі адзін ліст (са спісам рэчаў, якія трэба перадаць), хоць да іншых яе лісты даходзяць.
«Яна ў добрым настроі, не зламалася. Гатова змагацца за сваю пазіцыю далей», — дзеліцца ён тым, што ведае праз адваката.