Знайсці
02.09.2020 / 08:055РусŁacБел

«Збілі, адвезлі на МКАД і адпусцілі», — той самы кіроўца, якога жорстка затрымліваў АМАП

13 жніўня ў інтэрнэт трапіла відэа жорсткага затрымання кіроўцы ў Мінску. На запісе відаць, як міліцыянт спачатку б'е дубінкай аўтамабіль, які ехаў міма, а пасля з дапамогай яшчэ чацвярых калегаў затрымлівае мужчыну, які выйшаў з машыны. Tut.by пагутарыў з Віктарам і даведаўся, што ж адбылося далей.

У апісанні да роліка было сказана аб жорсткім затрыманні «дзядулі». На самай справе Віктару 49 гадоў, і ён сам з гумарам ставіцца да таго, што яго ахрысцілі «дзядулем». Мужчына распавёў пра падзеі таго дня.

— У той дзень я проста ехаў па вуліцы. Не было ні ланцугоў салідарнасці, ні нейкай акцыі. Але было шмат машын, якія сігналілі. І вось калі я праязджаў міма амапаўца, які стаяў паміж аўтобусам і экіпажам ДАІ, той нечакана ўдарам дубінкі зламаў мне люстэрка. Незразумела, чаму ён абраў менавіта маю машыну, таму што перада мной пару аўто праехалі, на іх ён увагі не звярнуў. Відаць, мая машына была вышэй, яе зручна было ўдарыць.

Віктар спыніўся за пару дзясяткаў метраў ад аўтамабіля ДАІ і выйшаў з машыны. Гаворыць, хацеў проста зафіксаваць у інспектараў факт нанясення пашкоджанняў. Да яго падышлі спачатку трое сілавікоў, потым яшчэ двое.

— Я толькі спытаўся ў іх: «Вы што творыце?» Яны мне сказалі: «Выбірай — або дадому, або ў РАУС». Я сказаў, што толькі зафіксую ў ДАІ пашкоджанні і паеду дадому. Абышоў сваю машыну і накіраваўся да экіпажу ДАІ. Але нечакана мяне схапілі ззаду за горла і ўчатырох павалаклі ў аўтобус. Са мной нават не размаўлялі, толькі раўлі. І білі. Надзелі кайданкі, кінулі на падлогу, і я ляжаў галавой уніз. За найменшы гук або слова білі дубінкамі. Там яшчэ стаялі шчыты, і мы — нас там было чалавек пятнаццаць — баяліся, што яны імі пачнуць нас дзяўбці. Гэта было вельмі страшна.

Па словах Віктара, у такім становішчы, упёршыся ілбом у падлогу, яны прабылі ў аўтобусе прыкладна да 12 гадзін ночы.

— А потым нас усіх вывезлі на МКАД і там па адным высаджвалі з аўтобуса. Ён спыняўся прыкладна праз кожныя 500 метраў. Пасля таго, як мяне высадзілі, я дабраўся да кавярні на кальцавой, там у нейкага хлопца папрасіў тэлефон і патэлефанаваў жонцы. Яна мяне і забрала.

У Віктара была разбіта галава, у раёне правага вуха ўсё было ў крыві. Акрамя таго, нага была моцна пашкоджаная, кіроўца практычна не мог хадзіць.

— Машыну я знайшоў на штрафстаянцы праз некалькі дзён з цалкам высаджаным акумулятарам. Мабыць, яе пакінулі з уключаным святлом. З салона зніклі сякія-такія рэчы: радар-дэтэктар, FM-трансмітар з флэшкай, перахаднік для зарадкі. Да гэтага часу не магу знайсці тэлефон і ключ ад машыны. Я зафіксаваў пабоі і звярнуўся ў Следчы камітэт, там маё заяву перанакіравалі ў аддзяленне Фрунзенскага раёна. Следчы выклікаў мяне, я даваў паказанні.

Цяпер Віктару трэба заплаціць 102 рублі за эвакуацыю, 39 рублёў за паслугі захоўвання на штрафстаянцы. Але пацярпелы кіроўца не разумее, за што ён павінен плаціць.

— Я хадзіў да начальніка ДАІ Фрунзенскага раёна, ён мне выпісаў дазвол забраць машыну. Але мне яе не хацелі аддаваць, казалі спачатку аплаціць штраф. Але я сказаў, што, па-першае, зараз у мяне проста няма грошай. А па-другое, хай спачатку ў сітуацыі разбярэцца Следчы камітэт, а потым ужо будзем нешта вырашаць са штрафамі.

У прэс-службе МУС відэа пракаментавалі каротка: «Грамадзянін, не згодны з дзеяннямі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, мае права звярнуцца ў Следчы камітэт альбо пракуратуру для правядзення праверкі».

Віктар чакае адказу ад Следчага камітэта і лічыць, што яму яшчэ пашанцавала. Машына амаль не пацярпела, а самога яго хоць і збілі, але ў выніку адпусцілі.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031