Знайсці
07.05.2020 / 00:068РусŁacБел

Як арганізавана дыстанцыйнае навучанне для ўкраінскіх школьнікаў

У Міністэрстве адукацыі Беларусі заявілі, што не бачаць ні тэхналагічнай магчымасці, ні гарантый якасці для дыстанцыйнага навучальнага працэсу. У гэты ж час у суседніх краінах школьнікі перайшлі на дыстанцыйнае навучанне. Як з гэтым выклікам і нестандартнай сітуацыяй справілася Украіна, дзе школы закрылі на каранцін яшчэ 12 сакавіка?

Міністэрства адукацыі і навукі Украіны разам з офісам прэзідэнта ў кааперацыі з грамадскімі аб'яднаннямі запусцілі праект «Усеўкраінская школа анлайн».

Відэаўрокі транслююцца па дакладным графіку на ўкраінскіх тэлеканалах, на YouTube-канале Міністэрства адукацыі і навукі і на медыяплатформах.

У праекце бяруць удзел 40 неабыякавых педагогаў, якія добраахвотна сталі настаўнікамі для ўсёй краіны.

«Наша задача як дзяржавы — забяспечыць кожнаму дзіцяці свабодны доступ да ведаў», — сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Урокі праходзяць па такіх прадметах: украінская мова, украінская літаратура, гісторыя Украіны, сусветная гісторыя, англійская мова, фізіка, алгебра, геаметрыя, геаграфія, хімія, біялогія, фізкультура.

Заняткі праходзіць штодня а 10:00, з панядзелка па пятніцу, да заканчэння каранціну. А каранцін, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца да канца навучальнага года.

Графік заняткаў можна спампаваць на сайце міністэрства.

На канале YouTube міністэрства, у апісанні пад кожным відэа, настаўнікі таксама пакідаюць дамашняе заданне для замацавання тэмы. Спасылкі на электронныя версіі гэтых падручнікаў можна знайсці ў апісанні пад відэа.

Відэаўрокі пастараліся зрабіць у цікавай форме. У іх бяруць удзел украінскія зоркі: вядучыя, музыканты, акцёры, спартсмены і г.д. Яны адказваюць на пытанні, рашаюць задачы і праводзяць эксперыменты з настаўнікамі.

Відэаўрокі на канале YouTube знайсці вельмі проста — створаны плэй-лісты, з дапамогай якіх можна знайсці ўрок па адпаведным прадмеце і за неабходны тыдзень.

Але аднымі толькі відэаўрокамі дыстанцыйнае навучанне для ўкраінскіх школьнікаў не абмяжоўваецца.

Міністэрствам на час каранціну быў створаны адмысловы сайт, на якім можна знайсці ўсю інфармацыю пра дыстанцыйнае навучанне, канец навучальнага года і ўступную кампанію, а таксама рэкамендацыі для педагагічных работнікаў.

Калі не ўлічваць відэаўрокі, структура і форма дыстанцыйнага навучання вызначаецца педагагічнай нарадай школы з улікам адукацыйнай праграмы, вучэбнай праграмы і асаблівасцей кожнай установы і рэгіёна. Гэта значыць, школам далі аўтаномію ў выбары формы дыстанцыйнага навучання. Якія рэсурсы трэба выкарыстоўваць для дыстанцыйнага навучання, вырашаюць школы і настаўнікі, а не міністэрства.

На яшчэ адным сайце, створаным міністэрствам у партнёрстве з недзяржаўнымі грамадскімі аб'яднаннямі, «Нова українська школа», можна знайсці практычныя парады і рэкамендацыі па дыстанцыйным навучанні ад педагогаў з усёй Украіны.

Школы арганізоўваюць дыстанцыйнае навучанне праз камбінацыю праграм Zoom, Skype, Instagram, Google Hangouts, Google Classroom, Moodle, Microsoft Teams, з дапамогай загадзя запісаных настаўнікам відэаўрокаў і іншымі спосабамі.

Падчас дыстанцыйнага навучання настаўнік можа рабіць нататкі аб ходзе навучання, ставіць адзнакі.

Класны журнал можна будзе запаўняць, калі настаўнікі і вучні вернуцца ў школу. Пры наяўнасці можна весці электронны журнал.

Каранцін ніякім чынам не адаб'ецца на магчымасці своечасова атрымаць дакументы аб адукацыі, бо ўвесь працэс ажыццяўляецца ў электронным выглядзе.

Праз каранцін ва Украіне не сталі адмяняць ЗНО («Зовнішнє незалежне оцінювання» — аналаг беларускага ЦТ). Але яго дакладныя даты пакуль што невядомыя — гэта залежыць ад таго, да якога месяца будзе працягвацца каранцін. Мяркуецца, што ЗНО пройдзе не пазней за пачатак верасня. Фармат і парадак ЗНО ў 2020 годзе не зменяцца.

Міністэрства вырашыла, што ў 2019/2020 навучальным годзе вучні 4 і 9 класаў не будуць праходзіць дзяржаўную выніковую атэстацыю.

З-за каранціну выкладчыкаў максімальна перавялі на працу ў гнуткім і дыстанцыйным рэжыме. Нават для супрацоўнікаў, якія фактычна зараз не працуюць, сярэдняя заработная плата захоўваецца. Адпраўляць работнікаў падчас каранцін на прымусовы адпачынак за свой кошт забаронена.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930