Знайсці
04.05.2020 / 12:583РусŁacБел

У Віцебску ад каранавіруса памёр дыякан пратэстанцкай царквы

Анатолю Сакалову было 59 гадоў. Пра ягоную смерць «НН» паведаміў брат памерлага, пастар пяцідзесятніцкай царквы «Адраджэнне» ў Віцебску Міхаіл Сакалоў.

Анатоль Сакалоў. Архіўнае фота з 1990-х. Здымак прадставіў «НН» Васіль Мамнеў

«Стала кепска больш за тры тыдні таму, паднялася тэмпература.

Участковая сказала, што гэта ангіна.

Збівалі ўсё тэмпературу, як маглі. Калі ўжо стала зусім кепска, то выклікалі хуткую. Дактары хуткай адразу сказалі, што гэта ніякая не ангіна, а пнеўманія. Забралі Анатоля ў бальніцу, спачатку ў адну, потым перавялі ў другую. 4 мая было б два тыдні, як брата ўвялі ў медыкаментозную кому. Ён гіпертонік, вялікі ціск. Памёр Анатоль 3 мая а 12 гадзіне дня», — кажа спадар Міхаіл.

Па словах брата, тэст на каранавірус у Анатоля Сакалова браўся 22 красавіка, праз два дні быў станоўчы вынік. У бальніцы знаходзілася і жонка нябожчыка, але яна ўжо паправілася. Тэст на COVID-19 у яе быў адмоўным. «Даведку аб смерці мы пакуль не бачылі, нічога сказаць не можам», — гаворыць брат.

Пакуль невядома, калі сваякі змогуць развітацца з Анатолем. «Сын брата ўчора спрабаваў дагрукацца, але ўсё было закрыта. Нам рэкамендавалі не здымаць залу для развітання. Можа, на ўскайку могілак атрымаецца правесці невялікі жалобны сход. Труна будзе закрытай».

Анатоль Сакалоў працаваў сантэхнікам на віцебскім прадпрыемстве другаснай чорнай металургіі. Дапамагаў брату ў царкве. Дыякан у пратэстантаў клапоціцца пра матэрыяльны стан царквы, збірае ахвяраванні. Гэта нешта кшталту загадчыка гаспадаркі.

Сям’я Сакаловых — пратэстанты ў трэцім пакаленні. Яны паходзяць каранямі з Лёзненскага раёна.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера