Знайсці
29.03.2020 / 13:0813РусŁacБел

«Тут зусім іншая сістэма». Беларуска-генетык, якая працуе ў Барселоне, пра грошы ў навуцы і ўрокі пандэміі

Чаму навуковыя даследаванні каштуюць так дорага, колькі часу патрабуецца на распрацоўку вакцын і як новы вірус змусіць нас перагледзець наша жыццё? У час пандэміі, калі роля навукі становіцца як ніколі заўважнай, сваімі назіраннямі падзялілася генетык Іна Берняковіч. Доктар навук, калісьці яны працавала ў беларускай Акадэміі навук, а пасля — у даследчых інстытутах Мілана і Барселоны. Займалася праблемамі старэння, анкалогіяй, геннай інжынерыяй, ствалавымі клеткамі.

Фота facebook.com

Беларускі генетык Іна Берняковіч цяпер жыве ў Барселоне. А родам з хутара Алешкі Мядзельскага раёна. «У 5 год ведала, што буду займацца біялогіяй, бо жыла ў месцы з вельмі прыгожай прыродай», — кажа яна.

Іна скончыла біяфак БДУ, у 2000-я працавала ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі. 

Доктара навук абараняла ў Мілане на базе Турынскага ўніверсітэта і Еўрапейскага інстытута анкалогіі.

«Некаторыя лабараторныя мышы могуць каштаваць па 100 еўра»

Умовы працы навукоўцаў за мяжой залежаць ад галіны. Матэматыка — гэта адна справа, бо формулы можна вылічваць у любым месцы. А ў эксперыментальнай біялогіі было б цяжка весці даследаванні ў Беларусі на такім узроўні, як у Еўропе, бо даследаванні — рэч не танная. 

Напрыклад, культуры ствалавых клетак вельмі далікатныя і патрабуюць дарагіх спецыяльных складнікаў для пажыўнага асяроддзя. Неабходна таксама абсталяванне — прыборы, якія працуюць з пратэінамі і нуклеінавымі кіслотамі, устаноўкі для вырошчвання бактэрый, пакоі для стэрыльнай працы з клетачнымі культурамі, вірусамі, чалавечым матэрыялам, устаноўкі для замарозкі, мікраскопы для даследавання малекул і арганел, пакоі з кантралюемай тэмпературай (+4 і -20) для захоўвання рэагентаў і многае-многае іншае. 

Лабараторыя клетачных культур у Цэнтры рэгенератыўнай медыцыны ў Барселоне. Фота cmrb.eu

Асобная графа — праца з лабараторнымі жывёламі, некаторыя мадэлі мышэй могуць каштаваць і сто еўра. Чаму так дорага? Гэта мышы з мадыфікаванымі генамі — патрабуецца вельмі шмат часу, каб іх зрабіць. А яны неабходныя, калі ты вывучаеш функцыю якога-небудзь гена ў жывым арганізме.

Утрыманне лабараторных жывёл таксама каштуе дорага і павінна адпавядаць міжнародным стандартам: арандуецца месца ў віварыі са стэрыльнымі ўмовамі, наймаецца ветнагляд, фірмы, якія даглядаюць жывёл і памяшканне, выпісваецца спецыяльная ежа і г. д. 

Фінансаванне, вядома, лепшае тут, чым дома. Яно можа ісці з дзяржаўных або прыватных фондаў. Ці даследаванні вядуцца на сродкі, якія збірае насельніцтва. Для гэтага праводзяцца розныя кампаніі.

Напрыклад, у Каталоніі штогод ладзіцца тэлевізійны шматгадзінны марафон, падчас якога распавядаюць пра хваробы і збіраюць грошы на іх даследаванне. У Італіі асацыяцыі па барацьбе з ракам арганізуюць дні, калі за адпаведны кошт прадаюць кветкі або апельсіны, і такім чынам збіраюць ахвяраванні на навуку.

Еўрапейскі інстытут анкалогіі ў Мілане. Фота facebook.com

Там жа для грамадзян існавала магчымасць абраць установу, сярод якіх і даследчы інстытут, і плаціць на яго карысць адзін з відаў падаткаў (некалькі еўра на кожную тысячу заробленых грошай).

Дзеля гэтага навуковыя інстытуты праводзілі рэкламу, якую запускалі па ТБ. Акрамя таго, прадстаўнікі дабрачынных арганізацый могуць збіраць грошы на даследаванні непасрэдна на вуліцы. 

Фінансаванне навукі таксама залежыць ад эканамічнага стану ў свеце, ад таго, якая партыя ва ўладзе і як многа сродкаў яна збіраецца накіроўваць на навуку. Але ва ўсіх краінах грошы на галаву з неба не падаюць, за іх заўсёды ідзе канкурэнцыя, іх трэба шукаць самому.

А па заробку, напэўна, навукоўцы нідзе ў свеце не адносяцца да высокааплатнай катэгорыі грамадзян. Гэта не тая галіна, дзе вы разбагацееце.

«Праз канкурэнцыю на Захадзе ў навуцы больш маладых і актыўных людзей»

Навука прыносіць творчае задавальненне, але гэта даволі напружаная праца. Па-першае, эксперыменты нельга адкласці ў стол, таму навукоўцы затрымліваюцца да позняй ночы — без дадатковай аплаты, проста на вынік. А ў маёй галіне яшчэ і практычна кожныя выхадныя праводзяць на працы і адпачынак часам таксама не ўвесь выкарыстоўваюць. З жывымі культурамі, наогул, як з дзецьмі — трэба карміць і даглядаць пастаянна. 

Сістэма працы кантрактная, ты працуеш некалькі год, а пасля, як правіла, шукаеш іншае месца або сыходзіш з навукі. З аднаго боку, людзі не абароненыя, многія кваліфікаваныя спецыялісты пасля не могуць знайсці працу, але пазітыўны момант — павышэнне канкурэнтнай здольнасці лабараторыі.

Па гэтых прычынах на Захадзе ў навуцы больш маладых і актыўных людзей, бо працаваць у такім тэмпе да старасці складана. У лабараторыі не бывае людзей, якія проста праседжваюць час.

Лепшае ў цэлым фінансаванне навукі, бясспрэчна, вядзе да больш дынамічнага навуковага жыцця. Чым больш рэагентаў можа купіць навуковец, тым больш эксперыментаў ён правядзе.

Цэнтр рэгенератыўнай медыцыны ў Барселоне. Фота facebook.com

Што адносна адукацыі беларускіх спецыялістаў, то яна, па меншай меры ў мой час, была на абсалютна высокім узроўні. 

А вось што можна было б змяніць у беларускай навуцы, гэта зрабіць лягчэйшай сістэму атрымання сродкаў, таксама з міжнародных фондаў, каб асабіста сам навуковец менш займаўся бюракратыяй. Важна больш эфектыўна вывучаць ангельскую мову, каб лёгка аналізаваць неабходную літаратуру па тэме.

«У Іспаніі на распрацоўку вакцыны ад каранавіруса выдаткавана 30 млн еўра»

Цяпер у сувязі з пандэміяй нагрузка ідзе перш за ўсё на вірусолагаў.

На сёння ў ПабМедзе, найбуйнейшай базе медыцынскіх і біялагічных публікацый, ужо захоўваецца каля 1500 навуковых артыкулаў, прысвечаных каранавірусу, то-бок работа ідзе інтэнсіўная.

Навукоўцы павінны зрабіць усю працу, пачынаючы ад расшыфроўкі паслядоўнасці нуклеінавых кіслот віруса (яна ўжо прачытана і ёсць у адкрытым доступе для любога чалавека ў інтэрнэце), праверыць, як вірус распаўсюджваецца, ці пераносяць яго хатнія жывёлы, распрацаваць дыягнастычныя тэсты, вынайсці і праверыць вакцыну і лекі (апошнім займаюцца фармакампаніі). 

Распрацоўкі вакцыны ідуць у многіх месцах планеты. У Іспаніі на гэта выдаткавана 30 млн еўра, каб забяспечыць затым вакцынай сваіх грамадзян. У ЗША ўжо пачалі першую фазу клінічных даследаванняў, але тамтэйшыя навукоўцы лічаць, што яшчэ год як мінімум неабходны для заканчэння выпрабаванняў, а пасля яшчэ і час на налад прамысловай вытворчасці. 

Фота Tedward Quinn, unsplash.com

Чаму для распрацоўкі вакцыны патрэбна так шмат часу? Калі груба апісаць, спачатку знаходзяць антыген, які выкліча імунны адказ, бяспечны для арганізма. Правяраюць на жывёлах. Затым пачынаюцца клінічныя выпрабаванні на людзях — спачатку на вельмі невялікай выбарцы, глядзяць, каб не было самых небяспечных наступстваў. Затым пашыраюць колькасць удзельнікаў і назіраюць за імі больш дэтальна і на працягу большага часу. Затым яшчэ павялічваюць колькасць удзельнікаў.

Звычайна тэсты лекаў доўжацца нашмат больш, гадамі. Тут у надзвычайнай сітуацыі бяруць мінімальна магчымую працягласць назіранняў, але яе прайсці трэба абавязкова. І толькі пасля будуць наладжваць вытворчасць, на што таксама патрэбны час.

«Важна перагледзець адносіны паміж чалавецтвам і прыродай»

Ужо пасля эпідэміі больш дэтальна і масава працягнуць вывучаць біялогію каранавірусаў. Спадзяюся, што, нарэшце, сур’ёзна будзе закранута пытанне пра тое, як папярэдзіць эпідэміі, хаця пра гэта варта было задумацца яшчэ пасля ўзнікнення каранавірусаў SARS і MERS. 

Трэба перагледзець розныя аспекты ўзаемадзеяння чалавека з дзікімі жывёламі — іх ужыванне ў ежу ў краінах Азіі, выкарыстанне нетрадыцыйнай кітайскай медыцыны, паляванне (у розных краінах), утрыманне экзатычных жывёл і іншыя фактары, якія могуць павысіць рызыку ўзнікнення захворванняў.

Лічыцца, што пандэмія выклікана вірусам, які змяніў сваю генетычную структуру, што дало яму магчымасць «перакінуцца» са сваіх натуральных гаспадароў, дзікіх жывёл, на чалавека.

Ёсць гіпотэза, што чалавечы каранавірус мог узнікнуць пасля рэкамбінацыі (абмену генетычным матэрыялам) паміж вірусамі кажаноў і пангалін. Для гэтага два вірусы павінны былі сустрэцца між сабой або ў дзікай прыродзе, або там, дзе па віне чалавека змешваецца біяматэрыял розных відаў дзікіх жывёл. Пасля такой рэкамбінацыі вірусы могуць атрымаць уласцівасць інфікаваць новага гаспадара.

Таксама важнае пытанне: як спраўляцца з пандэміямі ў час глабалізацыі? Тыя ж асобныя захворванні MERS рэгіструюцца штогод з 2012-га, але калі яны ўзнікнуць у такіх вялікіх гарадах, як Ухань, звязаных транспартнымі шляхамі з усёй краінай і з іншым светам, то дынаміка распаўсюджвання, вядома, паскорыцца. Наогул, важна перагледзець адносіны паміж чалавецтвам і прыродай.

Навукоўцы застаюцца ў цені, але трэба памятаць, што выратаванне жыццяў немагчыма і без іх працы, прычым не толькі ў біялогіі, але і ў іншых галінах.

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера