Знайсці
17.03.2020 / 15:3247РусŁacБел

«Мяне папрасілі гэта зрабіць». Пінскія настаўніцы расказваюць, як выпадкова апынуліся на праймерыз апазіцыі

Праймерыз апазіцыі — самі сабою навацыя. Але тое, што здарылася на праймерыз на Берасцейшчыне — абсалютная нечаканасць. Лідар перадвыбарнай гонкі Павел Севярынец зняў сваю кандыдатуру пасля галасавання ў Пінску, Драгічыне і Століне.

Ён мяркуе, што ўлада падключыла адмінрэсурс — на праймерыз падцягнулі педагогаў, каб тыя сваімі галасамі трохі падкарэктавалі вынікі. У выніку большасць галасоў набраў лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Блогер Аляксандр Кабанаў расказаў «Нашай Ніве», што нібыта мае перапіску, у якой чыноўнікі заклікаюць падначаленых і педагогаў паўдзельнічаць у праймерыз апазіцыі.

«Нам скінулі перапіску чыноўнікаў, але мы яе не выкладваем, бо так папрасілі людзі — могуць вылічыць таго, хто зліў. Праўда, у перапісцы людзям не кажуць, за каго ім галасаваць», — кажа Кабанаў.

Фота Media-polesye.by

Ён запэўнівае, што начальнік аддзела ідэалогіі Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак разаслала падначаленым такі ці то заклік, ці то загад.

«Але яна самастойна такія пытанні вырашаць не можа. Я думаю, гэта курыруецца КДБ, — разважае Кабанаў. — У выніку калі раней Севярынец перамагаў з вялікім адрывам, то цяпер раптам пайшлі перамогі ў Губарэвіча. Я не думаю, што Губарэвіч сам гэта зрабіў, хутчэй, улады яго выбралі як больш лаяльнага і спакойнага. Ну і плюс, ён проста быў на другім месцы. Ішла б Кавалькова другой — за яе б галасавалі».

Але нават калі гэтыя педагогі прыйшлі па загадзе, яны ж усё роўна застаюцца грамадзянамі Беларусі, якія маюць права прысутнічаць і галасаваць на тых праймерыз — апазіцыя загадзя зацвердзіла такую адкрытую працэдуру. То-бок апазіцыя проста праглядзела, што іх дэмакратычная ініцыятыва можа быць вось так проста зманіпуляваная?

«Такі варыянт падзей абмяркоўваўся, але ж думалі, што адмінрэсурс уключаць за Канапацкую. І гэта адна з прычын, чаму яе знялі з праймерыз», — тлумачыць Кабанаў.

Юрась Губарэвіч таксама пракаментаваў гэтую сітуацыю:

«Ніякую перапіску чыноўнікаў я не бачыў і ўвогуле першы раз чую пра гэта. Але

я бачыў публікацыю Кабанава, дзе ён сфатаграфаваў некалькі чалавек і заявіў, што гэта мясцовыя настаўнікі. Дык што тады — у нас ёсць забарона для настаўнікаў прыходзіць на праймерыз? — кажа Губарэвіч. — Так разумець пасыл Кабанава?

Але ж цікаўнасць да праймерыз з боку чыноўнікаў існуе ад пачатку. І пачалося ўсё яшчэ з Віцебскай вобласці. Там прыходзіў намеснік старшыні Мёрскага райвыканкама, ён нават узяў удзел у галасаванні. Я набраў у Мёрах нуль галасоў, Севярынец набраў большасць. На той момант сітуацыя не выклікала ніякіх абурэнняў у яго. Тое ж можна сказаць па Лепелі, па Бярозе, дзе Севярынец набіраў большасць, а на сустрэчах таксама былі прадстаўнікі аддзелаў ідэалогіі. Калі перамагаеш, то значыць, што мясцовая ўлада падтрымлівае апазіцыю, а калі не перамагаеш, то мясцовая ўлада робіць каварныя крокі? Такі трохі інфантыльны падыход.

Калі казаць пра Пінск, то я не ведаю, за каго галасавалі тыя настаўнікі. Калі яны галасавалі за мяне, то дзеля захавання адзінства ўдзельнікаў праймерыз я гатовы гэтыя пяць ці колькі там галасоў аддаць Паўлу Севярынцу: хай ён вяртаецца і працягвае».

«Наша Ніва» адшукала некаторых педагогаў з пінскай школы №1, якія наведвалі праймерыз.

Паліна Якушэнка, педагог-арганізатар школы №1, запэўніла, што начальства нібыта нават не ведала пра яе цікавасць да праймерыз апазіцыйных палітыкаў.

Паліна Якушэнка, фота vk.com

«Мяне папрасілі гэта зрабіць, як і многіх іншых. Я хадзіла як слухач, ні за каго не галасавала. У бюлецень я не паставіла нічога таму, што сярод усіх кандыдатаў ніхто не праявіў сябе ні як лідар, ні як чалавек, які нешта можа змяніць. Метады і прынцыпы кандыдатаў мне не блізкія. Я не з'яўляюся часткай апазіцыі і ніколі не буду, маю намер галасаваць за цяперашняга прэзідэнта», — кажа Паліна.

Навошта ж тады яна хадзіла на тыя праймерыз?

«Пераканацца ў сваёй праўдзе. Мы, моладзь, павінны ведаць людзей, якія маглі б нешта змяніць. На жаль, сярод тых, каго я пачула, такіх не было. Адзінае, што я чула — выходзьце на вуліцы страйкаваць», — адказала педагог.

«Мяне папрасілі схадзіць знаёмыя, не начальства. Маё начальства не ведала, што я хадзіла», — запэўніла Якушэнка. Праўда, па незразумелай прычыне пазней выдаліла свае адказы (але скрыншоты перапіскі засталіся ў Рэдакцыі).

Настаўніца матэматыкі са школы №1 Пінска Марыя Селюжыцкая таксама пераконвае, што завітала на праймерыз выпадкова.

Марыя Селюжыцкая, фота vk.com

«А чаго гэтая тэма раптам усіх пачала цікавіць? Мы штосьці кепскае зрабілі? Было жаданне — схадзіла, не было б — не хадзіла б. — дзівіцца Селюжыцкая. —

Я сама зайшла туды выпадкова. Гуляла па Леніна, убачыла побач нейкіх людзей, калег, падышла паглядзець, што там такое. Пасля пабыла трохі, і сышла. Ні ў якім галасаванні я ўвогуле не ўдзельнічала. Я паглядзела, што гэта, зразумела, што гэта не маё, і сышла».

УШ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера