Знайсці
29.04.2024 / 12:056РусŁacБел

«Хай гэтая Гюльчатай адкрые тварык». Сярод выкладзеных Кіберпартызанамі, выявіўся і ліст Фядуты

Ліст Аляксандра Фядуты адносіцца да 2017 года, калі разгортвалася «справа «Белага легіёна».

Аляксандр Фядута. Фота Антона Матолькі

Аляксандр Фядута ў сваім характэрным стылі пісаў асабіста старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыю Вакульчыку.

«Паважаны Валеры Паўлавіч! Усе ўжо парадаваліся спыненню справы аб «Белым Легіёне»? Выдатна. Зараз давайце хоць бы нешта ў гэтай краіне давядзем да канца.

Я пра загадкавую «фрау А.», на паказаннях якой, як я разумею, часткова грунтавалася следства ў момант найвышэйшага свайго ўзбуджэння.

Маўляў, вось, прыйшла дама і паведаміла нашаму пасольству (ці не пасольству?) інфармацыю, з якой усё і пайшло-паехала. Як у школьнай задачы пра дзве трубы — у адну ўцякае, з іншай выцякае. У дадзеным выпадку задачку вырашыць трэба — інакш хрэн усім журналістам цана.

Такім чынам, пытанне першае: у якое менавіта пасольства прыйшла загадкавая «фрау А.»? Спіс адказных супрацоўнікаў на сайце амбасады павінен быць — а ўжо ў аддзеле кадраў МЗС дакладна, дык хто дапусціў гэтую малаўнятную асобу на ахоўную тэрыторыю, Уладзімір Макей дакладна ведае. Хай адкажа — хто.

Аб падпалах нашых пасольстваў нічога чуваць не было, таму кніга, у якой фіксуюцца ўсе (!!!) наведвальнікі, там напэўна захоўваецца. І ў кнізе, стала быць, даныя загадкавай фрау таксама павінны быць зафіксаваныя. Хай МЗС іх прад'явіць. Мне тут запіс у касцёльнай кнізе аб хрышчэнні Тадэвуша Булгарына неяк спатрэбілася знайсці — знайшоўся, уяўляеце? А тут, бадай, часу менш прайшло.

Затым варта падаць пазоў аб абароне гонару і годнасці да гэтай мілай паненкі. Калі яна існуе (!!!), яна напэўна адкажа, што нічога канкрэтнага ні пра каго яна не паведамляла. Тады паўстае пытанне аб правамернасці дзеянняў тых, хто заводзіў крымінальную справу з нагоды персаналій, відавочна пацярпелых у выніку неправамерных следчых дзеянняў, Калі яны сапраўды былі неправамернымі — а вось пра гэта павінна будзе публічна і пісьмова адказаць пракуратура — ёсць жа той яе супрацоўнік, хто даваў санкцыю на арышт, скажам, Лазоўскага? Чым ён кіраваўся? Якія даныя былі яму прад'яўленыя? І чаму гэтых звестак хапіла на арышт, але не хапіла на суд. Цікава ж? Мне таксама цікава.

Зрэшты, беларуская частка гэтага сюжэта, баюся, пры цяперашняй уладзе раскрытая публіцы не будзе. Але гісторыю з фрау А. — даводзьце да канца, хлопцы. Белтэлерадыёкампанія, напрыклад, згодна з законам, павінна правяраць інфармацыю, якую выпускае ў эфір. Як яе супрацоўнікі правяралі, ці адпавядае рэчаіснасці пісьмо фрау? Ці існуе гэты тэкст, які складаў у той момант следчую таямніцу? Хто прад'явіў яго журналістам з БТРКа? І гэтак далей. Яно ёрнічна гучыць, вядома. Але нагадаю: у 2010 годзе Дашкевіча і Лобава саджалі на падставе скаргі персон, якія сядзелі ў суседнім пакоі і не выходзілі ў залу пасяджэнняў. Каб журналісты асоб іх не ўбачылі, пацярпелых гэтых.

Фрау А. пацярпелай не была.

Пацярпелымі аказаліся «легіянеры». У іх ёсць поўнае права дамагацца пакарання паклёпніцы паводле законаў той краіны, дзе яна жыве. Альбо — пакарання супрацоўнікаў беларускага МЗС, якія раптам (!!!) страцілі ўсю інфармацыю аб падазронай цётцы, якая спрабавала абгаварыць мірных нашых суграмадзян. У першым выпадку хай адказвае яна, у другім — архітэктар беларускай адлігі спадар Макей.

Дакладней, яго падначаленыя. Або-або. Яно, імаверна, непрыгожа выглядаць будзе: мала хто з дзяржслужачых так шчыра стараўся, каб «легіянераў» выпусцілі як мага раней, і нават дамогся гэтага. Але міністр па справах лібералізацыі павінен зразумець і нас: яго ж ведамства будзе і надалей заставацца крайнім, калі фрау А. не будзе знойдзена.

«Жэншчыну» ў студыю! Толькі хай гэтая Гюльчатай такі адкрые тварык. Вы жывяце за мой кошт і я хачу ведаць праўду. Патрабую адказаць на мае пытанні.

Ваш стары знаёмы, Фядута».

Аляксандр Фядута сканчае гэты дзёрзкі ліст іранічным подпісам «ваш стары знаёмы», імаверна, нагадваючы пра сваё зняволенне ў СІЗА КДБ у 2010—2011 гадах.

Нагадаем, што Аляксандра Фядуту затрымалі 12 красавіка 2021 года. Яго абвінавацілі ў змове з мэтай захопу ўлады. Разам з ім па справе праходзілі юрыст Юрась Зянковіч, палітык Рыгор Кастусёў, актывіст Дзяніс Краўчук і супрацоўніца офіса Зянковіча Вольга Галубовіч. У верасні 2022 года Фядуту далі 10 гадоў пазбаўлення волі. Яго ўтрымліваюць у катавальных умовах у магілёўскай калоніі №15.

Чытайце таксама:

«Лукашэнка і Шуневіч заслугоўваюць смяротнага пакарання». Пра што насамрэч пісала «Фрау А» ў КДБ?

Былы палітвязень: За кантакт з Фядутам каралі карцарам

«У прамзону ходзіць з кійком». Аляксандра Фядуту не вызвалілі ад лагернай працы, нягледзячы на стан здароўя

Аляксандр Фядута выйшаў з турэмнай бальніцы і збіраецца пісаць кінасцэнарый

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
96
Панылы сорам
3
Ха-ха
14
Ого
5
Сумна
7
Абуральна
7
2
Ахти ж /адказаць/
29.04.2024
Странное письмо. Это как писать Ягоде с вопросом так что там с законностью в правосудии СССР. Очень наивно. И сам в итоге Федуьа попал в жернова похожие на операцию чекистов " Операция " Трест" в 20- ых.
3
Ёсік/адказаць/
29.04.2024
Вось карысная інфармацыя са зьлітых кадэбэшных архіваў. Так, Фядута браў удзел у выбарах 1994 года на баку лукашэнкі, потым, як я бачу, атрымаў балалайку, а не партфель, на які разлічваў. Сышоў, пачаў жыць па-іншаму. Але вось гэты запыт цікавы - у тэксце выкрыў, што КДБ хлусіць, займаецца за нашыя грошы бздурой, ахоўваючы ср.ку дырэктара саўгаса. Трымайся, дзядзька, толькі каб цябе не напаткаў сумны лёс мастака Пушкіна. Стары зь сінімі пальцамі не даруе, памятае ўсё і помсьціць.
0
БомБом/адказаць/
29.04.2024
Спроба адукацыі супрацоўнікаў КДБ праз пісанні доўгіх і прыгожых лістоў якія яны мусяць чытаць? Крыху інфантыльна, асабліва праз акуляры цяперашняга часу. Але гісторыя як гэты ліст выплыў з багны КДБ з дапамогай кіберпартызан даволі прыгожая.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031