Знайсці
03.03.2020 / 12:4537РусŁacБел

Лукашэнка даручыў дабудаваць інфраструктуру для імпарту нафты з Балтыкі. І нагадаў пра грошы ЗША

Аляксандр Лукашэнка правёў сёння нараду па пытаннях нафты. Бягучую сітуацыю кіраўнік краіны назваў нават у чымсьці карыснай, піша БелТА.

«Мы неапраўдана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і не маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны».

«Нафта — не манапольны тавар, і ахвотных працаваць з намі дастаткова нават у самой Расіі. Пастаўшчыкоў трэба знаходзіць, з імі трэба дамаўляцца. І гэта задача нумар адзін. Асабліва ў цяперашняй няпростай сітуацыі, у тым ліку з нашым партнёрам-манапалістам», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў, што, як паведамляе сам расійскі бок, яго пастаўкі нафты ў Кітай скараціліся на траціну. «Не толькі ў Кітай. Нафта сёння імгненна таннее. І ў такой сітуацыі гэта грае нам на карысць і падштурхоўвае нас да таго, каб мы маглі дамовіцца з пастаўшчыкамі. Не толькі ў Расіі, але і з альтэрнатыўнымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь пры гэтым не ставіць пытанне так, што не будзе купляць расійскую нафту.

«Будзем. Бо гэтая нафта, яе здабыча і транспарціроўка ствараліся ў тым ліку рукамі беларусаў — тых пакаленняў, за якімі мы з вамі прыйшлі. І лагістыка тут самая зручная. Але мы, вядома ж, не будзем пастаянна поўзаць на каленях 31 снежня, вымольваючы гэтую нафту. і калі знікне манапалізм, лягчэй будзе дамаўляцца і па цэнах», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён папрасіў удзельнікаў нарады далажыць, якія вынікі ўжо дасягнуты ў гэтым напрамку і якія ёсць перспектывы.

Закрануў сёння Лукашэнка і пытанне лагістыкі дастаўкі.

«Неабходныя комплексныя і сістэмныя інфраструктурныя рашэнні. Варта прадумаць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласнікамі сыравіны».

«Час канчаткова прыняць той факт, што ў энергетычных пытаннях варта разлічваць толькі на сябе, а ў крытычны момант нават найбліжэйшы партнёр будзе кіравацца толькі логікай уласных інтарэсаў», — дадаў кіраўнік краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць два буйныя і развітыя прадпрыемствы па перапрацоўцы нафты: заводы ў Наваполацку і ​​Мазыры, якія выпускаюць якасную і канкурэнтаздольную прадукцыю, якая запатрабавана на знешніх рынках. 

З улікам іх размяшчэння кіраўнік дзяржавы нагадаў пра задачу па дыверсіфікацыі паставак і магчымых маршрутах. Адзін з іх — праз Украіну па нафтаправодзе Адэса — Броды, другі — праз парты на Балтыцы.

«Рынак ёсць, добры рынак, блізкія рынкі. Але патрэбна лагістыка. Мы таксама за апошнія месяцы многае прапрацавалі па пастаўках нафты. Я ўжо сказаў, што каля 40%, можа быць, 50% будзем па-ранейшаму купляць нафту ў Расіі (калі Расія захоча), калі канчаткова дыверсіфікуем. А па 30% можам купляць з партоў Балтыкі і з Адэсы.

Гэта будуць тры крыніцы. Мы цалкам па пастаўках нафты можам дыверсіфікавацца», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У плане паставак з балтыйскага напрамку Лукашэнка ўпэўнены ў магчымасці вырашыць пытанне з паляпшэннем лагістыкі, у першую чаргу па пастаўцы трубаправодным транспартам.

«Гэта ж не праблема пабудаваць. Там, дарэчы, ёсць пара труб, якія б нас задаволілі, калі б мы іх давялі да ладу і дамовіліся з балтыйскімі дзяржавамі па гэтых трубах», — сказаў беларускі кіраўнік.

Ён таксама нагадаў, што былі вельмі сур'ёзныя заявы і намеры з боку ЗША.

«З дзяржсакратаром я на гэтую тэму размаўляў —дапамагчы нам з інфраструктурай і пастаўкамі нафты. Пампеа сам прапанаваў па канкурэнтных цэнах гэтую нафту. І на мюнхенскай канферэнцыі была заява: яны выдзелілі $ 1 млрд для будаўніцтва аб'ектаў лагістыкі, гэта значыць для пастаўкі нафты, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

— У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на будаўніцтва той жа няшчаснай трубы з Балтыкі. Дзесьці нам трэба пара перамычак, якія ўрад разлічвае будаваць аж тры гады. Не будзе гэтага. Паўтара-два года, не больш! І $ 100-120 млн мы самі знойдзем на гэтыя перамычкі».

«Таму трэба проста варушыцца», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка: Асобныя дзяржавы зразумелі карысць вентыля на трубе. І гэта не толькі Расія

Лукашэнка: Беларусь не ставіць пытанне, што не будзе купляць расійскую нафту. Будзем

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031