Ва Украіне задумаліся пра перагляд моўнага закона
Прыняты ў 2019 годзе ўкраінскі закон пра мову могуць перагледзець. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню «Главком» заявіў кіраўнік камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка.
Прапрэзідэнцкая фракцыя «Слуга народа» лічыць, што закон «Аб забеспячэнні функцыянавання ўкраінскай мовы як дзяржаўнай» «нясе шмат рызык».
«У гэтым моўным законе пытанне, скажам, у штрафах за выкарыстанне мовы ў сферы паслуг», — сказаў Аляксандр Ткачэнка.
Па словах Ткачэнкі, дэпутаты на базе камітэта па пытаннях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі пачалі падрыхтоўку да нацыянальнага круглага стала па моўным пытанні. Такім чынам заканадаўцы хочуць знайсці кампрамісны падыход, які б аб'ядноўваў краіну.
Нагадаем, закон аб функцыянаванні ўкраінскай мовы як дзяржаўнай распрацаваны ўрадам былога прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі. Яго прынялі пры прэзідэнце Зяленскім 16 ліпеня. Згодна з дакументам, украінская мова стала абавязковай для органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, навучальных устаноў, бальніц і сферы абслугоўвання.