Міністр спорту пра Еўрапейскія гульні: Мы ў любым выпадку зарабілі
Еўрапейскія гульні, якія прайшлі ў Мінску, сталі ўнёскам у здароўе нацыі. Такое меркаванне выказаў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук у інтэрв'ю БТ-1.
Адказваючы на пытанне аб выніках спартыўных спаборніцтваў, міністр адзначыў, што краіна толькі выйграла ад іх правядзення: «Мы ў любым выпадку зарабілі. Давайце паглядзім, што зроблена ў дзяржаве — адрамантаваны і рэканструяваны многія спартыўныя аб'екты, палепшаная транспартная інфраструктура, горад змяніўся і стаў лепшым, у аб'ёме 100% закуплены інвентар для ўсіх відаў спорту, якія былі прадстаўлены. Усё гэта застанецца ў краіне».
«Але самае галоўнае — мы атрымалі каласальны і бясцэнны вопыт правядзення спартыўных спаборніцтваў. Мы такога ўзроўню спаборніцтвы ніколі не праводзілі ў краіне», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.