Знайсці
05.07.2019 / 12:47РусŁacБел

Дырэктар Інстытута кантролю ведаў пра падлік балаў на ЦТ: Магчымасць адгадаць правільныя адказы зведзеная да мінімуму

У гэтым годзе балы на ЦТ падлічваліся па новай сістэме. У многіх яна выклікала пытанні. Абітурыенты з добрай падрыхтоўкай скардзіліся, што сістэма заніжае іх вынік. Тыя ж, хто ведаў прадмет слаба, наадварот маглі атрымаць нядрэнныя балы.

Дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк адказаў на прэтэнзіі.

— Ёсць меркаванне, што новая методыка недаацэньвае добра падрыхтаваных абітурыентаў. Лічу, што такое меркаванне некарэктнае, — пракаментаваў ён газеце «Звязда». — Методыка не адбірае балы, яна іх налічвае. Той, хто атрымлівае больш першасных балаў, мае і больш тэставых. Трэба адзначыць, што шкала падліку балаў не з'яўляецца лінейнай. Можна трактаваць гэта з пункту гледжання спорту: апошнія метры перад фінішам самыя каштоўныя. Сёлета мы не ацэньваем кожнае заданне паасобку, бо гэта суб'ектыўна: хтосьці лічыць пэўнае заданне лёгкім, а некаму яно здаецца цяжкім. Таму новая методыка падліку балаў — гэта інструмент адлюстравання паўнаты ведаў, а не пэўных выкананых задач. І сумнення ў яе эфектыўнасці, аб'ектыўнасці не павінна быць ні ў абітурыентаў, ні ў іх бацькоў, настаўнікаў або рэпетытараў.

Таксама абітурыенты павінны ведаць, што часткова правільны адказ — гэта не палова рашэння. Ён дапускае толькі адну памылку.

— Напрыклад, у пэўным заданні часткі «А» павінна быць тры правільныя варыянты адказу. Калі хлопец або дзяўчына адзначае да гэтых трох чацвёрты або дае два правільныя пункты з трох — адказ часткова правільны. Калі ж вызначаецца лішні варыянт, а другі не дапісваецца, заданне не залічваецца.

Юрый Міксюк не адмаўляе, што магчымасць угадаць правільныя адказы існуе, аднак запэўнівае, што яна зводзіцца да мінімуму.

Праўда, практыка паказвае адваротнае. «Наша Ніва» пісала пра мужчыну, які ў якасці эксперыменту запісаўся на ЦТ па кітайскай мове, ведаючы толькі, як па-кітайску будзе «прывітанне». Ва ўсіх варыянтах у раздзеле А ён паставіў другі варыянт, а ў раздзеле Б пісаў адказы наўздагад. У выніку, не ведаючы кітайскай, мужчына набраў 34 балы.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031