Знайсці
25.04.2019 / 06:219РусŁacБел

Польшча спыніла транзіт расійскай нафты з Беларусі па нафтаправодзе «Дружба» з-за яе кепскай якасці

Польшча спыніла прыём расійскай нафты з-за яе нізкай якасці. Адпаведнае апавяшчэнне атрымала ААТ «Гомельтранснафта Дружба», паведамляе Tut.by са спасылкай на прэс-службу кампаніі.

Як інфармаваў аператар польскага ўчастка трубаправода «Дружба» — кампанія PERN S.A., прыём нафты спынены з 22.00 па варшаўскім часе (23.00 па мінскім) 24 красавіка.

«Па паведамленнях, якія атрымліваюцца ад нашых кліентаў, ніводны з НПЗ, якія знаходзяцца на нафтаправодзе «Дружба», не можа прымаць на свае ўстаноўкі і перапрацоўваць нафту з такімі паказчыкамі, з якімі яна цяпер пастаўляецца ў пункт прымання паставак Адамова», — піша PERN.

У паведамленні таксама ўказваецца, што паказчык па масавай долі арганічных хларыдаў у ёй перавышае лімітавы нарматыў да 30 разоў і працяг паставак такой нафты «нараджае рызыку сур'ёзнай прамысловай аварыі, як для НПЗ, так і для лагістычнай сістэмы PERN».

Транзіт нафты ў кірунку Украіны для НПЗ Чэхіі, Славакіі і Венгрыі працягваецца. Некандыцыйная нафта паступіць на пункты здачы нафты ў Венгрыю і Славаччыну за 4—5 дзён, зазначае «Гомельтранснафта Дружба».

Нагадаем, 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэнне» якасці расійскага гатунку Urals, які паступае транзітам па нафтаправодзе «Дружба». У расійскай трубаправоднай манаполіі прызналі наяўнасць праблем і выказалі надзею, што «сітуацыя з якасцю павінна нармалізавацца да панядзелка-аўторка наступнага тыдня».

22 красавіка на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе заявілі, што няякасная расійская сыравіна прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання.

23 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт светлых нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі, а ў «Белнафтахіме» заявілі, што расійская нафта з павышаным утрыманнем хлорарганічных злучэнняў пачала паступаць у Еўропу і Украіну.

24 красавіка на «Нафтане» паведамілі, што па паўночнай галінцы нафтаправода пачалася прапампоўка нафты, якая адпавядае тэхналагічным стандартам. На Мазырскім НПЗ сітуацыя застаецца ранейшай — нафта паступае з павышаным утрыманнем хлорарганікі.

Зрэшты, расійскія эксперты кажуць, што «Мінск занадта драматызуе праблему». Яны ацанілі аб'ёмы сапсаванай нафты на 100—300 тысяч тон. Пры цане на нафту маркі Urals у 71,86 даляра за тону кошт такой колькасці ацэньваецца ў 52,6—158 млн даляраў. Беларусь суму страт ад праблем з якасцю расійскай нафты не агучвала, да яе разліку прыцягнутыя незалежныя эксперты.

24 красавіка «Белнафтахім» паведаміў, што распрацавана схема выцяснення «бруднай» расійскай нафты з беларускага ўчастка нафтаправода «Дружба». Яе аб'ёмы ўжо перавышаюць адзін мільён тон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031