Дзярждэпартамент ЗША: Мы рыхтуем «драконаўскія санкцыі» супраць Расіі
У ЗША запусцілі механізм разгляду пакета мер супраць Расіі, які атрымаў неафіцыйную назву «драконаўскія санкцыі». Пра гэта BBC распавёў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Дэвід Тэслер.
Першы пакет абмежаванняў быў уведзены яшчэ ў канцы жніўня 2018 года як рэакцыя ЗША на атручванне ў Брытаніі былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі малавядомым нервова-паралітычным рэчывам.
Кангрэс даў Расіі 90 дзён на тое, каб растлумачыць сітуацыю з атручваннем Скрыпалёў у Солсберы, а таксама даць гарантыі, што яна больш не будзе вырабляць і выкарыстоўваць хімічную зброю.
«Сёння мы паведамілі Кангрэсу, што расійскі ўрад не выканаў раней агучаныя крытэры. Такім чынам, запускаецца механізм увядзення другога раўнда санкцый», — растлумачыў прадстаўнік Дзярждэпартамента.
Другі пакет санкцый прадугледжвае ўвядзенне жорсткіх абмежаванняў супраць Расіі:
- забарону для амерыканскіх банкаў на даванне крэдытаў ураду Расіі, калі гэта не крэдыты на куплю прадуктаў харчавання або сельскагаспадарчай прадукцыі;
- практычна поўная забарона на ўзаемны гандаль. Выключэнне толькі для экспарту з ЗША тавараў сельскагаспадарчага сектара;
- абмежаванне або замарозка дыпламатычных адносін паміж ЗША і ўрадам Расіі;
- забарона на авіяпералёты кампаніям, якія кантралююцца ўрадам краіны. Пад гэтую норму падпадае «Аэрафлот».
Закон таксама прадугледжвае ўвядзенне персанальных санкцый супраць людзей, якія ўдзельнічалі ў распаўсюджванні хімічнай зброі.
Акрамя таго, паралельна з «драконаўскімі санкцыямі» ў Кангрэсе ЗША разглядаецца і законапраект, які яго аўтары назвалі «санкцыямі з пекла».
У эканамічнай частцы законапраекта змяшчаецца забарона на аперацыі і замарожванне актываў у ЗША сямі расійскіх банкаўскіх структур, якiя ўжо знаходзяцца ў санкцыйным рэжыме, у тым ліку «Сбербанк», ВТБ, ВЭБ і «Промсвязьбанк».
Дакумент прапаноўвае распаўсюдзіць маніторынг парушэння санкцый на дзейнасць страхавых кампаній і іншыя пункты, а таксама прызнаць Расію дзяржавай, што спансіруе тэрарызм.