Знайсці
02.08.2018 / 11:041РусŁacБел

Беларус, якога затрымлівалі за стральбу ў офісе ў Гдыні, падаў сустрэчны пазоў: бо ў яго забралі зброю

Раённая пракуратура ў Гдыні распачала справу аб захопе агнястрэльнай зброі і парушэнні цялеснай недатыкальнасці беларуса Сцяпана Свідзерскага. Заяву падаў сам Свідзерскі, піша tut.by.

Сцяпан Свідзерскі.

Паводле яго слоў, спачатку пракуратура адмовілася распачынаць справу па яго заяве. Гэтае рашэнне было абскарджана ў судзе.

Нагадаем, інцыдэнт са стральбой адбыўся 14 лістапада 2017 года, а 19.00 па польскім часе (у 21.00 — па беларускім) у офісе інфармацыйнага агенцтва Thomson Reuters у Гдыні, дзе малады чалавек працаваў аналітыкам. Ураджэнца Гродна Сцяпана Свідзерскага затрымалі.

Сцяпан у Thomson Reuters больш не працуе. Сябры характарызуюць яго станоўча.

Маладога чалавека абвінавачваюць у замаху на забойства. Абвінавачванне дагэтуль не знятае. Артыкул прадугледжвае санкцыі ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі альбо пажыццёвае зняволенне.

Сцяпан Свідзерскі лічыць сябе невінаватым у тым, што адбылося. Польскі спартыўна-стралковы клуб Ardea на сваёй старонцы ў Facebook распаўсюдзіў заяву, у якой беларус Сцяпан Свідзерскі распавёў, што займаецца спартыўнай стральбой ужо некалькі гадоў. Ён атрымаў дазвол на зброю, вяртаўся з ёй пасля трэніровак на працу.

Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся ў момант, калі зброю, якая ляжала ў футарале, узяў у рукі іншы чалавек.

Па словах Сцяпана, па законе ён павінен сачыць за зброяй і ў выпадку страты вымушаны быў бы адказваць. «На жаль, мае паўторныя заклікі пакінуць зброю і вусныя папярэджання былі неэфектыўныя», — пісаў ён.

Сцяпан адзначаў, што чалавек са зброяй аддаляўся і апынуўся блізка да дзвярэй у калідор, такім чынам узнікла небяспека, што ён знікне з поля зроку.

Сцяпан тлумачыў свае дзеянні клопатам пра зброю. Пры гэтым падкрэсліваў, што стрэліў з-за эскалацыі сітуацыі і спецыяльна страляў так, каб нікога не зачапіць нават выпадкова: «Я ні на каго не нападаў, не пагражаў, з самага пачатку інцыдэнту і да канца я прасіў выклікаць паліцыю, каб вырашыць сітуацыю». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031