Лукашэнка памілаваў мэра Салігорска, прысуджанага паўгода таму за карупцыю да 8 гадоў
У снежні 2017 года суд Мінскай вобласці прысудзіў былога кіраўніка Салігорскага раёна Аляксандра Рымашэўскага да 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а на днях ён, па дадзеных крыніцы TUT.BY, выйшаў на волю.
— Зараз у Салігорску ўсе абмяркоўваюць навіну: Рымашэўскага адпусцілі з калоніі, ён на свабодзе, — паведаміў чытач.
У вёсцы Камень Капыльскага раёна, дзе ў былога чыноўніка ёсць дом, гэтую інфармацыю пацвярджаюць мясцовыя.
— Ён прыехаў у вёску пазаўчора, кажуць, ужо павінен з'ехаць у Брэсцкую вобласць на працу, — распавядае мясцовая жыхарка.
У вёсцы Камень Капыльскага раёна Аляксандр Рымашэўскі калісьці вучыўся ў школе. І менавіта недалёка ад гэтай вёскі 30 мая 2017 года чыноўніка затрымалі на месцы злачынства. У той дзень, па дадзеных абвінавачвання, ён атрымаў 2,7 тысячы даляраў.
Тое, што Рымашэўскі на волі, пацвердзіў і іншы мясцовы жыхар. Сам Аляксандр Браніслававіч не адказвае на званкі.
У пракуратуры Салігорскага раёна, а таксама ў Салігорскім райвыканкаме адмаўляюцца гаварыць на гэтую тэму.
Адвакат Дзмітрый Гарачка, які абараняў падчас працэсу Рымашэўскага, кажа, што ўпершыню чуе пра вызваленне. Ён удакладніў: прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе і пакінуты без зменаў.
Як жа былы чыноўнік мог выйсьці на волю, калі прысуд быў пакінуты ў сіле, а разлічваць на УДВ ён яшчэ не мог? Паводле інфармацыі крыніцы tut.by, Аляксандр Рымашэўскі быў памілаваны прэзідэнтам.
- У наш адрас інфармацыя не паступала, - каментуе Дзмітрый Брылёў, афіцыйны прадстаўнік Генеральнай пракуратуры РБ.