Знайсці
05.06.2018 / 11:2712РусŁacБел

У Магілёве дзеці выйшлі на акцыю пратэсту, бо трэнера забралі ў войска ФОТА

У Магілёве гадаванцы дзіцяча-юнацкай спартовай школы № 1, якія займаюцца тэнісам, засталіся бяз трэнэра. Яго забралі ў войска. Юныя спартоўцы, каб прыцягнуць увагу да таго, што вучыць іх тэнісу няма каму, адрэагавалі флэшмобам. Фатаздымкі зь яго разьмясьцілі ў сацыяльных сетках, піша Радыё Свабода.

Кіраўніцтва ДЮСШ № 1, у якім працуе трэнэр-прызыўнік, заяўляе: у Магілёў спэцыялісты ў тэнісе ня едуць, бо няма крытых кортаў. Забранага ў салдаты трэнэра Канстанціна Цьвяткова спрабуюць вярнуць.

Бацькі юных тэнісістаў у разгубленасьці

На пратэст адважыліся 13 дзетак. Кожны трымаў аркуш паперы з надпісам «Вярніце трэнэра!». Як сьцьвярджаюць бацькі, выказаць гэткім чынам сваё стаўленьне да праблемы дзеці дадумаліся самі. Іх абурыла, што трэнэра забралі ў войска перад самым лягерам. Паводле бацькоў, першыя ў летніку трэнаваньні зь юнымі тэнісістамі праводзілі спэцыялісты ў цяжкай атлетыцы і настольным тэнісе.

«У нас выпытвалі, ці можам мы адшукаць таго, хто мог бы неяк лягер давесьці да канца. Адміністрацыя заклапочаная пошукамі, абяцае, што да 1 верасьня ў нас будзе новы трэнэр. Вядома ж, нас турбуе, што аддзяленьне тэнісу наагул могуць у школе ліквідаваць. З такой сытуацыяй ужо сутыкаліся і год не трэнаваліся», — сказаў Свабодзе адзін з бацькоў.

Бацькі ня ўтойваюць: пра пагрозу прызыву ў войска трэнэра Канстанціна Цьвяткова ведалі, але спадзяваліся, што яму дазволяць адслужыць у рэзэрве. Зь іх ініцыятывы кіраўніцтва ДЮСШ № 1 зьвярнулася ў ваенкамат, каб Канстанціну далі адтэрміноўку на першы летні месяц. У гэты час, пісала ў ваенкамат адміністрацыя школы, праводзіцца летнік, у якім іх трэнэр вучыць тэнісу 14 дзяцей, «за здароўе і жыцьцё якіх ён нясе аднаасобную адказнасьць». Гэта не дапамагло.

Паводле бацькоў, Канстанцін — выпускнік Магілёўскай вучэльні алімпійскага рэзэрву па спэцыяльнасьці трэнэр тэнісу. Па сканчэньні навучальнай установы ён больш за год ня мог знайсьці сабе занятак. Шукала яму працу і маці. Пасьля таго, як жанчына напісала ў Міністэрства спорту і турызму, сыну прапанавалі трэнаваць дзяцей у спартовай школе.

Працаваць хлопец пачаў зь леташняга верасьня. Паводле бацькоў, ён апекаваўся чатырма дзясяткамі дзяцей ад 6 да 12 гадоў. Некаторыя зь іх займаюцца тэнісам не адзін год. Гадаванцы ўпадабалі свайго настаўніка. Былі задаволеныя маладым спэцыялістам і бацькі. Заробак у Канстанціна недацягваў да 400 рублёў.

«За трэніроўкі ён грошы ня браў. Мы з свае ініцыятывы набылі мячы, убачыўшы іх стан. Яны дужа хутка зношваюцца. Куплялі і іншы рыштунак. Самі дамаўляліся з адміністрацыяй сярэдняй школы, каб узімку трэнавацца ў яе залі. Аплачвалі ўдзел у спаборніцтвах. Турнірны ўнёсак — 30-50 рублёў. Цяпер сытуацыя няпэўная. Мы ў разгубленасьці», — адзначыў бацька аднаго зь юных тэнісістаў Дзяніс Окалаў.

Замяніць заняткі ў дзяржаўнай установе на індывідуальныя трэніроўкі ў бацькоў няма грошай. Паводле іх, платныя паслугі ў навучаньні тэнісам дзяцей абыходзяцца ад 50 да 200 рублёў за месяц.

Прызналі «ўхілістам»

З самім Канстанцінам пагутарыць не ўдалося. На тэлефанаваньні ён не адказвае.

Як удалося высьветліць, Канстанцін трапіў у сьпісы «ўхілістаў». Хлопец нібыта парушыў правілы прызыву: не зьявіўся ў ваенкамат, як было пазначана ў позьве. Па яго прыехалі зь міліцыяй, і цяпер ён служыць у Печах. Летась у трэнэра памерла маці.

Дырэктарка спартовай школы: патрэбен крыты корт

Дырэктар ДЮСШ № 1 Юлія Вярхоўцава кажа: аддзяленьне тэнісу наведваюць блізу трох дзясяткаў дзяцей. Канстанцін пасьпеў папрацаваць меней за год. У яго было тры групы дзяцей. Хаця, адзначыла яна, мелася быць пяць, але сфармаваць іх было няпроста, бо ўмовы для трэніровак, асабліва ў зімовы час, былі не зусім добрыя. Зь пяцьцю групамі Канстанцін меў бы заробак у 500 рублёў.

Кіраўніца спартшколы пацьвярджае, што зьвярталася ў ваенкамат, каб Канстанціну далі адтэрміноўку. Забралі трэнэра ў войска, не паведаміўшы пра гэта ва ўстанову, дзе ён працаваў. Пра закрыцьцё аддзяленьня тэнісу Юлія Вярхоўцава не сказала.

Праблему з трэнэрамі яна зьвязвае з адсутнасьцю крытага корту ў Магілёве.

«Мы пісалі і ў Менск, каб прыслалі нам трэнэраў, але ня хочуць да нас ехаць. Няма крытых кортаў, — тлумачыць сытуацыю кіраўніца спартшколы. — Трэнаваньне тэнісу ў спартовых залях школаў — гэта ня справа. У тэнісу павінен быць свой крыты корт круглы год, і мы ня мусіць ад кагосьці залежаць. Усё ўпіраецца, аднак, у фінансы».

Паводле дырэктаркі, да наступнага году крытая пляцоўку для тэнісу можа зьявіцца ў гарадзкім фізкультурна-аздараўляльным клюбе. «Тады нам будзе крыху лягчэй», — заўважыла яна.

Цяпер, каб знайсьці рэкрутаванаму трэнэру замену, вядуцца перамовы з студэнткай 3-га курсу ўнівэрсытэту імя Куляшова. Дзяўчына займаецца тэнісам і можа, на думку дырэктаркі, вучыць дзяцей. Ёй напачатку давераць заняткі ў летніку.

Гадаванцы аддзяленьня тэнісу спартшколы ня раз станавіліся пераможцамі розных турніраў. Сярод прызёраў былі васьмі, — дзесяці, — дванаццацігадовыя спартоўцы.

Фізкультурна-аздараўляльны клюб, які магілёўцам больш вядомы з назвай «Космас-корт», знаходзіцца на гарадзкім ускрайку ў Пячэрскім лесапарку. Раней гэтая ўстанова мела надзіманы крыты корт. Свой рэсурс, аднак, ён выпрацаваў, і яго дэмантавалі. Цяпер узводзяць стацыянарны манэж з трыма кортамі ў ім.

Кіраўніцтва клюбу выказвае спадзеў, што спартовае збудаваньне здадуць да канца году. Будоўля на кантролі ў старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава. Разьлічваць, што крытыя корты будуць бясплатнымі, не выпадае.

Узводзіць іх пачалі ў 2014 годзе, але праз брак сродкаў работы прыпыняліся. Улады разьлічвалі на спонсарскую дапамогу. Паўтара года таму кіраўнік гораду абвясьціў узьвядзеньне тэніснага манэжу «народнай будоўляй». Цяпер на аб’екце ажыўленьне.

Фізкультурна-аздараўляльны клюб мае некалькі адкрытых тэнісных пляцовак. Групы з ахвотнікамі навучыцца тэнісу, паводле кіраўніцтва, цалкам укамплектаваныя.

Дзіцячы абанэмэнт для адкрытага корту на паўтарагадзінныя заняткі тры разы на тыдзень каштуе амаль 90 рублёў.

Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера