Кіраўнік Кобрына выдаліў прапуцінскую старонку ў Аднакласніках і кажа цяпер: «Мае погляды заўсёды пры мне»
«Наша Ніва» пісала, што новым старшынёй Кобрынскага райвыканкама стаў 42-гадовы Міхаіл Грышкевіч. Да гэтага ён узначальваў сельскую гаспадарку «Жураўлінае» ў Пружанскім раёне.
Міхаіл Грышкевіч у фуражцы. Фота з ok.ru.
У спадара Грышкевіча аказалася дзве старонкі ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», куды чыноўнік змяшчаў самы розны прапуцінскі і антыўкраінскі кантэнт. Па стане на раніцу 25 мая адна з старонак Грышкевіча ў «Аднакласніках» была выдаленая. Да другой, магчыма, Грышкевіч страціў доступ.
Мы патэлефанавалі вертыкальшчыку, каб даведацца, ці была нейкая рэакцыя на ягоную старонку і чаму ён вырашыў выдаліць акаўнт.
«А якая вам розніца, я інтэрв’ю нікому не даю», — адказаў ён.
Можа, Грышкевіч змяніў свае погляды?
«Мае погляды заўсёды пры мне, чаму я з кімсьці імі павінен дзяліцца?» — адказвае пытаннем на пытанне кіраўнік Кобрына.
Але навошта тады дзяліўся імі столькі гадоў у «Аднакласніках»?
«Ну, дзяліўся ў «Аднакласніках», цяпер — не. Мае погляды заўсёды пры мне», — у другі раз паўтарыў Грышкевіч.
Мы яшчэ спыталі, ці не перашкаджаюць старшыні памежнага з Украінай раёна такія антыўкраінскія перапосты, якія Грышкевіч дазваляў сабе?
«Я ніякіх каментараў нікому не даю. Гэта, можа, [вы] лічыце, што я кагосьці падстаўляю, я так не лічу», — падсумаваў старшыня Кобрынскага райвыканкама.